Ружы водар і… смак

- 11:12Якасць адукацыі

У Мінску прайшоў Міжнародны хлебны салон, у рамках якога была адкрыта харчовая выстава-кірмаш “Прадэкспа” і праводзіўся Міжнародны чэмпіянат кандытарскага мастацтва.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел не толькі прафесійныя кандытары нашай краіны і замежжа, але і навучэнцы і майстры вытворчага навучання з 15 навучальных устаноў прафесійнай адукацыі і УВА Беларусі. На конкурсных пляцоўках знайшлі сваё творчае ўвасабленне каля100 арт-работ, сярод якіх былі цукровыя кветкі, неверагодныя вырабы з шакаладу, марцыпана і пасцілажу, эксклюзіўныя шматпавярховыя тарты, рознакаляровыя пернікі, быў прадэманстраваны цудадзейны карвінг. У рамках мерапрыемства было прадстаўлена хлебапякарнае, гандлёвае, халадзільнае абсталяванне, абсталяванне для нарэзкі і ўпакоўкі, прэзентаваны комплексныя праекты па аснашчэнні прадпрыемстваў, а таксама праведзены семінары і канферэнцыі.

Адным з арганізатараў форуму выступіў навуковы вытворча-практычны часопіс “Пекар & Кандытар” на чале з яго галоўным рэдактарам экспертам прафесійнай кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” WorldSkills Л.А.Аўсяннікавай.

Усе, хто цікавіцца рабочай прафесіяй і марыць атрымаць неабходныя навыкі ва ўстановах прафесійнай адукацыі, маглі азнаёміцца з праграмамі падрыхтоўкі кадраў, пагутарыць з педагогамі навучальных устаноў падчас правядзення так званай “Лінейкі ўніверсітэтаў і каледжаў”. У пачатку лінейкі сваю экспазіцыю прадставіў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, які з’яўляецца пачынальнікам у нашай краіне руху WorldSkills з мэтай павышэння ўзроўню падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з сусветнымі стандартамі. Адзін са стэндаў экспазіцыі ўпрыгожыў выраб з шакаладу беларускі Златы Шпак, якая прадстаўляла нашу каманду на WorldSkills-2017 у Абу-Дабі.

У праграме Міжнароднага хлебнага салона былі і майстар-класы, іх праводзілі знакамітыя беларускія кандытары, а таксама педагогі навучальных устаноў, якія не адставалі па ўзроўні ад маэстра кандытарскага мастацтва. Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Маладзечанскі дзяржаўны каледж, Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны ПТК праводзілі майстар-класы па стварэнні дробных кандытарскіх вырабаў для ўпрыгожвання пірожных і тартоў. Майстар вытворчага навучання В.Б.Канапелькіна са Слуцкага дзяржаўнага каледжа правяла майстар-класы “Мастацкая работа з агародніны і садавіны (карвінг)” і “Мастацкая работа з халодных харчовых прадуктаў”, а яе калегі з гэтага ж каледжа В.У.Даніленка — майстар-клас “Мастацкая кампазіцыя з цеста” і І.І.Рудзеня —“Хлебабулачныя вырабы здаровага харчавання. Пячом прафесійна”.

Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй удзельнічаў у майстар-класе па карвінгу, сервіроўцы стала і складанні тканінавых сурвэтак. Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі, філіял РІПА Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж удзельнічалі ў майстар-класе “Варыянты вырабаў з пластавага цеста”.

Намеснік дырэктара Слуцкага дзяржаўнага каледжа А.М.Матусевіч расказала, што ў конкурсе прафесійнага майстэрства кандытараў “Урачыстасць стылю і густу” прынялі ўдзел навучэнцы і майстры вытворчага навучання каледжа. Па выніках спаборніцтва прадстаўнікі слуцкай установы сталі ўладальнікамі чатырох залатых і двух сярэбраных медалёў. У намінацыі конкурсу “Карвінг. Мастацкая нарэзка агародніны і садавіны” прымала ўдзел навучэнка каледжа Таццяна Цімафеева, якая вучыцца на 1 курсе і атрымлівае спецыяльнасць кухара. Гэта вельмі творчая дзяўчына, яна любіць прыгажосць і імкнецца прыўнесці яе ў сваю будучую прафесію. З першага дня вучобы Таццяна прыйшла ў аб’яднанне па інтарэсах “Аматары карвінгу”, дзе праявіла вялікую цікавасць да гэтай справы. На конкурс Т.Цімафеева прадставіла кветкавую кампазіцыю, якая раскінулася на люстэрку. Ружы і вяргіні, выразаныя з буракоў, удала кантраставалі з беласнежнымі дайкон камеліямі, вырабленымі з рэдзькі. Побач з люстраной паверхняй узвышаліся выразаныя з гарбуза вазы з букецікамі руж, зробленымі з морквы і дапоўненымі вытанчанымі лісцікамі з агурка. Ад усяго ўбачанага проста займала дух.

— Карвінг з’яўляецца адным з самых яркіх відаў мастацкай творчасці, які вельмі прыцягвае навучэнцаў, — расказала В.Б.Канапелькіна, майстар вытворчага навучання Слуцкага дзяржаўнага каледжа, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Аматары карвінгу”. — Ён дае ўнікальную магчымасць навучыць іх ручной працы, развівае ўвагу і ўседлівасць, выхоўвае эстэтычны густ, пашырае творчы кругагляд.

Вольга Барысаўна майстэрства карвінгу засвоіла ў сферы грамадскага харчавання, дзе доўгі час працавала. Калі прыйшла працаваць у каледж, адразу загарэлася жаданнем навучыць сваіх выхаванцаў гэтаму чароўнаму майстэрству. За час работы творчага аб’яднання сотні навучэнцаў атрымалі ўменні неверагодна ўпрыгожваць стравы. Многія выхаванцы В.Б.Канапелькінай сталі пераможцамі прэстыжных конкурсаў. Акрамя таго, яна праводзіць у каледжы семінары па карвінгу для работнікаў грамадскага харчавання Слуцка і іншых гарадоў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.