Сапраўдны прарыў у развіцці лічбавай эканомікі

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Дэкрэт № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі” стварае камфортныя ўмовы для работы інвестараў у беларускім стартап-асяроддзі. Такое меркаванне выказаў кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft у Беларусі Антон Мякішаў.

“Падпісаны дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі” — гэта сапраўдны прарыў для Беларусі, слова “рэвалюцыйны” яму сапраўды падыходзіць. Дэкрэт дае магчымасць рэзідэнтам ПВТ ажыццяўляць больш шырокі пералік відаў дзейнасці, прадастаўляе магчымасць заключэння здзелак у электронным фармаце, а таксама пашырае спосабы манетызацыі дадаткаў. Гэтыя меры дадуць магчымасць перанесці ў Беларусь тыя часткі бізнесу, якія ў выніку папярэдніх заканадаўчых абмежаванняў былі ў іншых юрысдыкцыях, і ствараць дадатковыя рабочыя месцы”, — адзначыў Антон Мякішаў. Увядзенне асобных элементаў англійскага права стварае камфортныя ўмовы для работы замежных інвестараў і венчурных фондаў у беларускім стартап-асяроддзі. Гэта будзе садзейнічаць працягненню дадатковых замежных інвестыцый у краіну, лічыць ён.

Кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft у Беларусі звярнуў увагу, што асобная частка дэкрэта прысвечана падтрымцы ІТ-адукацыі. Рэзідэнты ПВТ атрымліваюць магчымасць аказваць навучальным установам дапамогу на любыя мэты, уключаючы прамыя гранты для студэнтаў і выкладчыкаў. Дэкрэт таксама ўстанаўлівае спрошчаныя ўмовы для прыцягнення высокакваліфікаваных замежных спецыялістаў — адмена дазволаў для прыёму на работу, спрашчэнне часовай рэгістрацыі, адмена віз для замежных работнікаў і заснавальнікаў кампаній — рэзідэнтаў ПВТ.

Дэкрэт легалізуе дзейнасць па стварэнні, майнінгу, захоўванні і набыцці такенаў, пры гэтым яна вызвалена ад падаткаў да 2023 года. Смарт-кантракты прызнаны юрыдычна значным інструментам для правядзення здзелак, што, на думку Антона Мякішава, дае магчымасць вырашыць адну з фундаментальных бізнес-праблем — выкананне бакамі ўзаемных абавязацельстваў, зафіксаваных у дагаворы.