Сацыяльна значныя тавары — гэта прадмет увагі нумар адзін

- 12:06Інфармацыйная гадзіна

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Уладзімір Калтовіч расказаў, як міністэрства плануе дзейнічаць у пытанні дзяржрэгулявання цэн на сацыяльна значныя тавары.

Кіраўнік ведамства нагадаў, што ў ліпені рэгуляванне было прадоўжана яшчэ на 90 дзён. “Пакуль мы маем намер прадоўжыць рэгуляванне. Да канца года такія меры застануцца. Гэта дае свой вынік. Калі ў цэлым на рынку свабодных цэн (гэта значыць цэн, якія не рэгулююцца дзяржавай) тэмп росту за апошніх 12 месяцаў склаў 3,7 працэнта, то па рэгулюемых сацыяльна значных таварах — 2,4 працэнта. У гэтым годзе дзякуючы такім мерам мы дасягнулі зніжэння цэн на асноўныя сацыяльна значныя тавары”, — падкрэсліў міністр.

Разам з тым Уладзімір Калтовіч адзначыў, што цэнавае рэгуляванне мае вынік толькі пры ўмове яго кароткатэрміновага прымянення — тэрмінам не больш за год. “Тым не менш сацыяльна значныя тавары — гэта прадмет увагі нумар адзін. Калі будуць неспрыяльныя ўмовы, то рэгуляванне мы пакінем і ў наступным го­дзе”, — запэўніў міністр.

Уладзімір Калтовіч нагадаў, што прагноз інфляцыі ў бягучым годзе складае 5 працэнтаў. “Ёсць падставы гаварыць аб тым, што гэты прагноз будзе выкананы. На сённяшні дзень мы адстаём ад прагнозу на 0,1 працэнта. Гэта значыц­ь інфляцыя крыху вышэйшая, чым мы прагназавалі па выніках сямі месяцаў, — адзначыў ён. — Асноўная прычына такой сітуацыі ў тым, што вясной на фоне пандэміі адбылося скарачэнне рынкаў, павялічыўся попыт, часам да ажыятажу, на некаторыя прадукты харчавання. Тым не менш прынятыя меры па рэгуляванні цэн на сацыяльна значныя тавары далі вынік і дазволілі стрымаць інфляцыю”.

“Усяго мы на гэты момант рэгулюем 20 таварных груп. Гэта 50 працэнтаў ад тавараабароту прадуктаў харчавання — дастаткова вялікая ў­дзельная вага, якая падлягае рэгуляванню. Гэта дало свой вынік”, — адзначыў міністр.

Ён дадаў, што фактычна ў Беларусі да канца трэцяга квартала года была аб’яўлена кампанія “Стоп цэны”. Шэрагу прадпрыемстваў, уключаючы натуральныя манаполіі, адрасавана просьба не павялічвац­ь цэны.