Са скарбонкай вучнёўска-педагагічных дасягненняў

- 12:23Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша планёрка ў Лельчыцах, што на Гомельшчыне, а нашым суразмоўцам з’яўляецца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лельчыцкага райвыканкама Аляксандр Арсеньевіч Юхневіч, які расказвае пра дасягненні і праблемы ў сістэме адукацыі раёна.

— Аляксандр Арсеньевіч, нядаўна пачалася апошняя чвэрць, хутка скончыцца навучальны год, таму хочацца спытаць пра самыя знакавыя падзеі гэтага навучальнага года ў сістэме адукацыі раёна.

— Скарбонка дасягненняў нашай сістэмы адукацыі папоўнілася новымі перамогамі. У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах дыпломамі ўзнагароджаны 4 навучэнцы. Па выніках удзелу ў абласных інтэрнэт-віктарынах па вучэбных прадметах 6 навучэнцаў таксама атрымалі дыпломы. На абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ заваявана 3 дыпломы. У Міжнародным конкурсе па інфарматыцы і інфармацыйных тэхналогіях навучэнцы раёна заваявалі 3 дыпломы.

Напрыклад, навучэнка лельчыцкай сярэдняй школы № 2 Таццяна Кісялевіч заняла 2 месца ў Рэспубліканскім конкурсе па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by”. Навучэнец лельчыцкай сярэдняй школы № 1 Валерый Шур заняў 3 месца ў Рэспубліканскім адкрытым дыстанцыйным конкурсе, прысвечаным 80-годдзю з дня нараджэння У.Караткевіча.

А педагогі раёна вынікова ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства. Так, у гэтым навучальным годзе ў абласным конкурсе “Лепшы кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі” дырэктар Лельчыцкай раённай гімназіі Г.М.Карапунарлы заняла 2 месца. Два педагогі ўдастоены дыпломаў пераможцы па выніках удзелу ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Маладая настаўніца Букчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вольга Міхальцова стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Творчасць маладых педагогаў”.

— Чацвёртая чвэрць — гэта яшчэ і падрыхтоўка да выпускных іспытаў. Ці звяртаецеся вы да рэсурсу міжшкольных факультатываў?

— На працягу апошніх 5 гадоў у мэтах падрыхтоўкі вучняў да выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Лельчыц арганізоўваецца работа раённых міжшкольных факультатываў. Для правядзення заняткаў прыцягваюцца вопытныя педагогі, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У бягучым навучальным годзе такія факультатывы наведваюць 168 вучняў 10—11 класаў (38% ад агульнай колькасці навучэнцаў трэцяй ступені). Для 50 вучняў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, арганізаваны падвоз транспартам аддзела, таму кожны навучэнец незалежна ад месца жыхарства мае магчымасць наведваць міжшкольныя факультатыўныя заняткі.

— А як у вашым раёне ідуць справы з профільнай адукацыяй?

— З верасня 2015 года ў 4 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна для вучняў 10 класаў арганізавана выкладанне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ва ўмовах профільных класаў ці груп. Ахоп профільным навучаннем склаў 41,4% ад агульнай колькасці навучэнцаў 10 класаў. Дзесяцікласнікі выбралі розныя напрамкі: матэматыка і руская мова, матэматыка і фізіка, матэматыка і замежная мова, беларуская і англійская мова. У гімназіі арганізавана мультыпрофільнае навучанне. У раёне дастаткова кваліфікаваных кадраў, таму пры ўвядзенні профільнага навучання асаблівых праблем не ўзнікла, тым больш што ў нацыянальнай сістэме адукацыі ўжо ёсць вопыт арганізацыі навучання на павышаным і паглыбленым узроўнях.

Увядзенне профільнага навучання дало магчымасць у большай ступені задаволіць адукацыйныя запыты вучняў і іх законных прадстаўнікоў, дыферэнцыраваць змест адукацыі. У новым навучальным годзе плануем пашырыць сетку профільных класаў і груп ва ўстановах адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, а таксама арганізаваць педагагічны клас.

— Аляксандр Арсеньевіч, па-ранейшаму актуальным пытаннем у сістэме адукацыі застаецца аптымізацыя навучальных устаноў. Як у вашым раёне вырашаецца гэтае пытанне?

— З кожным годам колькасць дзяцей ва ўстановах, размешчаных у сельскай мясцовасці, памяншаецца. У гэтым навучальным годзе ў нашых установах агульнай сярэдняй адукацыі вучыцца 3401 навучэнец, што на 75 менш, чым у мінулым навучальным годзе. У сувязі з гэтым праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі раёна. За апошнія 5 гадоў закрыты 5 школ, рэарганізавана 4. Для навучэнцаў і выхаванцаў рэарганізаваных і закрытых устаноў наладжаны падвоз транспартам аддзела ў найбліжэйшыя ўстановы. Усе работнікі, якія выказалі жаданне прадоўжыць сваю працоўную дзейнасць у сістэме адукацыі, працаўладкаваны ў іншых установах адукацыі раёна. У бягучым годзе плануецца закрыццё адной школы і аднаго дзіцячага садка.

— Як развіваеце інфарматызацыю ў сваіх установах адукацыі?

— Усе ўстановы адукацыі маюць шырокапалосны выхад у інтэрнэт. У 28 установах адукацыі функцыянуюць сайты. Сайт Лельчыцкай раённай гімназіі прызнаны лепшым па выніках абласнога конкурсу. Практыкуюцца такія формы сеткавага ўзаемадзеяння, як падрыхтоўка навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах, цэнтралізаваным тэсціраванні, кансультацыйная дапамога педагогам з дапамогай Skype, сацыяльнай сеткі “УКантакце”; ёсць дыстанцыйнае навучанне замежнай мове; праводзяцца анлайн-віктарыны па вучэбных прадметах. Створаны раённы медыяцэнтр, дзе ўсталяваны сродкі аўдыя- і відэакамунікацыі для арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння з установамі адукацыі, арганізоўваецца вучоба педагогаў па карыстанні ІКТ у адукацыйным працэсе. Сертыфікат карыстальніка інфармацыйных тэхналогій маюць 62% педагагічных работнікаў, у 27-мі ёсць персанальныя блогі. Безумоўна, інфарматызацыя адукацыйнага працэсу немагчыма без наяўнасці адпаведнай сучасным патрабаванням вучэбна-матэрыяльнай базы. Ва ўстановах выкарыстоўваецца 15 мультымедыйных праектараў, 14 інтэрактыўных дошак, 355 персанальных камп’ютараў, 46 ноўтбукаў, 41 манаблок, 4 камп’ютарныя класы “Тэхна”, 6 лінгафонных кабінетаў, размнажальная тэхніка. Работа па аснашчэнні ўстаноў сучаснымі сродкамі навучання будзе працягнута і ў бягучым годзе.

— Што хвалюе вас як начальніка на сённяшні дзень?

— У першую чаргу хвалюе дэмаграфічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці, што цягне за сабой штогадовае закрыццё або рэарганізацыю ўстаноў адукацыі і, адпаведна, скарачэнне працоўных месцаў. Таксама ўзнікае праблема ўключэння вызваленых будынкаў устаноў адукацыі ў гаспадарчы абарот. Турбуе прэстыж педагагічнай прафесіі, бо ў апошнія гады ў навучальныя ўстановы педагагічнага профілю, на жаль, ідуць не самыя лепшыя выпускнікі школ.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.