Сакрэты паспяховага старту

- 12:04Адукацыйная прастора

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Навагрудка Гродзенскай вобласці Лізавета Вітальеўна Бандзюкевіч заўсёды была ўпэўнена: яна будзе працаваць у той жа ўстанове, якую скончыла сама. Так і атрымалася. Учарашнія настаўнікі сталі калегамі. За плячамі маладога педагога ўжо два гады працы і паспяховы ўдзел у некалькіх конкурсах.

Для Лізаветы Вітальеўны выбар будучай прафесіі ніколі не быў складаным. У старшыя класы яна прыйшла з дакладным разуменнем: хоча стаць настаўніцай і нікім іншым.

— Маё рашэнне было лагічным працягам знаёмства са многімі цікавымі людзь­мі, — гаворыць Л.В.Бандзюкевіч. — У дзяцінстве я вельмі любіла слухаць захапляючыя аповеды пра школьнае жыццё сваёй бабулі, якая ў той час працавала настаўніцай хіміі і біялогіі ў Кашалёўскай школе Навагрудскага раёна. Калі я сама, нарэшце, стала вучаніцай сярэдняй школы № 7, мне пашчасціла быць пад крылом цудоўных настаўнікаў. Кожны з іх пакінуў у маёй душы светлы след і сваім прафесіяналізмам унёс уклад у выбар майго будучага шляху.

З цеплынёй і вялікай удзячнасцю Лізавета Вітальеўна ўспамінае сваю першую настаўніцу Святлану Пятроўну Жарабцову. Пазней вельмі блізкія адносіны ў яе склаліся з настаўніцай англійскай мовы Святланай Фёдараўнай Саракапыт. Гэта яна прывіла цікавасць да прадмета, а затым і жаданне вывучаць яго больш глыбока і нават звязаць з ім сваё жыццё.

Лізавета Вітальеўна скончыла спачатку філіял Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта “Лінгвагуманітарны каледж”, а затым і МДЛУ. На размеркаванні дзяўчына, у якой на той момант была сталічная рэгістрацыя, на здзіўленне камісіі папрасіла накіраваць яе ў Навагрудак. Прыехаўшы ў горад дзяцінства, яна выказала пажаданне працаваць менавіта ў сярэдняй школе № 7. Мара мэтанакіраванай дзяўчыны спраўдзілася, і пачалася яе педагагічная дзейнасць.

— Я вельмі задаволена, што ўсё склалася менавіта так, — адзначае Л.В.Бандзюкевіч. — Мае любімыя настаўнікі сталі мне надзейнымі памочнікамі, а Святлана Фёдараўна Саракапыт — маім педагогам. Яны разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Жаннай Уладзіміраўнай Івановай з першага дня вучылі і працягваюць вучыць мяне, як зацікавіць дзяцей, як лепш патлумачыць змест вучэбнага матэрыялу, як заўсёды быць з вучнямі справядлівай, церплівай, але цвёрдай. Яны раяць адносіцца да дзяцей, як да роўных, бачыць у іх свой працяг. Яшчэ адна важная рэкамендацыя — не забываць пра гумар, калі гэта да месца, старацца, каб на ўроку ва ўсіх быў добры, пазітыўны настрой. Я да ўсяго прыслухоўваюся і пакрыху выпрацоўваю свой індывідуальны стыль працы.

Для Лізаветы Вітальеўны быць настаўнікам — значыць быць чалавекам творчым, цікавым, яркім, з багатым унутраным светам і нявычэрпнай жыццёвай энергіяй. Школа — гэта тое месца, дзе існуе шмат магчымасцей для таго, каб развівацца, праявіць свае здольнасці, у тым ліку і творчыя. У Л.В.Бандзюкевіч ужо склаліся ўласныя правілы: заўсёды ісці ў клас да вучняў з упэўненасцю, што ўсё будзе добра; верыць у кожнае дзіця і старацца знайсці да яго падыход, каб пераадолець пэўныя цяжкасці ў навучанні.

Маладой настаўніцы вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі. Так склалася, што з самага пачатку яна вядзе ўрокі ў асноўным у малодшых школьнікаў. Дзяўчына адразу адчула вялікую адказнасць. Ад таго, наколькі паспяхова дзіця пачне вывучаць замежную мову, залежыць вельмі многае ў будучыні. Л.В.Бандзюкевіч стараецца рабіць урокі максімальна цікавымі і нікога не пакінуць без увагі.

