Рухавік прагрэсу і стымул для творчасці

- 11:57Якасць адукацыі

Сёння адным са шляхоў удасканалення адукацыйнага працэсу з’яўляецца яго пабудова з выкарыстаннем электронных сродкаў навучання. Прычым педагогі рэспублікі прымяняюць як гатовыя ЭСН, узятыя з самых розных крыніц, напрыклад, размешчаныя на нацыянальным адукацыйным партале, так і распрацаваныя самастойна. Лепшыя распрацоўкі яны прадстаўляюць на Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Так, на мінулагодні конкурс паступіла 226 заявак з усіх рэгіёнаў краіны. Дыпламантамі спаборніцтваў сталі 30 праектаў. Найбольшую колькасць дыпломаў заваявалі прадстаўнікі Гродзенскай вобласці. Конкурс яшчэ раз яскрава засведчыў, што ва ўстановах адукацыі працуюць сотні творчых педагогаў і вучацца тысячы таленавітых вучняў.

Дыпломам І ступені адзначана работа настаўніцы нямецкай мовы Зялёнкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна Віцебскай вобласці Аліны Міхайлаўны Стальмачонак — блог Deutsch im Unterricht.by (http://kinderdeutsch1.blogspot.com.by/).

— У сваёй педагагічнай дзейнасці выкарыстоўваю блогі на працягу трох гадоў, — расказвае Аліна Міхайлаўна. — Навучэнцы ўжо прызвычаіліся да таго, што можна паўтарыць вучэбны матэрыял, выкарыстоўваючы мабільныя прыстасаванні. Размешчаныя ў блогу заданні выкарыстоўваюцца як на ўроках, так і ў якасці дамашняй работы. Рэсурс дазваляе ўвесці і адпрацаваць лексічныя адзінкі па тэме, сфарміра­ваць граматычныя навыкі.

Блог Deutsch im Unterricht.by ўяўляе сабой віртуальны адукацыйны рэсурс, які валодае вялікімі магчымасцямі, для настаўнікаў нямецкай мовы для выкарыстання на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці і навучэнцаў 3—4 класаў. Ён мае прыцягальны дызайн, зручную структуру, што само па сабе выклікае цікавасць у навучэнцаў да яго выкарыстання. Матэрыял на рэсурсе сі­стэматызаваны па класах, па тэмах, па раздзелах. Інтэрактыўныя заданні складзены ў адпаведнасці з падручнікамі, што выкарыстоўваюцца, і адпавядаюць праграмным патрабаванням.

Гэты электронны рэсурс мае на мэце забяспечыць даступ­насць і нагляднасць вучэбнага матэрыялу, надаць працэсу навучання інтэрактыўнасць, аптымізаваць працу настаўніка, паколькі ў наяўнасці ёсць рабочыя, прадметныя карцінкі, якія могуць быць раздрукаваны і раздадзены дзецям для работы. Ён садзейнічае больш трываламу засваенню лексікі, граматыкі і вызваляе значную частку вучэбнага часу для творчай работы па мове, фарміравання камунікатыўных навыкаў. Для стварэння заданняў выкарыстаны шырокі спектр сэрвісаў: LearningApps, Quizlet, Online Test Pad, test.fromgomel. У LearningApps створаны такія віды заданняў, як віктарына з выбарам правільнага адказу, гульня “Парачкі”, класіфікацыя, сарціроўка карцінак, крыжаванка. Quizlet — навучальныя флэш-карты, якія распрацаваны да кожнай лексічнай тэмы, што садзейнічае сістэмнаму фарміраванню слыха-вымаўленчых навыкаў, фарміруе вобраз слова ў памяці дзіцяці. Пры дапамозе канструктара Online Test Pad створаны анлайн-тэсты, якія таксама ўбудаваны ў блог, таму навучэнец імгненна можа бачыць вынік сваіх намаганняў. Некаторыя з тэстаў распрацаваны пры дапамозе генератара test.fromgomel.

Для тэматычнага кантролю настаўнікам могуць выкарыстоўвацца віктарыны Quiz, створаныя ў сэрвісе Quizizz. Віктарыны складзены аўтарам праекта такім чынам, што дапамагаюць у поўнай ступені праверыць аб’ём ведаў па тэме. Сэрвіс прапаноўвае віктарыны як для кожнага з удзельнікаў, так і для групы дзяцей. Можна арганізаваць спаборніцтвы паміж вучнямі. Плюс віктарын у тым, што пасля іх заканчэння можна ўбачыць усе правільныя і няправільныя адказы. Выслаўшы код для гульні, усім удзельнікам можна гуляць аддалена. Акрамя таго, у сэрвісе яскравы інтэрфейс, прыемныя гукавыя эфекты, што выклікае ў малодшых школьнікаў жаданне праця­гваць работу з ім.

