С.Н.Князеў: “Менавіта прыцэльнасць дапамагае зрабіць многае”

- 10:37Суразмоўца

Міжнароднаму ўніверсітэту “МІТСО” акурат заўтра спаўняецца 85 гадоў. Яго гісторыя пачалася 15 сакавіка 1930 года, спачатку як Вышэйшай школы прафсаюзнага руху, затым як Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін, які ў 2011 годзе ператварыўся ва ўніверсітэт. “Выспеў”, як гаворыць рэктар універсітэта, доктар юрыдычных навук, прафесар Станіслаў Нiкiфаравiч Князеў. З нагоды свята рэктар “МІТСО” расказаў нам, што сабой сёння ўяўляе ўніверсітэт і якія перспектывы чакаюць вышэйшую навучальную ўстанову ў найбліжэйшы час.

— Станіслаў Нiкiфаравiч, скажаш “МІТСО” — і адразу хочацца дадаць — міжнародны ўніверсітэт. Што азначае такі статус для ўніверсітэта, якія абавязкі накладвае?
— Права называцца міжнародным, з аднаго боку, даюць нам актыўныя міжнародныя стасункі (толькі замежных універсітэтаў-партнёраў у нас 40), з другога, навучанне студэнтаў-замежнікаў. Да нас з задавальненнем еду ць вучыцца прадстаўнікі 14 краін: Расіі, Украіны, Малдовы, Італіі, Казахстана, Ізраіля і інш. Хутка прыедуць в’етнамцы.
Да таго ж нашы студэнты самі актыўна ездзяць за мяжу. І для стажыроўкі, і для ўдзелу ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах. У студзені і лютым мы паспелі пабываць у Парыжы, ва Упсале (Швецыя). Зараз нашы магістранты прымаюць уд зел у Міжнародным конкурсе па інвестыцыйным арбітражы, які праходзіць у Франкфурце-на-Майне. Наогул, за год каля 250 нашых студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў выязджаюць, каб увабраць лепшы замежны вопыт і прыехаць з ім у Беларусь.
На наш статус міжнароднага ўніверсітэта працуе і той факт, што “МІТСО” ўваходзіць у Міжнародную Асацыяцыю Універсітэтаў пры ЮНЕСКА. Ад нашай краіны ў гэтую асацыяцыю ўваходзяць усяго два ўніверсітэты — БНТУ і мы. “МІТ СО” ўдзельнічае і ў Балтыйскай універсітэцкай праграме.
Таксама мы маем эксклюзіўнае права сертыфікаваць веды замежных моў на тэрыторыі не толькі Беларусі, але і ўсёй прасторы СНД. І гэта пры наяўнасці лінгвістычнага ўніверсітэта ў нашай краіне.
Маем мы і міжнародны сертыфікат якасці адукацыі. Штогод да нас прыязджае міжнародная камісія, якой мы здаём іспыт. Па яго выніках робіцца заключэнне, ці вартыя мы чарговы раз атрымаць гэты сертыфікат.
Дарэчы, міжнародным мы сталі даўно. Спачатку — інстытутам, затым — універсітэтам. Абрэвіятуру “МІТ СО”, якая расшыфроўваецца як Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін, вырашылі пакінуць як брэнд.

— “МІТСО” імкнецца адпавядаць самым высокім сусветным стандартам у адукацыі. Што ўяўляюць сабой гэтыя стандарты і што робіць універсітэт, каб даваць адпаведную адукацыю?
— Многія ўніверсітэты свету ператвараюцца ў смарт-, або, як яшчэ іх называюць, электронныя ўніверсітэты (“смарт” перакладаецца як разумны, энергічны, заснаваны на інтэлектуальных сістэмах). Мы таксама на гэтым шляху. Так, у нас падрыхтавана 70% электроннага кантэнту, які можам выкарыстоўваць пры дыстанцыйным навучанні. Прымяняем мы і новыя методыкі, напрыклад, кейс-тэхналогіі.
Акцэнт робім і на замежную мову. У апошні час веданне замежнай мовы ператвараецца ў спадарожныя веды да якойсьці прафесіі. Прыблізна чацвёртая частка нашых выкладчыкаў вывучае мовы іншых краін. Прычым гэта мы ім аплачваем. Я сам, напрыклад, добра ведаю нямецкую мову, аднак дадаткова вывучаю англійскую, бо гэта мова міжнародных зносін, яе веданне дапамагае знаёміцца з новымі тэхналогіямі ў адукацыі.
Таксама ўніверсітэт стараецца ў якасці выкладчыкаў падбіраць вядомых навукоўцаў і вядомых практыкаў. Калі, напрыклад, лекцыю чытае генеральны пракурор, студэнты іншы раз стая ць у калідоры, каб паслухаць. Чалавек дабіўся поспеху — гэта па-першае, па-другое, глыбока ведае юрыдычную праблематыку. У 2012 годзе я выступаў з трыбуны ААН. Ведаю, што для студэнтаў гэта цудоўны прыклад, куды рухацца, што пераймаць.