У пачатку прафесійнай дзейнасці Лізавета Вітальеўна выбрала тэмай самаадукацыі гульнявыя тэхналогіі. Але пазней яе больш зацікавіла прымяненне інтэрактыўных тэхналогій, і яна не пабаялася пачаць усё з чыстага ліста. Памяняла тэму самаадукацыі і пачала больш актыўна выкарыстоўваць на сваіх уроках інтэрактыўныя тэхналогіі.

— Сучасныя дзеці літаральна растуць з гаджэтамі ў руках, — адзначае настаўніца. — Таму яны на ўра ўспрымаюць заданні, якія звязаны з прымяненнем любой сучаснай тэхнікі. Напрыклад, ім вельмі падабаецца, калі выкарыстоўваюцца QR-коды. Такія метады шырока прымяняю для праверкі разумення тэксту. Інтэрактыўная дошка таксама выклікае жаданне выка­наць заданне. Пры гэтым дзеці адчува­юць сябе “ў сваёй талерцы”, адразу ж павышаюцца іх матывацыя і эфектыўнасць заняткаў. Усе цягнуць рукі, адказваюць, вучням цікава на ўроку.

Лізавета Вітальеўна ў першы ж працоўны год паспрабавала сябе і ў новай ролі навуковага кіраўніка. Вучань 11 класа Антон Тур пад яе кіраўніцтвам напісаў і паспяхова абараніў навукова-даследчую работу “Рунгліш як моўная з’ява”, якая была адзначана дыпломам ІІІ ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Юнацтва. Навука. Культура.” Для маладой настаўніцы гэта быў карысны вопыт. Яна зразумела, што варта спрабаваць сябе ў розных кірунках, займаць актыўную пазіцыю.

Другі год працы ў школе стаў для яе яшчэ больш паспяховым. Адной з самых яркіх падзей была пастаноўка школьнага тэатра “Няхай заўсёды будзе сонца” на англійскай мове. Рыхтавалі яе разам з вопытным педагогам Святланай Фёдараўнай Саракапыт. Працэс атрымаўся вельмі захапляючым, тым больш што сцэнарый быў арыгінальны, цалкам пабудаваны на мясцовым матэрыяле. Уразіла, з якой цікавасцю вучні вучылі тэксты, ужываліся ў ролі, рэпеціравалі. На раённым этапе пастаноўка была прызнана лепшай. Затым каманда сярэдняй школы № 7 адправілася на абласны конкурс тэатраў на замежнай мове “Трыумф” і стала пераможцай сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Тэатральны калектыў The World вярнуўся ў Навагрудак з трыма дыпломамі ў розных намінацыях. Л.В.Бандзюкевіч і далей вырашыла па магчымасці сумя­шчаць англійскую мову і школьны тэатр. Гэта дапамагае дзецям выйсці за межы ўрока, адчуць прыгажосць замежнай мовы.

— Дзякуючы таму, што я выбрала тэму самаадукацыі, якая мяне вельмі зацікавіла, у мінулым годзе вырашыла паспрабаваць свае сілы ў тыдні педагагічнага май­стэрства і ў конкурсе вучэбных заняткаў з выкарыстаннем інтэрактыўных панэляў. У выніку заняла другое месца на раённым конкурсе.

Агульным вынікам першых двух гадоў працы для Лізаветы Вітальеўны быў удзе­л у раённым конкурсе маладых педагогаў “Паспяховы старт”, на якім яна стала адным з прызёраў. За кожны свой поспех яна вельмі ўдзячна былым настаўнікам і сённяшнім калегам, якія заўсёды побач. Дзякуючы ім, Лізавеце Вітальеўне стала цікава рыхтавацца і ўдзельнічаць у конкурсах, быць смелай, творчай, крэатыўнай.

Сёлета для маладой настаўніцы пачаўся ўжо трэці навучальны год у роднай сярэдняй школе № 7. За гэты невялікі час яна паспела пераканацца ў галоўным: настаўніцтва — яе шлях і яе правільны выбар.

Таццяна ШЫМКО.