На старонцы Kinderlieder дзеці знойдуць песні, якія адпавядаюць тэме заняткаў і ўзросту. Відэакліпы з песнямі ўбудаваны пры дапамозе HTML-кода, таму не парушаюць аўтарскіх правоў. Для самастойнага вывучэння нямецкай мовы могуць быць выкарыстаны праграмы ў рэжыме анлайн, якія рэкамендуюцца аўтарам рэсурсу, спасылкі на дзіцячыя нямецкамоўныя адукацыйныя і забаўляльныя сайты, а таксама спасылкі на мабільныя дадаткі GooglePlay.

Выніковасць праекта ў тым, што ён актыўна наведваецца настаўнікамі і дзецьмі і атрымаў станоўчыя водзывы як ад настаўнікаў раёна, так і на міжнародным узроўні.

— Лічу, вельмі здорава, што ў нас ёсць конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Ён дазваляе педагогам раскрыць свае творчыя здольнасці, прадставіць на ўзроўні рэспублікі свае распрацоўкі, распаўсюдзіць свой вопыт па выкарыстанні ІКТ, запазычыць штосьці ў калег. Што тычыцца педагогаў у цэлым, то яны атрымліваюць гатовы метадычны прадукт, які можна выкарыстоўваць на сваіх вучэбных занятках, — адзначае А.М.Стальмачонак. — Гэты конкурс я б назвала рухавіком прагрэсу ў сферы адукацыі і добрым стымулам для далейшай работы. На конкурсе я сустрэла шмат цікавых людзей, і можна сказаць, што пасля яго ў мяне адкрылася другое дыханне. Зараз я працую над наступным праектам для навучэнцаў 5-х і 6-х класаў, які атрымаў назву Deutschkenner.by. Спадзяюся, што ён стане карысным і запатрабаваным.

Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” праводзіцца ў нашай краіне з 2006 года. Ён мае на мэце павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі і садзейнічанне павышэнню якасці адукацыі шляхам стымулявання педагогаў і навучэнцаў да актыўнага выкарыстання ІКТ, стварэнне ўласных электронных адукацыйных рэсурсаў, распаўсюджванне лепшага інавацыйнага вопыту. За гады свайго існавання конкурс набыў папулярнасць, развіваўся змястоўна, пашыраліся і эвалюцыяніравалі яго намінацыі. так, калі на першым конкурсе ўдзельнікам прапаноўваліся намінацыі “Вэб-праект”, “Праграмны праект”, “Мультымедыйны праект”, то на мінулагодніх спаборніцтвах — “Электронны адукацыйны рэсурс у дашкольнай і пачатковай адукацыі”, “ЭАР у базавай і агульнай сярэдняй адукацыі”, “ЭАР у спецыяльнай адукацыі”, “Праектна-даследчая дзейнасць з выкарыстаннем ІКТ”, “ІКТ у кіраванні адукацыяй”. Традыцыйна спаборніцтвы праходзяць у два этапы: адборачны (завочны) і заключны (вочны). На завочны этап мінулагодняга конкурсу ўдзельнікі прадстаўлялі відэакейс, які змяшчаў сціслае прадстаўленне конкурснай работы (на відэахостынгу YouTube). Такая арганізацыя завочнага этапу дазволіла дасягнуць яго арганізатарам максімальнай адкрытасці.

Конкурсны рух сапраўды зацягвае. Хто хоць раз паспрабаваў прыняць удзел у ім, як правіла, прадстаўляе свае распрацоўкі яшчэ і яшчэ. За апошнія гады чатыры праекты настаўніцы інфарматыкі настаўніка-метадыста сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Святланы Рыгораўны Пузіноўскай былі прадстаўлены на рэспубліканскі конкурс і сталі яго пераможцамі. Вось і летась дыплома І ступені ўдастоены інтэрактыўны дапаможнік па інфарматыцы “Асновы анімацыі”, які педагог зрабіла ў суаўтарстве з дзевяцікласнікам Раманам Злобіным.

