Учора ў Нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа” пачала работу ХІ Міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш “Свет дзяцінства”. Выстава аднолькава цікавая дзецям і дарослым, яна з першых хвілін акунае кожнага наведвальніка ў захапляльны і бязмежны свет дзяцінства.
Правядзенне гэтай выставы стала ўжо добрай традыцыяй. Яе чакаюць як вытворцы і рэалізатары прадукцыі для дзяцей, так і спажыўцы. Яно і не дзіўна: на адной пляцоўцы можна пазнаёміцца з велізарнай лінейкай тавараў і паслуг для дзяцей, прычым дзяцей самага рознага ўзросту.
Сёлета ўдзельнікамі выставы сталі 160 прадстаўнікоў бізнесу і дзяржаўных арганізацый. Дзякуючы гэтаму спектр тавараў і паслуг даволі шырокі. Гэта адзенне і абутак для дзяцей, тавары для немаўлят, дзіцячае харчаванне, кнігі і дапаможнікі, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, мэбля для дзіцячых пакояў, школьна-пісьмовыя прылады і, канечне ж, гульні і цацкі.
На апошнім, дарэчы, хацелася б спыніцца асобна. Апошнім часам вытворцы імкнуцца прапанаваць сваім пераборлівым маленькім спажыўцам не проста цацкі для забавы, але і разнастайныя тавары для развіцця здольнасцей — тэхнічных, творчых, інтэлектуальных. І, варта думаць, гэта даспадобы не толькі дзецям, але і іх бацькам. Так, падчас выставы дарослыя наведвальнікі, падыходзячы да многіх стэндаў з цацкамі, заміралі з такім жа захапленнем, як і малыя. Напрыклад, таты з захапленнем назіралі за тэхнічнымі гульнявымі навінкамі — разнастайнымі машынамі, верталётамі на пультах кіравання, мамы ж аддавалі перавагу шматлікім творчым гульням, развіваючым кніжкам. Асобна былі прадстаўлены інтэлектуальныя гульні для падлеткаў — гэта адно з апошніх захапленняў сучасных школьнікаў і моладзі.
Зрэшты, прывабліваюць наведвальнікаў на выставе не толькі прадстаўленыя тавары, але і паслугі для дзяцей. Так, традыцыйна на выставе прысутнічаюць прадстаўнікі вядучых цэнтраў творчасці для дзяцей. Дзеці і іх бацькі могуць пазнаёміцца з дзейнасцю гэтых устаноў, паўдзельнічаць у шматлікіх майстар-класах, выбраць кірунак, які падабаецца, каб у далейшым стаць добрым сябрам гэтых устаноў. Адметна, што апошнім часам на рынку і, адпаведна, на выставе з’яўляецца ўсё больш камерцыйных сямейных цэнтраў, якія прапаноўваюць цікавыя, творчыя, карысныя заняткі для ўсёй сям’і — майстар-класы па творчасці, сумесны актыўны адпачынак, праграмы па развіцці бацькоўскіх навыкаў. Адным словам, відавочна: рынак паслуг для дзяцей і сям’і ў цэлым актыўна развіваецца.
Акрамя таго, кожны наведвальнік выставы мае рэальны шанс атрымаць бясплатныя кансультацыі вядучых спецыялістаў. Традыцыйна на мерапрыемства запрашаюцца стаматолагі, артапеды, педыятры і інш. А таксама лагапеды, псіхолагі і педагогі. Маленькія наведвальнікі выставы з задавальненнем прымаюць удзел у арганізаваных для іх майстар-класах і вясёлай забаўляльнай праграме.
Дзелавая і забаўляльная праграмы выставы заслугоўваюць асобнай увагі. Так, дарослыя наведвальнікі могуць стаць удзельнікамі многіх адукацыйных семінараў і даведацца, напрыклад, пра тое, як выбраць найбольш бяспечныя тавары для дзяцей, як абараніць дзяцей ад уздзеяння небяспечных рэчываў і інш. Для маленькіх жа наведвальнікаў прадугледжаны самыя разнастайныя забавы — ад школы чараўнікоў да пошукава-забаўляльнай дэтэктыўнай сагі.
Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алена ІГНАТОВІЧА.