Сёння ў сталіцы праходзіць фінал V Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”.
За перамогу ў конкурсе змагаюцца 7 сем’яў, якія сталі пераможцамі ў сваіх рэгіёнах. Сярод фіналістаў ёсць і прадстаўнікі адукацыйнай сферы — сям’я Марыны і Аляксандра Жураўлёвых са Слаўгарада.
Марына Генадзьеўна — дырэктар раённага Цэнтра дзіцячай творчасці. Аляксандр Уладзіміравіч — інжынер раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Стварэнню іх моцнай сям’і паспрыяла ў свой час творчасць.
Захапленне музыкай, танцамі і вакалам аб’ядноўвае Жураўлёвых і зараз. Без іх не абыходзіцца ніводнае культурнае мерапрыемства ў горадзе. Канцэрты, спектаклі, творчыя вечарыны — бацькі з дзецьмі заўсёды разам на сцэне.
Дарэчы, у гэтай дружнай сям’і выхоўваюцца тры сыны — Уладзіслаў, Яраслаў, Расціслаў і дачушка Алінка. Дзяцей Жураўлёвы лічаць сваёй галоўнай узнагародай.
— Вядома, бывае складана ўсё паспяваць: работа кіраўніка, педагагічная дзейнасць, грамадская работа, бытавыя клопаты, выхаванне дзяцей… Але я ведаю, што ва ўсіх хатніх справах магу спадзявацца на мужа. Мы заўсёды гатовы падставіць плячо адно аднаму. Да таго ж усе цяжкасці кампенсуюцца шчырымі дзіцячымі ўсмешкамі і іх цёплымі абдымкамі, — дзеліцца Марына Генадзьеўна.
Аляксандр і Марына Жураўлёвы ўпэўнены: сям’я — гэта самае важнае ў жыцці. У іх утульным доме заўсёды пануюць любоў і паразуменне. Бацькі з’яўляюцца для дзяцей прыкладам прыстойнасці, згуртаванасці, настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Разам Марына Генадзьеўна і Аляксандр Уладзіміравіч прыкладаюць усе намаганні, каб у сыноў і дачкі было шчаслівае, бесклапотнае дзяцінства. Вялікую ўвагу ўдзяляюць выхаванню: імкнуцца гадаваць дзяцей у духу працавітасці, павагі да старэйшых, патрыятызму.
— Імкнёмся прывіваць дзецям любоў да Радзімы, з маленства далучаем іх да працы. Вельмі хочам, каб сыны і дачка выраслі сумленнымі і дастойнымі людзьмі, — падкрэслівае мнагадзетная мама.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.