— Для таго каб ЭСН быў эфектыўным, неабходна, каб ён не толькі даваў пэўную суму ведаў і навыкаў вучэбнай і практычнай дзейнасці, але і забяспечваў неабходны ўзровень засваення дзякуючы зваротнай сувязі, якая рэалізуецца сродкамі пра­грамы, з’яўляўся інтэрактыўным, — лічыць Святлана Рыгораўна.

У С.Р.Пузіноўскай вялікі вопыт работы ў гэтым напрамку. Яна — кіраўнік вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў, у межах якой праходзіць работа па стварэнні інтэрактыўных ЭСН. За апошнія сем гадоў былі створаны восем вучэбных дапаможнікаў, у тым ліку тры дапаможнікі па інфарматыцы, якія выкарыстоўваюцца для вывучэння графічных рэдактараў, інтэрактыўны анімацыйны дапаможнік па вывучэнні знакаў дарожнага руху ў вучэбным курсе “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”; чатыры ЭСН па вывучэнні тэмы “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання” ў вучэбным курсе “Інфарматыка” для 7—10 класаў.

Інтэрактыўны дапаможнік “Асновы анімацыі” ствараўся з мэтай фарміравання тэарэтычных ведаў і практычных уменняў у галіне камп’ютарнай анімацыі ў вучэбным курсе “Інфарматыка” для 9 класа. Дапаможнік змяшчае вучэбны інтэрактыўны дадатак “Вывучаем інструменты праграмы MacromediaFlash”, 21 заданне для замацавання і кантролю засваення матэрыялу тэмы “Асновы анімацыі” з 220 практыкаваннямі і выніковым тэстам. Распрацоўка забяспечвае варыятыўнасць выканання практычных заданняў навучэнцамі, аўтарызацыю карыстальнікаў, ажыццяўляе кантроль выніковасці выканання заданняў кожным карыстальнікам, дазваляе сабраць інфармацыю аб выніках выканання заданняў навучэнцамі па лакальнай сетцы, захаваць атрыманыя даныя ў тэкставы файл і візуалізаваць іх у выглядзе гістаграмы. Дапаможнік вызначаецца зразумелай і дакладнай структурай, мае зручную сістэму навігацыі, не залежыць ад устаноўленага праграмнага забеспячэння. Яго афармленне вытрымана ў адным стылі, валодае прыцягальным інтэрфейсам, які адпавядае эрганамічным патрабаванням. Усе заданні інтэрактыўнага дапаможніка можна выкарыстоўваць як для індывідуальнай работы навучэнцаў за камп’ютарам, так і ў якасці праграмнага сродку для інтэрактыўнай дошкі. ЭСН ствараўся ў праграме AdobeFlash CS6 з выкарыстаннем мовы праграмавання ActionScript 3.0.

— Дапаможнік актыўна выкарыстоўваўся на ўроках інфарматыкі ў 9-х класах і выклікаў вялікі інтарэс сярод навучэнцаў і педагогаў, — адзначае Святлана Рыгораўна. — Яго прымяненне садзейнічае фарміраванню вучэбна-пазнавальнай матывацыі, станоўчых адносін да прадмета, развіццю навыкаў самакантролю. Ён таксама дазваляе павялічыць аб’ём індывідуальнай і самастойнай работы, арганізаваць сістэматычную работу з вучэбнай інфармацыяй, інтэнсіфікаваць працу настаўніка, прадаставіць педагогу надзейную зваротную сувязь з навучэнцамі і магчымасць аператыўнага кіравання працэсам навучання. Дадатковы станоўчы эфект ад стварэння інтэрактыўных ЭСН бачу і ў прыцягненні навучэнцаў да гэтага працэсу. Яны ўдзельнічаюць у захапляльнай і карыснай дзейнасці. Ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў розных ролях: даследчыка, аналітыка, дызайнера, адміністратара, эксперта, аратара, а таксама магчымасць зносін з равеснікамі.

На падрыхтоўку навучэнцаў да паспяховай прафесійнай дзейнасці, фінансавай бяспекі і дабрабыту, на набыццё ведаў і навыкаў у сферы фінансаў, выпрацоўку фінансавай дысцыпліны, абуджэнне цікавасці навучэнцаў да самастойнага авалодання ведамі ў галіне кіравання асабістымі фінансамі накіраваны праект шостага школьнага дня “На шляху да фінансавай дасведчанасці і эканамічнай культуры” (www.financegram6.blogspot.com.by) настаўніцы інфарматыкі Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці Кацярыны Валер’еўны Латушкі. Ён адзначаны дыпломам ІІ ступені конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

— Навізна і інавацыйнасць праекта заключаецца ў тым, што ён ўстанаўлівае сувязь паміж грашыма і крыніцамі даходаў, дае магчы­масць сфарміраваць уяўленне аб магчымасцях прафесійнага выбару, у тым ліку аб прадпрымальніцкай дзейнасці, чаго так не хапае сучаснаму падлетку, — расказвае аб сваёй распрацоўцы Кацярына Валер’еўна. — У межах праекта ў сетцы інтэрнэт створаны аднайменны блог, на якім сабрана інфармацыя (у выглядзе анлайн-лекцый, інтэрактыўных заданняў, гульняў, відэа, прэзентацый), якая спрыяе фарміраванню навыкаў абыходжання з грашыма, без якіх немагчымы фінансавы росквіт. На старонках адлюстравана тэарэтычнае вызначэнне сутнасці паняцця “фінансавая дасведчанасць”, яго асноў; рэкамендацыі бацькам, вучням па кіраванні асабістымі грашыма; інфармацыя аб школьным клубе, створаным у межах праекта; анлайн-лекцыі і азначэнні такіх паняццяў, як “фінансавая незалежнасць”, “фінансавая абарона” і “фінансавая стабільнасць”. А таксама сакрэты таго, што вылучае паспяховых людзей з асноўнай масы, што дазваляе ім увайсці ў 1% выбітных асоб і дасяг­нуць жыццёвых вышынь; навучальныя і забаўляльныя гульні па фінансавай дасведчанасці; спіс эканамічных прафесій, якія могуць выбраць сённяшнія выпускнікі; цікавыя факты са свету фінансаў; навучальныя мультфільмы, выслоўі для дзяцей і дарослых па тэме праекта; парады па вя­дзенні хатняй бухгалтэрыі, а таксама карысная дзелавая літаратура.

На бакавых панэлях блога размешчаны парады па вядзенні хатняй гаспадаркі і сямейнага бюджэту, рэкамендацыі, на чым варта эканоміць, на чым — не, як вызначыць надзейны банк, ці варта брац­ь крэдыт і інш.; вэб-мікс са спасылкамі на сайты дзеючых банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый краіны, інтэрактыўныя практыкаванні для праверкі сваіх ведаў у галіне фінансаў і інш.

Праект кароткатэрміновы, разлічаны на навучальны год. Яго ўдзельнікі — вучні, іх бацькі і педагогі ўстаноў адукацыі Дзятлаўскага раёна. У межах праекта ў шосты школьны дзень была праведзена анлайн-гульня FinGramGame, якая накіравана на фарміраванне эканамічнай культуры асобы навучэнца, падрыхтоўку да паспяховай прафесійнай дзейнасці, забеспячэнне дадатковай занятасці навучэнцаў у шосты школьны дзень. Гульня праходзіла дыстанцыйна, анлайн і прадугледжвала выкананне камандамі-ўдзельніцамі інтэлектуальна-творчых заданняў (віктарын, крыжаванак, інтэрактыўных заданняў і інш.) у 5 этапах.

К.В.Латушка пераканана, што веды, уменні і навыкі, набытыя вучнямі, дадуць доўгачасовыя перспектывы, дапамогуць сённяшнім навучэнцам стаць больш упэўненымі, мэтанакіраванымі і адказнымі дарослымі ў будучыні, якія зробяць уклад у развіццё прадпрыемства ці арганізацыі, у якіх будуць працаваць, або адкрыць сваю справу і паспяхова весці бізнес, спрыяючы росквіту месца пражывання і краіны.

— Для мяне ўдзел у конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” — гэта імкненне даказаць самой сабе, што я сапраўды штосьці магу, гэта бясцэнны вопыт, гэта штуршок да далейшай дзейнасці. У 2016/2017 навучальным годзе работа па арганізацыі праектнай дзейнасці ў шосты школьны дзень працягваецца. Ужо рэалізаваны праект па полікультурным выхаванні “А сонца свеціць усім аднолькава”, які стаў пераможцам раённага этапу і прызёрам абласнога (дыплом ІІІ ступені) конкурсу, — падкрэслівае Кацярына Валер’еўна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.