Сабраў — правер!

- 9:20Сацыяльны ракурс

Пачынаецца ягадна-грыбны сезон. Але, на жаль, не ўсе сабраныя дарункі прыроды могуць быць карыснымі. Істотныя карэктывы ў геаграфію збору сунічна-баравіковых радасцей унесла аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Мінімізаваць наступствы нябачнай атруты прызваны цэнтры практычнай радыелагічнай культуры, што па праграме ПРААН былі адкрыты ў шэрагу навучальных устаноў забруджаных раёнаў. У адзін з такіх цэнтраў, які размешчаны ў Свенскай сярэдняй школе Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці, завіталі і мы.

Звычайны пакой звычайнай вясковай школы незвычайны толькі тым, што на дзвярах замест звыклага надпісу, напрыклад “кабінет матэматыкі”, прымацавана таблічка “Цэнтр практычнай радыелагічнай культуры. Створаны ў рамках праекта “Павышэнне ўзроўню бяспекі чалавека на тэрыторыях, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. Заходзім у памяшканне — чыста, утульна. Аб прызначэнні кабінета згадваюць карты радыеактыўнага забруджвання, атлас сучасных і прагнозных аспектаў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, шэраг рэкламных буклетаў ды гама-радыяметр РКГ-АТ1320А.

Слаўгарадскі раён невялікісурёзныя карэктывы ўнесла аварыя на Чарнобыльскай АЭСЗ 1986 года з раёна выехала і адселена больш як 7 тысяч чалавекбылі ліквідаваны тры сельскія саветы, 4 калгасыадселена 25 населеных пунктаўз якіх 17 пахаваныНасельніцтва раёна сёння складае 14 888 чалавекбольш як палова з якіх пражывае ў раённым цэнтрыБылі закрыты вялікія і моцныя школыЗараз у раёне 13 школ: 7 сярэдніх, 4 базавыя і 2 пачатковыяу якіх у мінулым навучальным годзе вучыліся 1678 вучняўі 8 дашкольных устаноў.

Нас сустрэлі дырэктар Свенскай сярэдняй школы Мікалай Міхайлавіч Чумакоў і гаспадыня кабінета намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Міхайлаўна Чубакова.

“Усе даўно прывыклі, што сельская школа — цэнтр соцыуму. Менавіта таму цэнтр практычнай радыелагічнай культуры быў адкрыты на базе школы, — адзначыў Мікалай Міхайлавіч. — Наш цэнтр у большай ступені займаецца асветніцкай работай, дапамагаючы насельніцтву нармальна жыць ва ўмовах забруджаных радыяцыяй тэрыторый.

Мы не даём, як санітарна-эпідэміялагічная служба, заключэнняў. Галоўная задача цэнтра — менавіта тлумачальная работа. І тут карысць заключаецца не ў веданні лічбаў, а ў тым, што мы можам падказаць мясцовым жыхарам, напрыклад, у якіх мясцінах тыя ж ягады і грыбы больш бяспечныя”.

“Каб нам такое абсталяванне ды ў 1986 годзе, — часам уздыхаюць педагогі, — шмат што склалася б інакш”. Але пра ўсё па парадку. Мы папрасілі гаспадароў адказаць не некалькі нашых пытанняў аб рабоце цэнтра.

А.М.Чубакова

А.М.Чубакова

— Ала Міхайлаўна, як даўно працуюць такія цэнтры на Слаўгарадчыне і колькі іх?

— Першы падобны праект быў пачаты ў 2006 годзе ў Васькавіцкай школе (аграгарадок Папоўка), два цэнтры былі адкрыты ў Свенскай школе і сярэдняй школе № 1 Слаўгарада ў 2009 годзе, а з 2011 года дзейнічаюць пяць цэнтраў практычнай радыялагічнай культуры: у Свенску, у вёсцы Зімніца, аграгарадках Гіжэнка, Лапацічы і Целяшы. Асаблівасць дзеючага праекта ў тым, што нават пасля яго завяршэння абсталяванне, з якім мы зараз працуем, застанецца ў школах раёна і будзе далей выкарыстоўвацца на карысць мясцовых жыхароў.

