Сакрэты музейнай педагогікі па-гарадоцку: вопытам падзяліліся ў сярэдняй школе №2 імя А.П. Сабалеўскага

- 9:00Главная, Образование

Навучэнцы сярэдняй школы № 2 Гарадка імя А.П.Сабалеўскага не проста ведаюць гісторыю роднага краю і ганарацца ёй, але і з ахвотай могуць расказаць пра мясцовыя абрады, адметнасці кухні ці народных рамёстваў. А натхняе іх захавальніца музейных фондаў Людміла Ляўшова. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гэта плён вялікай работы, якую дзень за днём рупліва вя­дзе ўвесь педагагічны калектыў на чале з дырэктарам Нінай Яфрэмавай. А яшчэ школьнікам двойчы моц­на пашанцавала. Справа  ў тым, што тут дзейнічае выдатны комплексны музей, экспазіцыі якога змалку знаё­мяць дзяцей з ранейшым вясковым жыццём і працоўнымі заняткамі іх продкаў, гісторыяй малой радзімы, яе традыцыямі — у тым ліку на працягу стагоддзяў назапашанымі ў сістэме адукацыі раёна. Музейная прастора не абмяжоўваецца дзвюма спецыяльна адве­дзенымі пад яе заламі. На сценах фае прыцягва­юць увагу малюнкі, што паказва­юць прадметы і аб’екты, звязаныя са старажытнымі легендамі і помнікамі гісторыі Гарадоччыны. Нярэдка, асаб­ліва ў святочныя дні, светлы і гасцінны, працавіты і творчы, па-сялянску грунтоўны, клапатлівы і крыху гарэзлівы музейны настрой выходзіць на прышкольную тэрыторыю — і штораз з’ядноўвае педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў, запрошаных гасцей і гараджан у цікавай добрай справе.

Калі ўважліва прыгля­дзецца да такіх школьных мерапрыемстваў, заўсёды вылучыш вокам абаяльную жанчыну, за якой, здаецца, падзеі і людзі рухаюцца, нібы нітка за іголкай, каб сабрацца ў задуманы прыгожы ўзор. Без захавальніцы музейных фондаў Людмілы Ляўшовай жыццё школы складана ­ўявіць. Магчыма, найперш таму, што і сама педагог сэрцам адданая школе. У словах вучняў пра любімую настаўніцу гучыць лаканічнае, вельмі красамоўнае: “Нам пашчасціла сустрэцца”.

Група вучняў-валанцёраў пад куратарствам Людмілы Пятроўны падтрымлівае парадак на тэрыторыі праваслаўнага храма Андрэя Першазванага, даглядае створаны на школьнай тэрыторыі фітаагарод, рыхтуе з духмяных зёлак карысныя напіткі і частуе імі наведвальнікаў музея.

Людміла Пятроўна гатова га­дзі­намі расказваць пра музей, здзей­сненыя і новыя праекты, планы, вучняў, калег — прычым так натхнёна і прафесійна, што нельга не заслухацца. Між тым калі запытацца пра нешта з яе асабістай біяграфіі, відавочна саромеецца, стараецца неўпрыкмет перавесці гаворку на іншую тэму. Праз велізарны працоўны вопыт, дасведчанасць, яркі педагагічны талент раптам праступае далікатная, сціплая вясковая беларус­касць. Незвычайным чынам гэта вымушае пільней услухоўвацца, узмацняе каштоўнасць кожнага настаўніцкага слова.

Мая суразмоўніца выгадавала не адно вучнёўскае пакаленне, аднак нават на пытанне, колькі часу працуе ў сістэме адукацыі, адказвае не адразу. Пачынае ўголас адліч­ваць ад важнай для яе па­дзеі: “Вось на другі год, як адкрылі новы будынак школы, у 1988-м я сюды і трапіла”. Па-дзіцячы шчыра здзіўляецца: “Атрымліваецца, 36 гадоў! Неяк не лічыла, іншае ў галаве. Здавалася, што менш”.

Нарадзілася будучая настаўніца тут, на Гарадоччыне. Скончыла бібліятэчны тэхнікум у Магілёве, вярнулася на радзіму. У рабоце бібліятэкара багата кропак судакранання з настаўніцтвам. З часам менавіта ў ім наша гераіня адчула сваё прызванне, таму паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава (цяпер ВДУ імя П.М.Машэрава). З выбарам спецыяльнасці не вагалася. Нешта падштурхнула ўнутранае — родная мова і літаратура, без варыянтаў! У выніку як прыйшла на першае настаўніцкае рабочае месца ў сярэднюю школу № 2 Гарадка, так і не здрадзіла ёй ніколі. Забягаючы наперад, трэба дадаць: праз пэўны час у альма-матар Людмілы Ляўшовай паступяць яе дачка і сын.