— Станіслаў Нiкiфаравiч, “МІТСО” стаў аўтарам і арганізатарам найбуйнейшай у Еўропе Міжнароднай юрыдычнай алімпіяды “Моладзь за мір”, якая ўваходзіць у тройку прэстыжных еўрапейскіх конкурсаў па міжнародным праве. Якімі яшчэ праектамі, уласнымі дасягненнямі ганарыцца “МІТСО”?
— Дзясяты раз мы будзем праводзіць гэтую алімпіяду. Штогод прыязджаюць каманды з 27 краін свету. Суддзямі выступаюць эксперты з розных краін — Расіі, Нарвегіі, Японіі і інш.
Гэтае спаборніцтва мы пачыналі як трэніровачнае, каб не страціць форму перад нацыянальным конкурсам, затым еўрапейскім, а потым і сусветным, які праводзіцца ў Вашынгтоне. Атрымалася выдатная алімпіяда, на якую прыязджаюць з задавальненнем. Яна мае шмат станоўчых водгукаў.
Дарэчы, каманда “МІТСО” на алімпіядзе “Моладзь за мір” выступае па-за конкурсам. Аднак аб веданні нашымі студэнтамі міжнароднага права мяркуйце самі: мы чацвёрты раз перамаглі ў Нацыянальным раўндзе конкурсу па міжнародным праве імя Філіпа Джэсапа. На сусветных раўндах у Вашынгтоне ў мінулым годзе з 268 каманд у адной з намінацый занялі 5 месца, пакінуўшы далёка ззаду Оксфард і Гарвард. Сёлетняе сусветнае спаборніцтва яшчэ наперадзе.

— Станіслаў Нiкiфаравiч, “МІТСО” мае свае філіялы ў Віцебску і Гомелі. Ці не ўступае там навучанне сталічнаму ўніверсітэту?
— У філіялах ёсць свае факультэты, свае кафедры з добрымі мясцовымі выкладчыкамі. Безумоўна, па некаторых спецыяльнасцях спецыялістаў з навуковымі ступенямі не хапае, асабліва спецыялістаў-юрыстаў. Таму прафесары, дактары юрыдычных навук часам чытаюць лекцыі з Мінска. Прычым не толькі дыстанцыйна. Я сам езджу ў філіялы і там выступаю перад студэнтамі. Гэта добры тон. У арміі гавораць: “Калі камандзір авіяцыйнага палка не лятае, палка няма”. Так і тут. Складана быць аўтарытэтам, калі сам не чытаеш лекцыі.

— Лекцыі па якіх дысцыплінах вы чытаеце?
— Зараз у асноўным па адміністрацыйным праве. Чытаў лекцыі і па кіраванні.

— Станіслаў Нiкiфаравiч, вы бываеце ў розных краінах свету, ведаеце, як там арганізавана навучанне. Ці ёсць у свеце падобныя да “МІТСО” прафсаюзныя ўстановы адукацыі?
— Я якраз з’яўляюся віцэ-прэзідэнтам вышэйшых навучальных і навуковых устаноў працуючых прафсаюзаў. Налічваецца іх каля 35. Ёсць яны ў Польшчы, Кітаі, В’етнаме… Так што ў гэтым мы не ўнікальныя. Дарэчы, існуе памылковая думка, што “МІТСО” — гэта прыватная ўстанова адукацыі. Мы ведамасны ўніверсітэт, заснавальнікам якога з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Усяго ведамасных ВНУ ў нашай краіне дзве — Гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі ў Гомелі і мы.

— За гады існавання ўніверсітэта было шмат зроблена, якія планы на будучыню?
— Па маёй ініцыятыве мы стварылі стратэгічны план развіцця з 2011 па 2015 год. Зараз рыхтуем канцэпцыю да 2020 года. Калі няма прыцэльнасці, калі не вельмі выразна відаць, куды мы ідзём, нічога не атрымаецца. Менавіта канцэптуальнасць у рабоце дапамагае зрабіць многае за кароткі час.
Так, асноўны прыцэл мы ўзялі на электронны ўніверсітэт і ўстойлівае дыстанцыйнае навучанне як у нашых філіялах, так і з замежнымі краінамі, асабліва з В’етнамам і Кітаем.
Для в’етнамцаў па іх просьбе будзем арганізоўваць навучанне на дзвюх мовах — в’етнамскай і англійскай. На в’етнамскую мову перакладаем кейсы, электронныя прэзентацыі. Выкладчыкам лягчэй будзе працаваць: калі замежныя студэнты нешта недачулі, не зразумелі, яны могуць звярнуцца да прэзентацыі на роднай мове.
Праўда, зрабіць такі пераклад няпроста. Гэта патрабуе і чалавечых намаганняў, і фінансавых укладанняў. Пераклад павінен быць кваліфікаваным. Нават пераклад з рускай на беларускую мову падручнікаў па тэхнічных, эканамічных, юрыдычных дысцыплінах выклікае складанасці.
Да таго ж мы паступова пераходзім на інавацыйныя формы адукацыйнай дзейнасці. Ужо многія ўніверсітэты адыходзяць ад класічнага ўніверсітэта, які працуе па схеме “аўдыторыя — дошка — крэйда” ці “аўдыторыя — мультымедыйнае абсталяванне — манітор”. Сучасны этап заключаецца ў тым, што студэнт знаходзіцца не ў аўдыторыі, а ў любым месцы. Ствараюцца кампусы — адзіны віртуальны дом, унутры якога кожнаму студэнту даюцца заданні. Крокі да гэтага мы таксама зрабілі. На ўніверсітэцкім сайце, калі ўвесці свой лагін і пароль у спецыяльным раздзеле, студэнт можа атрымаць інфармацыю па запазычанасцях ці па іншых пытаннях, якія яго хвалююць.

— Станіслаў Нiкiфаравiч, вялікі дзякуй за размову. Поспехаў “МІТСО”.

Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена “МІТСО”.