Рыхтаваць свае кадры: як падтрымліваюць маладых спецыялістаў у Веткаўскім раёне

- 9:00Главная, Образование

“З маладымі спецыялістамі трэба працаваць, калі яны яшчэ студэнты. Асабліва з тымі, хто вучыцца па мэтавым дагаворы”, перакананы старшыня Веткаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Васіль Самкоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Разам з Васілём Васільевічам і начальнікам аддзела адукацыі Веткаўскага райвыканкама Таццянай Помазавай мы адпраўляемся ў аграгарадок Радуга. У мясцовую школу нядаўна размеркавалася настаўніца матэматыкі Дар’я Казубанава. Дзяўчына родам з Веткі, дзе ў свой час вучылася ў школе № 1. Факультэт матэматыкі і тэхналогій праграмавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Дар’я скончыла з чырвоным дыпломам. Ужо з 3 курса яна стала працаваць у гомельскай школе і мела магчымасць застацца ў абласным цэнтры. Тым не менш выбрала Радужскую сярэднюю школу. Матэрыяльны аспект стаў адным з галоўных аргументаў:

“Са мной заключылі кантракт на 5 гадоў. Мне выплацілі 200 базавых велічынь за работу ва ўстанове, размешчанай у зоне радыеактыўнага забруджвання з правам на адсяленне. І яшчэ 60 базавых — гэта аднаразовая выплата за заключэнне кантракта ў зоне радыеактыўнага кантролю з правам на адсяленне. 260 базавых велічынь — нядрэнны пачатак працоўнай дзей­насці”.

Малады спецыяліст настаўнік матэматыкі Дар’я Казубанава і дырэктар Радужскай сярэдняй школы імя Міхаіла Рыгоравіча Батракова Яна Ісачанка

“Дарэчы, калі Дар’я, адпрацаваўшы першы пяцігадовы кантракт, пагодзіцца на другі аналагічны, яна атрымае 300 базавых велічынь, — уключаецца ў гутарку Васіль Васіль­евіч. — І гэта яшчэ не ўсё. Пасля першага года адпрацоўкі малады спецыяліст атрымлівае 21 базавую стаўку. Пасля другога года адпрацоўкі — 23 базавыя стаўкі, а пасля трэцяга года — 24,5”.

Дар’я Сяргееўна тым часам заўважае, што грошы — гэта важна, але не менш значна для яе і зручны графік работы. Радужская сярэдняя школа працуе ў адну змену, і дзяўчына адразу пасля абеду можа паехаць у Гомель, дзе на гэты момант наймае жыллё: “У маіх былых аднакурснікаў, якія працуюць у гомельскіх школах, вельмі шмат “фортачак” у раскладзе, і дзень разбіты. А яшчэ тут у класах невялікая коль­касць вучняў. Можна кожнаму дзіцяці ўдзяліць увагу. У мяне, напрыклад, 5 вучняў у 10 класе і 15 — у 8-м. У будучыні хацелася б атрымаць кватэру ў Ветцы”.

Як мару Дар’і зрабіць рэальнасцю, дакладна ведае Васіль Самкоў: “Нічога складанага. Трэба адпаведныя даведкі са­браць. Увесь спіс я падкажу. Напішаце заяву, станеце на ўлік. Калі малады спецыяліст не ўступіў у шлюб, атрымлівае аднапакаёвую арэндную кватэру. Калі ўступіў — двухпакаёвую. Сёння мы гарантуем маладым спецыялістам атрыманне добраўпарадкаванага жылля пад ключ за кошт сродкаў, накіраваных на ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС. За арэнду трэба плаціць усяго Br26. Маладыя спецыялісты мінулага года ўжо амаль усе забяспечаны арэндным жыллём, і цяпер мы падаём дакументы на выпускнікоў УВА 2023 года. У Ветцы генеральным праектам запланавана да 2025 года пабудаваць 8 шматкватэрных дамоў. У нас у Веткаўскім раёне 99% маладых спецыялістаў забяспечаны жыллём.  1% — гэта тыя, хто ажаніўся і з’ехаў па сямейных прычынах”.

Дырэктар Радужскай сярэдняй школы імя Міхаіла Рыгоравіча Батракова Яна Ісачанка пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны ў 2008 годзе па размеркаванні трапіла ў Хальчанскую базавую школу. З таго часу мае вопыт работы намеснікам дырэктара і загадчыкам метадычнага кабінета. Яна Ігараўна пераканана, што зарплата ў справе матывацыі маладога чалавека не самае галоўнае: “Каб праца­ваць у адукацыі, важна мець ціка­васць. Калі яна ёсць, спецыяліст будзе развівацца. Наша дзяржава ро­біць усё для замацавання маладых спецыялістаў на першых рабочых месцах. У фінансавым плане велізарная падтрымка — памятаю па сабе. Важная і магчымасць ільготнага крэдытавання. Такі крэдыт можна браць на працягу двух гадоў пасля працаўладкавання ў статусе маладога спецыяліста. Выплачваецца ён 5 гадоў з адтэрміноўкай паўгода. Плаціць зусім мала. Вядома, і прадастаўленне арэнднага жылля моцна ўплывае на замацаванне маладых людзей”.

Дар’я Казубанава адзначае, што перад пачаткам работы на агульнай сустрэчы маладым настаўнікам дакладна растлумачылі, як забяспечваюцца законныя правы спецыялістаў на першых працоўных месцах: “Нам растлумачылі вельмі шмат сацыяльных момантаў, важных для жыцця”.