— Наколькі часта людзі звяртаюцца да вас, што звычайна правяраюць?

— Найбольшы попыт на нашу дапамогу паяўляецца ўвосень, калі людзі збіраюць ураджай з прысядзібных участкаў. Але і зараз мы таксама не сядзім без справы. Найбольшую ўвагу мы звяртаем нават не на ягады, а на грыбы і дзічыну (так склалася, што паляўнічых у нас даволі многа).

— Ці часта зашкальвае апарат?

— Не часта, але бывае. Пераважна тады, калі прыносяць лясную прадукцыю, якую збіраюць не ў нашай чыстай зоне. За дзевятнаццаць кіламетраў ад нас пачынаецца выселеная зона, і ўстаноўлена мяжа. Не сакрэт, што, нягледзячы на забарону і небяспечнасць для здароўя, людзі ўсё роўна збіраюць ягады і грыбы ў забруджаных радыенуклідамі раёнах. Ёсць такія, хто спакушаецца на мясціны, дзе да іх ніхто не хадзіў у ягады ці ў грыбы.

Не ў нашых сілах поўнасцю забараніць людзям хадзіць у “брудныя” лясы. Наша місія ў тым, каб расказваць ім пра шкоду, якую наносіць радыяцыя, і запрашаць прыходзіць у наш цэнтр практычнай радыялагічнай культуры.

Галоўнае — не ўжываць патэнцыяльна забруджаныя прадукты ў ежу, не праверыўшы іх. Калі ёсць нейкае перавышэнне, лепш увогуле не выкарыстоўваць сабраную прадукцыю. У залежнасці ад ступені перавышэння дапушчальных норм мы даём парады, як можна зменшыць шкоднае ўздзеянне прадуктаў, аднак самая лепшая парада — увогуле не ўжываць іх у ежу. Шкада, канечне, але ж здароўе даражэй!

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.­

 

Калі ваш населены пункт размешчаны сярод лясных масіваў, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню, будзьце прадбачлівымі і выконвайце нескладаныя правілы. Загадзя даведайцеся ў лясніцтве, у якіх лясных кварталах збор ягад і грыбоў дазволены. Заходзячы ў лес, звяртайце ўвагу на папераджальныя знакі, якія могуць быць устаноўлены ў месцах зезду з асноўнай дарогі. Калі на знаку паказана аб неабходнасці праверкі сабраных дарункаў лесу, то знайдзіце час, праверце іх і пераканайцеся ў тым, што вашы ягады ці грыбы пойдуць вам на карысць.

Лясы, стаўшы прыродным барерам на шляху распаўсюджвання радыеактыўных выкідаў, акумулявалі значную іх колькасць. Асноўная маса радыеактыўнага цэзію знахо­дзіцца ў глебе і верхнім 3—5-сантыметровым пласце ляснога падсцілу. Высокае ўтрыманнеу кары дрэў, імху, лішайніках, грыбах і ягадах.

Найменш забруджаныя цэзіем суніцы, маліны, рабіна, найбольшчарніцы, журавіны, брусніцы.

Самы моцны назапашвальнік радыенуклідаў — грыбы. У асобных відах нават на адносна чыстай тэрыторыі ўтрыманне цэзію можа перавышаць дапушчальны ўзровень.

Правярайце сабраныя грыбы і ягады на ўтрыманне радыенуклідаў. Даследаванні праводзяцца бясплатна ва ўсіх цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі. Якасць дарункаў лесу кантралюецца таксама ветэрынарнай службай на рынках. Пры лясніцтвах дзейнічаюць пункты радыяцыйнага кантролю.

Узровень цэзію-137 для дзікарослых ягад не павінен перавышаць 185 Бк/кг. Для свежых або кансерваваных грыбоў — 370 Бк/кг, для сушаных — не больш як 2500 Бк/кг.

У працэсе кансервацыі ўтрыманне радыенуклідаў не змяншаецца, а пры сушцы нават павялічваецца.

Набываць свежыя і кансерваваныя ягады і грыбы ў вулічных гандляроў не рэкамендуецца.