У адукацыйнай прасторы Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж з’явіўся ў 2014 годзе. А паколькі яго “бацькамі” сталі адразу некалькі ўстаноў прафтэхадукацыі, на “малое” з першых дзён ускладаліся вялікія спадзяванні. Сёння ёсць усе падставы сцвярджаць: яны былі апраўданыя! Пра гэта сведчаць як падзякі ад прадпрыемстваў-работадаўцаў за выдатную падрыхтоўку выпускнікоў, так і ўпэўненыя перамогі навучэнцаў і педагогаў у прафесійных конкурсах рознага ўзроўню. Пра дасягненні калектыву, а таксама перспектывы далейшага развіцця каледжа расказвае яго дырэктар Ірына КІСЯЛЁВА.
— У вашым каледжы можна атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Па якіх прафесіях?
— Падрыхтоўка ажыццяўляецца на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі па 7 спецыяльнасцях і 11 кваліфікацыях. Магу запэўніць: кожная з іх дае магчымасць не толькі паспяхова працаўладкавацца, але і рэалізаваць творчы патэнцыял. Незалежна ад эканамічнай сітуацыі запатрабаванасць у кухарах і афіцыянтах, слесарах-рамонтніках, швачках, краўцах і закройшчыках, цырульніках, майстрах па манікюры і педыкюры, агентах па забеспячэнні і збыце застаецца стабільнай — зразумела, пры ўмове высокага прафесійнага ўзроўню. Мы забяспечваем такі ўзровень і прапаноўваем абітурыентам атрымаць сучасную прафесійную адукацыю.Выпускнікам па выніках вучобы і вытворчай практыкі прысвойваецца ІІ, ІІІ або ІV квалiфiкацыйны разрад, лепшыя навучэнцы атрымліваюць павышаны разрад. На аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі каледж вядзе падрыхтоўку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя “тэхнік-механік” (“Машыны і апараты лёгкай, тэкстыльнай прамысловасці і бытавога абслугоўвання”). Верагодна, у перспектыве пералік спецыяльнасцей, па якіх навучэнцы каледжа змогуць атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю, будзе пашыраны.
Трэба адзначыць, што магчымасць працягнуць навучанне і атрымаць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі ў нашых выпускнікоў ёсць і цяпер. Пры жаданні яны могуць быць залічаны ў профільныя каледжы, з якімі ў нас заключаны адпаведныя дамоўленасці, на скарочаны тэрмін навучання. Многія здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і паступаюць на профільныя факультэты ўстаноў вышэйшай адукацыі.
— Тым не менш большасць вашых выпускнікоў ідуць працаваць на вытворчасць. Праблем з працаўладкаваннем не ўзнікае?
— Усе нашы выпускнікі атрымліваюць накіраванні для далейшага працаўладкавання на прадпрыемствы ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй.
— Асноўны кантынгент абітурыентаў каледжа — з Віцебскай вобласці?
— Так, але мы не абмяжоўваем прафарыентацыйную работу толькі сваім рэгіёнам. Як вынік — сёння сярод нашых навучэнцаў ёсць жыхары Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай, Мінскай абласцей.
— На вашу думку, што ў першую чаргу забяспечвае поспех установе прафесійнай адукацыі?
— Прагрэс і вернасць традыцыям. Сёння старажытныя рамёствы непарыўна звязаны з высокатэхналагічнымі працэсамі. Адпаведна, узрастаюць і патрабаванні да выпускнікоў. У каледжы дзейнічае сучасны рэсурсны цэнтр, абсталяваны для падрыхтоўкі па кваліфікацыях швейнага профілю. Пастаянна папаўняецца і абнаўляецца метадычная і матэрыяльна-тэхнічная база, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з базавымі прадпрыемствамі. Але найважнейшай умовай поспеху быў і застаецца чалавечы фактар.Традыцыйна мы ўдзельнічаем у абласной і рэспубліканскай выставах дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, работы нашых навучэнцаў штораз уваходзяць у лік пераможцаў і прызёраў. Яшчэ адна традыцыя, якую мы шануем, — штогадовая абласная канферэнцыя па асноўных напрамках моды. Нашы майстры (а з мінулага года да іх далучыліся калегі з іншых устаноў прафесійнай адукацыі вобласці) расказваюць удзельнікам канферэнцыі аб модных тэндэнцыях, паказваюць уласныя калекцыі, дзеляцца сакрэтамі майстэрства.
Знакавае для калектыву мерапрыемства — конкурс “Навагодні касцюм”, які з унутрыкаледжнага вырас да маштабу гарадскога. Велізарная фантазія майстроў і навучэнцаў, любоў да сваёй прафесіі дапамагаюць ім ствараць цудоўныя навагоднія касцюмы.
Традыцыю перамог падтрымліваюць і навучэнцы аддзялення “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”. Штогод яны прымаюць удзел у Міжнародным конкурсе цырульніцкага мастацтва “Неўскія берагі” ў Санкт-Пецярбургу і заўсёды вяртаюцца з дыпломамі.
— Педагагічны калектыў каледжа па праве лічыцца адным з лепшых у рэгіянальнай сістэме адукацыі. Як удаецца трымаць лідарства?
— Нашы навучэнцы маюць унікальны шанс вучыцца ў сапраўдных прафесіяналаў. Заўсёды трэба зыходзіць з таго, што работа кожнага педагога — адначасова прыклад для навучэнцаў і гарантыя якасці іх падрыхтоўкі. Крытэрыі строгія, аднак, думаю, нам удаецца ім адпавядаць. Прыемна, калі работа нашых выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання атрымлівае прызнанне. Толькі ў мінулым навучальным годзе выкладчык Святлана Жардзецкая заняла 2-е месца ў абласным конкурсе “Выкладчык года”, майстар вытворчага навучання Наталля Хартава — 2-е месца ў абласным конкурсе “Майстар года”. Выкладчыку Анатолю Бурдо, кіраўніку ваенна-патрыятычнага клуба “Пошук”, уручана падзяка, падпісаная кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, за вялікі ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Мадэльеру-канструктару Людміле Ціханавай уручана падзяка губернатара Віцебскай вобласці за стварэнне калекцыі швейных вырабаў “Мая Радзіма Беларусь”.
— Сярод творчых калектываў і аб’яднанняў па інтарэсах, якія працуюць у каледжы, два маюць званне “народны”.
— Так, гэта музей баявой славы 251-й гвардзейскай Чырванасцяжнай Ордэна Суворава стралковай дывізіі і тэатр моды “Стыль”.
За час існавання ваенна-патрыятычнага клуба “Пошук” усталявана каля 30 помнікаў, памятных знакаў і мемарыяльных дошак, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У двары каледжа знаходзіцца памятны знак воінам 251-й гвардзейскай Чырванасцяжнай Ордэна Суворава стралковай дывізіі. Стала традыцыяй у Дзень ведаў праводзіць тут урачыстую лінейку з хвілінай маўчання ў памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Тэатр моды “Стыль” неаднаразова выходзіў у пераможцы і заваёўваў гран-пры на рэспубліканскіх конкурсах “АРТ-вакацыі” і “Беларускі вянок”. У скарбонцы тэатра моды звыш ста калекцый швейных вырабаў. Навучэнцы, работнікі і майстры каледжа разам працуюць над стварэннем мадэлей, многія з якіх з’яўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі швейнага мастацтва. Калекцыі можна пабачыць на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.
— Дарэчы, кожная новая калекцыя становіцца для Віцебска падзеяй. Зыходзячы з уласных назіранняў, магу сцвярджаць: гледачы сустракаюць іх авацыямі!
— Радасна такое чуць. Пры гэтым заўважу, што работы нашых майстроў і навучэнцаў папулярныя ў насельніцтва. Традыцыйна мы прымаем заяўкі на выкананне швейных вырабаў па індывідуальных заказах. Абрусы, сурвэткі, швейныя вырабы рэалізуем і ў рознічным продажы. Прыбыткі, атрыманыя ад платных паслуг і пазабю-джэтнай дзейнасці, укладваем у мадэрнізацыю вытворчасці, набыццё новага абсталявання.
— У свой час і ў 19-м, і ў 29-м, і ў 46-м прафесійна-тэхнічных вучылішчах Віцебска вялікую ўвагу ўдзялялі спорту, выхаванню здаровага ладу жыцця. Традыцыя, вартая працягу …
— Калектыў шмат працуе ў гэтым напрамку. Наш каледж — неаднаразовы пераможца гарадской і абласной круглагадовай спартакіяды сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У нашым актыве — перамога ў рэспубліканскай лёгкаатлетычнай эстафеце “Дзень Перамогі”, 1-е месца ў краіне па валейболе, 3-е месца ў лёгкаатлетычнай эстафеце. Лічу, што гэтыя факты дастаткова красамоўныя.
Гутарыла Таццяна БОНДАРАВА.