Самы старшы піянерважаты

- 10:59Людзі адукацыі

За больш чым 30 гадоў сваёй журналісцкай дзейнасці я сустракаў розных фанатаў сваёй справы. Аднак каб у 64 гады педагог разам з дзецьмі тыднямі вандраваў па родным краі?.. Настаўнікі Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча адзначаюць, што такое ўласціва ў іх калектыве толькі Васілю Канстанцінавічу Лаўрыновічу. Іншыя калегі заўважаюць, што Васіль Канстанцінавіч здаўна ўзяў для сябе за прыклад выдатнага савецкага педагога свайго цёзку Васіля Сухамлінскага, аўтара вядомай кнігі “Сэрца аддаю дзецям”.

Мнагадзетная сям’я Лаўрыновіч жыла ў вёсцы Лахва Лунінецкага раёна. Калі хлопчыку было пяць з паловай гадоў, памёр бацька. А праз тры гады не стала маці. Засталося сямёра дзетак, чатыры з якіх былі школьнага ўзросту. І ўсіх чамусьці раскідалі па розных дзіцячых дамах. Васіль няпоўную сярэднюю адукацыю набыў у Гарадзецкай школе-інтэрнаце, што на Кобрыншчыне, атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымаў у Жабінцы. Так здарылася, што з братамі хлопец не бачыўся 11 гадоў. Пасля школы застаўся працаваць старшым піянерважатым. Праз 10 гадоў яго як лепшага важатага запрасілі ў Брэсцкі абласны палац піянераў і школьнікаў метадыстам па піянерскай рабоце.

Васіль Канстанцінавіч 17 гадоў прысвяціў піянерыі. Старшы піянерважаты Лаўрыновіч пабываў у маладзёжных цэнтрах “Спадарожнік”, “Артэк”, “Арляня” і ў нашым “Зубраняці”. Ён удзельнічаў ва Усесаюзных семінарах арганізатараў летняга адпачынку піянераў і школьнікаў і ў аналагічным з’ездзе важатых, а ў 1988 годзе быў дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. Значок гэтага мерапрыемства В.К.Лаўрыновіч захоўвае і цяпер. У 1987 годзе Васіль Канстанцінавіч быў узнагароджаны ордэнам “Дружбы народаў”. Ён адзіны на ўсю краіну піянерскі важаты, які атрымаў такую ўзнагароду.

“А мяне чамусьці цягнула ў школу-інтэрнат, — заўважае мой суразмоўца. — Там адчуваю сябе ў роднай стыхіі. У 1984 годзе ўладкаваўся выхавальнікам у Ястрамбельскую школу-інтэрнат, якая пяць гадоў назад стала абласным кадэцкім вучылішчам. На ўласным лёсе пераканаўся, што чужых дзяцей не бывае. Асабліва, калі яны сірацеюць”.

У школьныя гады Васіль Канстанцінавіч захапляўся спортам. Калі стаў выхавальнікам, паралельна трэніраваў валейбалістаў і баскетбалістаў. Яго выхаванцы станавіліся неаднаразовымі чэмпіёнамі Баранавіцкага раёна, прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па стрытболе сярод клубаў па месцы жыхарства. І цяпер В.Л.Лаўрыновіч не пакідае гэтую справу. Напрыклад, каманда дзяўчынак-валейбалістак на спартакіядзе Саюзнай дзяржавы сярод школ-інтэрнатаў, якая праходзіла ў Выбаргу, заняла трэцяе месца.

Яшчэ адно захапленне Васіля Канстанцінавіча — музейная справа. А пачалося ўсё выпадкова. Неяк педагог зайшоў у бухгалтэрыю, а там ачышчалі сталы ад макулатуры. Раптоўна настаўнік заўважыў стары, пажоўклы ад часу дакумент. Узяўшы папку ў рукі, ён анямеў. Гэта быў загад аб стварэнні дзіцячых дамоў для дзяцей, якія засталіся сіротамі ў выніку вайны. І такі дом павінен быў адкрыцца на базе былой панскай сядзібы ў вёсцы Ястрамбель Баранавіцкага раёна. Узнікла думка, што з гэтага дакумента і павінен пачацца музей. Цяпер у музеі больш за 2 тысячы экспанатаў. Траплялі яны ў фонды розным чынам. “Аднойчы дзеці збіралі макулатуру, — узгадвае Васіль Канстанцінавіч. — Я заўважыў тоўстую кнігу. Гэта быў дакумент уліку руху выхаванцаў нашага дзіцячага дома — пачынаючы з 1 снежня 1950 года. Вось дык знаходка! Так мы пачалі адшукваць нашых былых выхаванцаў і весці з імі перапіску. Дарэчы, першага хлопчыка (ён 1938 года нараджэння) пакуль так і не ўдалося знайсці. Неяк у адным хляве знайшлі звычайную школьную парту, за якой сядзелі я і мае аднагодкі. Вядома, яе прыйшлося аднавіць. Цяпер яна з’яўляецца рарытэтам у нашым музеі”.

Нядаўна дырэктар вучылішча Аляксандр Сцяпанавіч Калько выдзеліў плошчу пад экспазіцыю ў асобным будынку. Тут жа дастаткова месца і для размяшчэння турыстычнага клуба “Арляня”, які створаны па ініцыятыве Васіля Лаўрыновіча. Да 100-годдзя Узброенных Сіл педагог плануе падрыхтаваць хаця б адну новую залу, прысвечаную вайскоўцам. Нельга не заўважыць мемарыяльную дошку на будынку вучылішча ў памяць пра воіна-афганца Яўгена Несцера, які выхоўваўся ў дзіцячым доме. Ён загінуў героем. Яго памяці ў музеі прысвечаны асобны раздзел экспазіцыі. Дарэчы, брат Яўгена Генадзь быў ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Яго таксама цяпер няма ў жывых. Наведваючы магілу братоў у вёсцы Юшкавічы, кадэты заўсёды ўскладваюць вянкі.

Кожны дзень педагог аддае дзецям часцінку свайго сэрца, і нядзіўна, што яны цягнуцца да яго, нібыта кветкі да сонца.

Канстанцін СТАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.