Самы дарагі студэнт

- 14:30Якасць адукацыі

Максім Дадонаў стаў адным з першых беларусаў, хто атрымаў стыпендыю ОESS (падрыхтоўчы курс, бакалаўрыят і магістратура Уорвікскага ўніверсітэта, Вялікабрытанія). Зараз — дактарант Кембрыджскага ўніверсітэта, стыпендыят фонду Біла Гейтса.

Гісторыя Максіма Дадонава проста неверагодная. Выпускнік 51-й фізіка-матэматычнай школы Мінска (цяпер — 29-я гімназія) — ён упэўнены, што менавіта школа дала яму ўсё неабходнае для таго, каб развівацца і рухацца далей.

— Калі прыязджаю ў Мінск, заўсёды стараюся зайсці да дырэктара Віктара Васільевіча Пшыкава, дагэтуль у кантакце з некаторымі сваімі настаўнікамі. Лічу, што палова з таго, што ў мяне ёсць, была сфарміравана ў маёй 51-й школе, — гаворыць Максім.

Ён марыў стаць інжынерам і пасля школы паспеў два гады правучыцца на аўтатрактарным факультэце БНТУ. Калі даведаўся, што ёсць такая стыпендыя — ОESS, вырашыў паспрабаваць. Прайшоў субяседаванне і стаў адным з трох першых беларускіх стыпендыятаў. Быў 2011 год, праграма толькі пачыналася, і многае было незразумела. Максім прызнаецца, што нават бацькі не верылі ў “бясплатны сыр” і з вялікімі цяжкасцямі адпусцілі сына за мяжу.

Цікава, што па выніках субяседавання Максіму прапанавалі паехаць вучыцца адразу на 1 курс універсітэта. Аднак паступіла і яшчэ адна прапанова — прайсці падрыхтоўчы курс, дзе можна падвучыць англійскую мову.

— Я выбраў падрыхтоўчы курс і, паколькі мяне ўжо бралі ва ўніверсітэт, быў упэўнены, што пасля змагу вучыцца далей, — з усмешкай успамінае Максім. — Аднак высветлілася, што мне трэба зноў паступаць ва Уорвік нароўні з усімі брытанскімі абітурыентамі. Прычым гэта высветлілася не адразу. Я бачыў, што мае аднакурснікі заклапочаны паступленнем, пішуць матывацыйныя пісьмы і г.д., і думаў сам сабе, што я ўжо аўтаматычна студэнт. У выніку давялося скакаць амаль што ў апошні вагон, але я здаў экзамены і паступіў ва ўніверсітэт нават з запасам балаў.

На працягу навучання Максім двойчы атрымліваў прэмію “За выбітныя навуковыя дасягненні”, стаўшы вядучым студэнтам у інжынерных групах універсітэта на трэцім і чацвёртым гадах навучання. Акрамя таго, быў удастоены ўзнагароды “Лепшы студэнт” ад IMechE.

Максім Дадонаў прызнаецца, што ён самы дарагі студэнт праграмы ОESS: атрымліваў стыпендыю на гадавы падрыхтоўчы курс, трохгадовы бакалаўрыят і год магістратуры.

Летась Максім скончыў магістратуру, і перад ім паўстаў выбар: што рабіць далей. У яго было некалькі прапаноў наконт работы, але навуковая страсць узяла верх, і ён падаў дакументы ў дактарантуру Кембрыджскага ўніверсітэта. Яго прынялі, і, акрамя таго, ён выйграў адразу дзве стыпендыі: Кембрыджскага ўніверсітэта і фонду Біла Гейтса. Паколькі стыпендыі пакрываюць усе выдаткі, трэба было выбраць адну з іх, і Максім выбраў стыпендыю амерыканскага мецэната.

Сёння ён вучыцца ў дэпартаменце прыкладной матэматыкі і тэарэтычнай фізікі дактарантуры Кембрыджа, займаецца гідрадынамікай прыродных працэсаў.

— Я не планую сваё жыццё далей, чым на два гады, бо ніколі нельга ведаць, што адбудзецца за гэты час, — гаворыць Максім Дадонаў. — Ведаю, што хачу вывучыць, якія артыкулы напісаць, на якіх канферэнцыях пабываць. Я адкрыты свету і я там, дзе мне цікава. Маладым людзям хачу параіць выкарыстоўваць усе магчымасці, якія з’яўляюцца. Ёсць магчымасць прайсці выдатную стажыроўку — дамажыцеся, каб яе прайсці. Ёсць магчымасць стаць найлепшым студэнтам — станьце ім. Чым далей вы рухаецеся, тым больш перад вамі адкрываецца дарог.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.