Адораныя навучэнцы Магілёўшчыны на мінулым тыдні мелі магчымасць на справе прадэманстраваць свае веды і таленты. У вобласці прайшоў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Адкрыццё абласной алімпіяды праходзіла ўрачыста. Вітаючы ўдзельнікаў, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алег Сцельмашок адзначыў, што магілёўскія школьнікі праяўляюць належную стараннасць у вучобе. Пра гэта сведчаць пераможныя дыпломы, колькасць якіх дазваляе вобласці займаць добрыя пазіцыі ў алімпіядным рэйтынгу.
— У нас ёсць як прафесійныя педагогі, так і адораныя дзеці. Многае робіцца для раскрыцця здольнасцей вучняў, іх падтрымкі. Я ўпэўнены, што агульнае імкненне да дасягнення мэты дазволіць кожнаму годна выступіць і зараз, і пасля — на заключным этапе алімпіяды, — сказаў Алег Уладзіміравіч.Сёлета ў абласным туры алімпіяды прымала ўдзел больш за 900 школьнікаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў рэгіёна, якія сталі пераможцамі раённых тураў. Удзельнікі спаборнічалі за званне лепшага па сямнаццаці вучэбных дысцыплінах.
Напэўна, найбольшую колькасць удзельнікаў сабрала абласная алімпіяда па замежных мовах. Каб паказаць сябе і свае веды, у Магілёў з’ехаліся 126 юных мовазнаўцаў. Спаборніцтвы праводзіліся па традыцыйных англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах. Другі год запар навучэнцы дэманстравалі сваё веданне кітайскай мовы.
Каб дасягнуць жаданай перамогі, усім дзецям неабходна было справіцца з трыма конкурснымі этапамі: выканаць пісьмовую работу, заданне на валоданне вуснай гаворкай і прайсці аўдзіраванне. Як расказала старшыня журы алімпіяды па англійскай мове загадчык кафедры англійскай філалогіі і культуры МДУ імя А.А.Куляшова Наталля Саўчанка, конкурсныя заданні ў “англічан” не змяніліся, таму не выклікалі ва ўдзельнікаў асаблівых складанасцей.
— Высокія балы ў нас былі на кожным з конкурсных тураў. Увогуле, усе навучэнцы паказалі даволі высокі ўзровень ведаў. Такая тэндэнцыя сведчыць пра якасць іх падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядзе, — лічыць Наталля Міхайлаўна.
Добрыя вынікі прадэманстравалі ўдзельнікі абласных алімпіяд і па іншых замежных мовах. І гэта пры тым, што для выканання прапанаваных заданняў неабходна ўмець творча мысліць, праяўляць логіку і кемлівасць. Аднак усе цяжкасці канкурсантамі былі паспяхова пераадолены. Асабліва вызначыліся навучэнцы сярэдняй школы № 10 Магілёва. На алімпіядзе па французскай мове яны здолелі заваяваць пяць прызавых дыпломаў! Як заўважыла іх педагог і па сумяшчальніцтве намеснік старшыні журы алімпіяды Таццяна Шульдова, сакрэт такога бліскучага поспеху — узмоцненая падрыхтоўка. З кожным сваім адораным вучнем Таццяна Пятроўна працуе індывідуальна, у адпаведнасці з яго магчымасцямі. Засваенню французскай мовы вучнямі спрыяюць таксама факультатывы па праграмах і падручніках, прадстаўленых французскім пасольствам, з якім школа заключыла спецыяльны дагавор.
— Прыемна, што ўсе нашы канкурсанты пастаянна імкнуцца да ўдасканалення сваіх ведаў. Гэта сапраўды адораныя дзеці, якія ўжо даволі свабодна валодаюць французскай мовай, — падкрэсліла Таццяна Пятроўна.
Кітайскую мову магілёўскія школьнікі пакуль ведаюць не так добра. Як адзначыла старшыня журы гэтай алімпіяды педагог дадатковай адукацыі гімназіі № 3 Магілёва Лю І, размаўляюць па-кітайску ўдзельнікі паспяхова. А вось аўдзіраванне і пісьмовая работа даюцца ім складаней — не хапае практыкі чытання і пісьма па іерогліфах.
— З гэтай прычыны дыплом І ступені мы вырашылі не прысуджаць. Але ж цяперашнія вынікі канкурсантаў толькі пачатак. Колькасць школьнікаў і студэнтаў, якія жадаюць вывучаць кітайскую мову, пастаянна павялічваецца. Сёлета ў нас было ўсяго пяць удзельнікаў. Спадзяёмся, на наступны год іх будзе больш і іх узровень ведання мовы павысіцца, — адзначыла Лю І.
Алімпіядны тыдзень праляцеў хутка. Непрыметна надышоў час падвядзення вынікаў і цырымоніі ўзнагароджання — хвалюючы момант і для канкурсантаў, і для іх педагогаў.
Навучэнка Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандра Сцяпанчыкава ўжо другі раз удзельнічала ў алімпіядзе па кітайскай мове. У мінулым годзе яна стала прызёрам абласнога тура, а потым атрымала заахвочвальны дыплом на рэспубліканскім.
— У якасці асноўнай замежнай мовы мы ў ліцэі вывучаем англійскую. Вучыць кітайскую можна дадаткова на факультатывах. Наведаўшы некалькі заняткаў, я захапілася. Кітайская мова вельмі меладычная і зусім не такая складаная ў вывучэнні, як здаецца спачатку. Конкурсныя заданні былі не вельмі складанымі. Думаю, што справілася і выступіла годна, бо вельмі хочацца сёлета ўзяць рэванш на рэспубліканскім туры, — расказала Аляксандра.
У алімпіядах па замежных мовах прымаюць удзел вучні адзінаццатых і дзясятых класаў, але бываюць выключэнні. Так, Ангеліна Хурцыдзэ з Бракаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна вучыцца ў восьмым класе, аднак дасягнула такіх поспехаў у веданні нямецкай мовы, каб спаборнічаць са старшакласнікамі.
— Нямецкая мова мне адразу спадабалася, а мая настаўніца Алена Васільеўна Васюкевіч развіла маё імкненне да ведаў. Мы шмат разам працавалі, рыхтаваліся. Але падчас выканання заданняў усё роўна крыху хвалявалася, таму не ведаю, якім будзе вынік, — падзялілася сваімі ўражаннямі дзяўчынка.
Як вядома, станоўчы вынік атрымліваецца толькі ад сумеснай, зладжанай і мэтанакіраванай работы настаўніка і навучэнца. На Магілёўшчыне падрыхтоўка да ўдзелу ў алімпіядным руху вядзецца менавіта такім чынам. У гэтым пераконвала цырымонія ўзнагароджання: прызёрамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах сталі звыш пяцідзесяці хлопцаў і дзяўчат.
Дыпломы І ступені алімпіяды па англійскай мове атрымалі навучэнка абласнога ліцэя № 3 Кіра Бялова і навучэнка гімназіі № 3 Магілёва Шукуфа Сулейманава. Абсалютнымі пераможцамі алімпіяды па французскай мове сталі вучаніцы сярэдняй школы № 10 Магілёва Настасся Пракапцова і Дар’я Цыкунова. На алімпіядзе па нямецкай мове лепшымі былі названы вучань сярэдняй школы № 27 Бабруйска Антон Паддубны і навучэнец Касцюковіцкай раённай гімназіі Аляксей Міхаленка. Сярод удзельнікаў алімпіяды па іспанскай мове не было роўных вучаніцы гімназіі № 3 Бабруйска Яне Красніцкай і навучэнцу сярэдняй школы № 1 Бабруйска Андрэю Масакоўскаму. На алімпіядзе па кітайскай мове сёлета не было пераможцы, але былі прызёры. Навучэнцы Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандра Сцяпанчыкава і Андрэй Падольскі былі ўзнагароджаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені адпаведна.
Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды завяршыўся. Па сямнаццаці вучэбных прадметах больш як дзвесце навучэнцаў выдатна паказалі сябе і свае веды, стаўшы лепшымі ў вобласці. Цяпер іх заслужана чакае заключны этап галоўнага інтэлектуальнага спаборніцтва краіны.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.