Таццяна Помазава дадае, што ў тлумачальнай рабоце з маладымі кадрамі многа ўвагі ўдзяляецца метадычнаму суправаджэнню: “Супрацоўнікі метадычнага кабінета, дасведчаныя намеснікі дырэктара падрыхтавалі прэзентацыю і раздатачны матэрыял па вядзенні школьнай дакументацыі. Для маладых настаўнікаў сапраўды важна ведаць, як правільна запоўніць журнал і іншыя дакументы. Учарашнім студэнтам патрэбна і маральная падтрымка старэйшых калег”.

“Тлумачым падрабязна, як фарміруецца заработная плата педагога і што азначае кожная лічба ў іх разліковым лістку, — адзначае Васіль Самкоў. — Маладыя спецыялісты ўпершыню даведваюцца, што такое аклад, прэмія, матэрыяльная дапамога, выплаты па кантракце, за класнае кіраўніцтва. Таксама падрабязна знаёмім іх з калектыўным дагаворам, правіламі ўнутранага распарадку, службовай інструкцыяй, дакументамі па ахове працы. Што тычыцца прафсаюзнай работы — асобная гутарка пра абарону сацыяльна-эканамічных правоў. Практыка паказвае, што ўсё трэба вельмі падрабязна тлумачыць”.

Таццяна Помазава, Васіль Самкоў і Дар’я Казубанава

Тым часам з юнай настаўніцай матэматыкі Дар’яй Сяргееўнай гутарка заходзіць пра адаптацыю ў новым калектыве Радужскай школы, дзе цяпер 23 педагогі вучаць 105 школьнікаў.

“Калектыў вельмі камфортны, усе падтрымліваюць, — запэўнівае дзяўчына. — Мяне прынялі вельмі добра. Калі ўзнікалі пытанні, калегі і адміністрацыя дапамагалі і падказвалі. Якія цяжкасці? Выкладанне ў школе ідзе на беларускай мове. Звярталася па дапамогу да настаўнікаў беларускай мовы, і цяпер праблем няма. Я матэматыку выкладаю ў 5, 8, 9 і 10 класах. Яшчэ вяду інфарматыку з 8 па 11 клас, а таксама чарчэнне ў 10 класе. Так, самой рыхтавацца да ўрокаў трэба шмат. Але мне цікава, я пачала падрыхтоўку вучня 5 класа да прадметнай алімпіяды. Таксама займаюся з вучнямі 9 класа падрыхтоўкай да выпускных экзаменаў”.

Настаўніцтва — тэма, якую ўвесь час трымае на кантролі начальнік аддзела адукацыі Таццяна Помазава. Кіраўнік адзначае, што дапамога маладым спецыялістам аказваецца ўсебаковая: “За кожным у калектыве замацаваны дасведчаны настаўнік. Неабходныя нумары тэлефонаў ёсць на стэндах у кожнай з 28 устаноў адукацыі нашага раёна. Вядома, абавязкова тлумачым правілы паводзін у школе, прынятыя Міністэрствам адукацыі. У школе патрэбны выхаваныя і яркія асобы, здольныя захапіць, матываваць кожнага вучня”.

Маладыя педагогі ў Веткаўскім раёне акружаны апекай і клопатам прафсаюза адукацыі. Васіль Самкоў расказвае, што сёлета ў сістэму адукацыі раёна прыйшлі 15 маладых спецыялістаў, 9 з іх — выхадцы Веткаўшчыны, 6 — мэтавікі, 7 чалавек толькі атрымалі мэтавыя накіраванні на вучобу.

“Частка ўстаноў адукацыі ў нас знаходзіцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання. Ёсць вельмі аддаленыя населеныя пункты — ад 45 да 69 км ад Веткі. Вядома, мы зацікаўлены ў тым, каб спецыялісты, якія адтуль родам, там і заставаліся. Напрыклад, у школе аграгарадка Вялікія Нямкі, які знаходзіцца на мяжы з Расійскай Федэрацыяй, працуюць усе былыя выпускнікі. Яны выхо­дзяць замуж, жэняцца, там жа будуюць жыллё. У вёсцы вакол установы адукацыі ідзе ўсё жыццё. Таму важна, каб у сельскай мясцовасці затрымлівалася як мага больш сваіх таленавітых адукаваных педагогаў. Дзіця хоць у Ветцы, хоць у Вялікіх Нямках, Неглюбцы ці Свяцілавічах павінна быць усебакова і глыбока адукавана. Трэба рыхтаваць свае кадры — іншага нам не дадзена. Дарэчы, 93% супрацоўнікаў адукацыі ў Веткаўскім раёне заключылі пяцігадовыя кантракты. Многія ўжо атрымалі апошнюю выплату ў 300 базавых велічынь”, — адзначыў Васіль Самкоў.

Начальнік аддзела адукацыі Веткаўскага райвыканкама Таццяна Помазава ўпэўнена, што маладым спецыялістам вельмі важна давяраць: “Пры сустрэчы з юнымі настаўнікамі заўсёды кажу: вы на працягу двух гадоў можаце стаць і завучамі, і дырэктарамі. І ў нас ёсць такія прыклады. На маладых мы арыентуемся. Усе нашы кіраўнікі актыўна працуюць з маладымі”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара