Рыхтуемся да водгуку

- 12:58Рознае, Якасць адукацыі

Водгук выкарыстоўваецца як адно з асноўных заданняў на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. Гэта своеасаблівы зрэз, які паказвае падрыхтаванасць школьніка да ўспрымання мастацкага твора і яго аналізу, ступень валодання вучнем пісьмовай формай мовы.

Падрыхтоўка да напісання водгуку патрабуе ад настаўніка высокага педагагічнага майстэрства, бо школьнік паказвае свае здольнасці і ўменні, узровень літаратурнага развіцця, якога ён дасягнуў пад непасрэдным кіраўніцтвам выкладчыка.

Водгук на літаратурны твор разглядаецца як жанр творчай работы, які мае свае разнавіднасці. Вучні выкарыстоўваюць розныя віды водгукаў: ліст да аўтара, замалёўка, верш, навела, эсэ, дзённік, рэпартаж.

Традыцыйна водгукі пішуцца ў форме сачынення-разважання. Гэты від дзейнасці дапамагае настаўніку вызначыць асаблівасці ўспрымання навучэнцамі літаратурнага твора як на этапе першапачатковага самастойнага чытання, так і пасля аналізу твора на ўроку, прасачыць рост чытацкай культуры, узровень сфарміраванасці ўменняў самастойна аналізаваць і ацэньваць мастацкія творы.


Водгук — самы цікавы від дзейнасці з прапанаваных на алімпіядзе, але разам з тым і самы складаны. У чым жа складанасць? У тым, што трэба навучыць дзіця мысліць самастойна, не баяцца выказаць свае меркаванні, не выкарыстоўваць штампы, завучаныя фразы. Пачынаць гэтую работу трэба ўжо з 5 класа, паступова, крок за крокам, вучыць школьніка не пераказваць прачытаны твор, а аналізаваць яго. Урок выразнага чытання можна рабіць займальным і цікавым, выкарыстоўваючы лінгвістычны аналіз літаратурнага твора. Не трэба даваць складаную тэрміналогію ў поўным аб’ёме, можна выкарыстоўваць тэрміны, зразумелыя для гэтага ўзросту (метафары, эпітэты, параўнанні, паўторы і г.д). Дзеці павінны вызначыць тэму твора, знайсці ключавую фразу, у якой змешчана асноўная думка твора. Затым варта даць магчымасць кожнаму жадаючаму выказацца самастойна, выслухаць усе меркаванні, абагульніць інфармацыю і зрабіць выснову. Няхай гэта зробяць дзеці. Спачатку гэта будзе няўмела, але потым больш дасканала. У выніку вы атрымаеце цікавыя думкі і арыгінальныя меркаванні, дзеці не будуць заціснутыя, і гэта дасць магчымасць падрыхтавацца да пісьмовай формы выказвання. Гэта першы этап падрыхтоўкі да напісання водгуку.

Другі этап — навучанне школьніка выказваць свае думкі ў пісьмовай форме. З якой праблемай мы можам сутыкнуцца на гэтым этапе? Самае складанае для дзяцей — выказацца, захоўваючы лагічнасць і паслядоўнасць думак. Вельмі часта можна сустрэцца з няўменнем пераходзіць ад адной часткі разважання да другой — дзеці хочуць выказаць усё і адразу. Іншым разам атрымліваецца, што кожная частка водгуку жыве самастойным жыццём, а яны павінны быць адным цэлым. Для гэтага трэба дэманстраваць дзецям як мага больш узораў напісаных водгукаў, каб яны такім чынам назапашвалі вопыт.

Для таго каб водгукі былі цікавымі і арыгінальнымі, трэба мець вялікі чытацкі вопыт. На жаль, наша праграма і гадзіны, прадугледжаныя ёй, не дазваляюць настаўніку поўнасцю выконваць гэтае патрабаванне. Як быць? Выхад ёсць. Творчы настаўнік павінен сам мець багаты чытацкі досвед і прапаноўваць дзецям чытаць цікавыя сучасныя творы, а пасля на ўроках пазакласнага чытання дзяліцца ўражаннямі, абмяркоўваць іх. Такі падыход дасць свой плён.

На трэцім этапе вучні ўжо ўдасканальваюць сваё майстэрства напісання водгуку. Школьнік павінен выказваць уласныя меркаванні, раскрываць мастацкі змест твора, ацэньваць учынкі і паводзіны герояў зыходзячы з мастацкай фактуры твора. Цэняцца работы, дзе вучні ў якасці аргументаў прыводзяць шмат цытат. Але больш увагі трэба ўдзяляць не колькасці, а якасці цытавання. Цытаты — паказчык чытацкага вопыту, а іх якасць — інтэлекту гаворачага. Але цытаванне набліжае водгук да рэцэнзіі, вызначыць дакладную мяжу паміж водгукам і рэцэнзіяй становіцца вельмі складана. Каб водгук не стаў рэцэнзіяй, трэба арыентаваць вучня на эмацыянальнасць, вобразнасць, нязмушанасць уласных ацэнак у водгуку.

На нашу думку, спецыфіка напісання водгуку заключаецца ў тым, каб гарманічна спалучыць два супрацьлеглыя пачаткі: філалагічную зададзенасць у інтэрпрэтацыі твора з лёгкасцю, нязмушанасцю чытацкай думкі.

Такім чынам, работа над падрыхтоўкай да водгуку — працэс складаны, але цікавы як для вучня, так і для настаўніка.

Ірына ПАНЯКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 56 Гомеля.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.