На факультэт, дзе вучылася настаўніца, пракладуць сцежку каля двух дзясяткаў яе вучняў. Што характэрна — многія з іх зараз працуюць у Гарадоцкім раёне. З 2016 года Людміла Пятроўна стала захавальніцай фондаў школьнага музея. Экспанаты для яго збіралі ўсёй школай.

— Вось кросны, некалькі дэталей ад іх прывёз нам былы дырэктар школы Ула­дзімір Кірылаў, — знаёміць з экспазіцыямі педагог. — Добра, але як гэта дзецям прадставіць, паказаць? У маёй роднай вёсцы я ведала сям’ю, дзе жанчыны раней займаліся ткацтвам. Памятала, былі ў іх кросны. Пагаварыла з жанчынай з гэтага роду. Тая прызналася, што, верагодна, у бацькоўскай хаце штосьці і ляжыць, а дакладна сама не ведае. Прапанавала з’ез­дзіць, пашукаць ды забраць, бо ёй яны не патрэбны. Па­ехалі мы туды з сынам ды на гарышчы знайшлі кросны. На жаль, нерабочыя. Затое аснова з’явілася, каб сабраць элементы двух станкоў, паказаць школьнікам наглядна працэс ткацтва. Так і напаўнялі фонды разам. Мы ездзілі па вёсках з вучнямі, збіралі. Калегі далучыліся, баць­кі навучэнцаў. Была ў нас настаўніца пачатковых класаў Валянціна Грыбалёва. Яна аддала музею самаробную мэблю, якой карысталася некалькі пакаленняў сям’і: дзве разныя шафы, ложак, куфар. Кожны музейны прадмет мае цікавую гісторыю, а мы яе зберагаем і з задавальненнем расказваем. Нават наватворы: напрыклад, саха ў нас не старажытная, яна зроблена ў ходзе рэалізацыі вучнёўскага праекта пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Людмілы Фірсавай. Мы ўвогуле плённа супрацоўнічаем з калегамі. Найперш, безумоўна, з філолагамі. Вынікі даследчай і праектнай дзейнасці на базе музея раду­юць. Нашы дзеці часта становяцца пераможцамі розных конкурсаў і канферэнцый.

У сістэме школьнай музейнай педагогікі ёсць кірунак, якога Людміла Ляўшова прытрымліваецца шмат гадоў, — выхаванне дзяцей на творах беларускіх ­пісьмен­нікаў. Па коласаўскай “Новай зямлі”, якую называюць энцыклапедыяй сялянскага жыцця, сумесна з актывам музея склала квесты рознай тэматыкі: на аснове народнага фальклору, гульнявыя, пазнавальныя. Яшчэ сярод любімых твораў — паэма “Тарас на Парнасе”, напісаная земляком Канстанцінам Вераніцыным.

Часта захавальніца музейных фондаў практыкуе камбінаваныя ўрокі, арганізуе іх разам з настаўнікамі-прадметнікамі. Напрыклад, урок біялогіі Таццяны Ласкінай па тэме “Харчовыя дабаўкі” працягваецца музейнымі заняткамі “Ежа нашых продкаў”. Па аналагічнай сістэме на пляцоўках музея вучні знаёмяцца з асаблівасцямі культывацыі і выкарыстання лёну, іншых сельскагаспадарчых і лекавых раслін або цеплавой апрацоўкі тканін са старажытнасці да нашых дзён.

Навучэнцаў пачатковых класаў на музейных занятках Людміла Ляўшова прываблівае гульнявымі заданнямі, многія з якіх аўтарскія, а таксама звяртаецца да інсцэніровак.

Дзеці любяць удзельнічаць у святах каляндарна-абрадавага кола з адпаведнымі дэкарацыямі і касцюмамі, якія Людміла Пятроўна ладзіць па сваіх сцэнарыях, складзеных на аснове мясцовага матэрыялу. Акрамя таго, калегам у раёне дапамагае рыхтаваць нестандартныя прэзентацыі да розных конкурсаў — яна для іх хоць і не дыпламаваны, але вельмі аўтарытэтны эксперт па драматургіі і рэжысуры. Педагог не толькі да прафесіі ставіцца творча. Даўняе захапленне Людмілы Пятроўны — паэзія. Частка аўтарскіх сцэнарыяў, экскурсій складзена ў вершаванай форме. І кожны радок прасякнуты любоўю да роднай зямлі, што жыве-зві­ніць у спеўнай душы настаўніцы:

Гарадоччына —

мудрая, светлая,

Край блакітных азёр і лясоў.

Для людзей з дабрынёю

прыветная

І сардэчная для сяброў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара