Сацыяльныя эпідэміі і сямейныя драмы

- 10:20Адукацыйная прастора

Чым педагог “лечыць” вучняў, бацькоў і школу?

Імідж сучаснай сярэдняй агульнаадукацыйнай установы залежыць не толькі ад таго, які статус яна носіць — гімназіі ці школы. У прыярытэце заўсёды было і будзе тое, наколькі правільна і гарманічна будуюцца ўзаемаадносіны ў вечным трохвугольніку — паміж выкладчыкамі, навучэнцамі і іх бацькамі. Відавочна, што за гэта, акрамя кіраўніка ўстановы, нясуць адказнасць і самыя прыбліжаныя да вучняў і іх сем’яў спецыялісты, педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі.

Пра тое, як правільна працаваць з дзецьмі і іх бацькамі, ці можна вырашаць праблемы, не выносячы іх за межы школы, і як вылечыцца ад сіндрому прафесійнага выгарання, расказала сацыяльны педагог гімназіі № 50 Мінска Вікторыя Мікалаеўна ФЯДОСАВА.

Да чаго прыводзяць праблемы ў сям’і?

Вікторыю Мікалаеўну навучэнцы любяць не толькі за тое, што яна з’яўляецца іх “прафесійным урачом”, у якога заўсёды знойдзецца правільны метад для вырашэння любой спрэчнай сітуацыі. У кабінет да сацыяльнага педагога дзеці прыходзяць проста для таго, каб расказаць пра свае поспехі і пажадаць настаўніцы добрага дня.

“У гімназіі працую 17 гадоў, — расказвае Вікторыя Мікалаеўна. — Увогуле, прафесія сацыяльнага педагога адносна новая. Раней, яшчэ 18 гадоў назад, яна не была настолькі запатрабаванай і неабходнай, як сёння. І ва ўніверсітэтах спецыялістаў такога кірунку не рыхтавалі. Прыйшоўшы ў школу з дыпломам настаўніка музыкі, я пайшла атрымліваць яшчэ адну вышэйшую адукацыю”.

Літаральна праз год пасля таго, як Вікторыя Мікалаеўна сабрала невялікі багаж вопыту работы сацыяльным педагогам, яе запрасілі да ўдзелу ў конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Сацыяльны педагог”.

“Да ўдзелу ў конкурсе запрашаліся тыя спецыялісты, хто меў вопыт работы ад 3 гадоў, — узгадвае Вікторыя Фядосава. — Мой стаж быў паўтара года, але менавіта мяне, пачынаючага сацпеда, выбралі ў якасці прадстаўніка ад Савецкага раёна. Для мяне гэта было вельмі хвалюючай падзеяй. Вопыт і веды, якія атрымала падчас удзелу ў конкурсе, спатрэбіліся для далейшых рабочых задумак, распрацоўкі планаў”.

Тое, што Вікторыя Фядосава атрымала другое месца на гарадскім этапе конкурсу, стала для яе неспадзяваным. Тым не менш менавіта гэтая падзея стала рашаючай у станаўленні настаўніцы як сацыяльнага педагога. Пасля гэтага ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства. Там настаўніца выступала ў складзе каманды ад Мінска, якая ў выніку заняла 1-е месца. Але на гэтым сюрпрызы не закончыліся.

“З 28 сацыяльных педагогаў выбіралі трох самых лепшых, — працягвае дзяліцца вопытам Вікторыя Мікалаеўна. — Нягледзячы на тое, што прызавых месцаў было 3, журы зацвердзіла яшчэ адно — чацвёртае, якое прысудзілі мне. Справа ў тым, што я набрала столькі ж балаў, як і настаўніца з Магілёва. Было б несправядліва, каб усе прызавыя месцы дасталіся мінчанам. Таму нас і раздзялілі на дзве прызавыя прыступкі. Але самым премным стала тое, што дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка, якая прысутнічала на конкурсе, запрасіла працаваць на факультэт. У выніку я паступіла ў магістратуру. Вучоба, тэарэтычныя веды, а таксама практычны вопыт работы з навучэнцамі, са студэнтамі далі яркае ўяўленне, як павінна будавацца работа з сям’ёй. Дарэчы, толькі правільныя ўзаемаадносіны з бацькамі, уменне паўздзейнічаць на дарослых даюць станоўчы эфект у рабоце з вучнямі.

Раней у сацыяльных педагогаў не было столькі глабальных праблем, як сёння. Безумоўна, мы сутыкаліся і з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным станові-шчы, і з навучэнцамі, на якіх звычайныя метады выхавання не дзейнічаюць. Але ж згадзіцеся, каб сацыяльны педагог мог развівацца як прафесіянал, ён павінен умець вырашаць любыя па сваім маштабе праблемы і канфлікты. Так, як толькі пачынала працаваць па сённяшняй спецыяльнасці, самай распаўсюджанай і набалелай з’явай былі цыгарэты. Сёння кураць у асноўным старшакласнікі, але нават такіх ужо няшмат. Мода на здаровы лад жыцця дае свае вынікі. Раней жа з цыгарэтамі ад нас, настаўнікаў, хаваліся нават навучэнцы 5-х класаў. Праблема, здаецца, мізэрная, але для яе вырашэння патрабавалася шмат часу і столькі ж бацькоўскіх нерваў. Чаму? Таму што любыя непрыемныя моманты павінны вырашацца толькі ў тандэме з бацькамі. І калі мама ці тата будуць зацікаўлены ў тым, каб іх дзіця выхоўвалася і расло правільна, яны з лёгкасцю пойдуць на кантакт са школьнымі спецыялістамі. Калі ж праблема будзе адмаўляцца і для дарослых будзе здавацца надуманай, станоўчых вынікаў гэта не прынясе”.

Як адзначыла Вікторыя Фядосава, сёння кола задач, з якімі сутыкаюцца сацыяльныя педагогі, больш шырокае. Безумоўна, ёсць праблемы глабальныя і лакальныя. Найбольшую небяспеку для дзяцей нясуць маштабныя сацыяльныя “эпідэміі”, напрыклад, гульні смерці, ад якіх у свой час патрэбна было ўмела засцерагчы навучэнцаў. Толькі кантроль, а таксама своечасовыя размовы з навучэнцамі, бацькамі даюць станоўчы вынік.

“На жаль, сёння вельмі многа навучэнцаў пакутуе ад сямейных драм, — тлумачыць сацыяльны педагог. — Дзеці заўсёды становяцца ахвярамі таго непаразумення, якое ўзнікае паміж татам і маці. Асабліва цяжка перажываюць момант скасавання шлюбу паміж бацькамі. Безумоўна, за гэтай праблемай цягнецца шэраг іншых. Непаўналетнія вымушаны мяняць месца жыхарства, прывыкаць да іншай сям’і. У дадатак да гэтага можа з’явіцца і неабходнасць змяніць навучальную ўстанову. Такі стрэс перажыць без эмацыянальных, псіхалагічных узрушэнняў немагчыма. А адаптацыя, як вядома, вельмі складаная з’ява. Таму ўзрастае не толькі роля сацыяльных педагогаў, але і псіхолагаў, з якімі мы павінны працаваць у адным кірунку. Увогуле, зыходзячы з уласнага вопыту, магу сказаць, што сучасная школа робіць усё магчымае для таго, каб стварыць сваім навучэнцам спрыяльныя ўмовы не толькі для вучобы, але і для іх гарманічнага развіцця па-за межамі школы”.

Ведаць закон і абараняцца ім

Вікторыя Фядосава прытрымліваецца меркавання, што дзейнасць сацыяльных педагогаў не павінна абмяжоўвацца назіраннем і патранажам над сем’ямі. Важным кірункам работы спецыяліста з’яўляецца распрацоўка цікавых і карысных сацыяльных праектаў, якія накіраваны на абарону непаўналетніх ад той несправядлівасці, з якой час ад часу даводзіцца сутыкацца кожнаму. Так, каб павысіць прававы ўзровень ведаў сваіх навучэнцаў, Вікторыя Мікалаеўна распрацавала праект “Фарміраванне прававой культуры навучэнцаў старшых класаў”.

“Сучаснасць дыктуе свае правілы, — працягвае сацыяльны педагог. — Але пэўныя ўстаноўкі не заўсёды правільныя, не ўсім ім трэба адпавядаць. Менавіта для таго, каб навучыць непаўналетніх абараняцца сваімі ж законамі, прытрымлівацца іх, і быў распрацаваны праект. На жаль, падлеткі калі-нікалі трапляюць у непрыемныя сітуацыі. Адбываецца гэта перш за ўсё з-за таго, што яны не да канца ўсведамляюць, што робяць, ці не разумеюць, якое пакаранне прадугледжана за той ці іншы ўчынак. Сёння грамадства ў многім стала больш свабодным. Гэта быццам і добра, але, з іншага боку, залішне развязвае ўсім нам рукі. Асабліва гэта тычыцца падрастаючага пакалення. Так, у школе хапае прадметаў, на якіх непаўналетніх вучаць правільным паводзінам, этычным нормам. А ў маім праекце прапанавана менавіта тэарэтычная частка, паказваецца, як трэба працаваць з падлеткамі, на што звярнуць увагу.

Даўно зразумела, што павучанне не з’яўляецца самым эфектыўным метадам работы з навучэнцамі. Нельга дзецям указваць на іх недахопы і папракаць гэтым. Важна навучыць рабіць правільна і пазбаўляцца мінулых памылак. Таму метад “Равеснік — равесніку”, калі роўны вучыць роўнага, сёння з’яўляецца найбольш правільным і дзейсным. Менавіта па гэтай прычыне самі дзеці і ставяць сцэнкі, у аснове якіх ляжыць не проста здарэнне, а праблема. Вырашыць яе можна выключна ў тым выпадку, калі будзеш валодаць пэўнымі прававымі ведамі. Згадзіцеся, такі падыход дапамагае дасягнуць пэўнага выніку.

Дарэчы, каб задзейнічаць у праекце як мага больш дзяцей, выбіраю хлопчыкаў і дзяўчынак з розных паралелей. У мяне няма вызначанага акцёрскага складу. Усе дзеці розныя. І гэта вельмі важна, таму што роля, якая падыходзіць аднаму, каб, напрыклад, разыграць сітуацыю па незаконным ужыванні наркатычных сродкаў, не падыдзе іншаму вучню. Ён проста не зможа прымераць да сябе гэтую ролю, таму што і характар, і тэмперамент у яго іншы. Такім чынам, чым больш дзяцей будзе са мной у праекце, тым больш гледачоў з’явіцца ў школьнай актавай зале. Кожны з падлеткаў кантактуе са сваёй кампаніяй, а значыць, вынесці законную выснову з таго ці іншага проціпраўнага сцэнічнага ўчынку зможа многа навучэнцаў”.

Такім чынам, прафілактыка проціпраўных паводзін, злачынстваў з’яўляецца адным з важных кірункаў работы сацыяльнага педагога. Але гэтым дзейнасць актыўнай настаўніцы не абмяжоўваецца.

Прафесіяналізм, які не выгарае

“Яшчэ адным кірункам творчай дзейнасці з’яўляецца распрацоўка праекта па здаровым ладзе жыцця, — тлумачыць В.М.Фядосава. — Гэтая тэма заўсёды была і будзе актуальнай для любой установы адукацыі. Вялікае значэнне мае і тое, як падаць інфармацыю. Як сацыяльны педагог лічу, што эфектыўнасць праектнай дзейнасці заключаецца ў тым, які спектр кантактаў у ёй задзейнічаны. Зразумела, можна было аформіць проста стэнд, паказаць рэкламныя ролікі, але калі аб праблеме дзецям будуць расказваць спецыялісты, то гэта іх зачэпіць. Менавіта па гэтай прычыне да ўдзелу ў дыскусіях мы ці самі запрашаем спецыялістаў у школу, ці водзім дзяцей у спецыялізаваныя ўстановы. Так, хадзілі з дзяўчынкамі-падлеткамі ў раддом, дзе ўрачы правялі лекцыі на адпаведныя тэмы”.

Нягледзячы на значнасць усіх кірункаў праектнай работы, галоўнай для сацыяльнага педагога з’яўляецца праблема нармалізацыі адносін у сям’і паміж бацькамі і дзецьмі. На гэтым Вікторыя Мікалаеўна робіць асаблівы акцэнт. Як адзначыла педагог, менавіта некампетэнтнасць сучаснага бацькоўскага пакалення ў шматлікіх пытаннях выклікае непаразуменне і канфлікты з дзецьмі. Дарослыя не ўмеюць правільна рэагаваць на сітуацыю і там, дзе не трэба, уключаюць эмоцыі замест розуму.

“Бацькі часта ігнаруюць відавочныя праблемы, з якімі сутыкаюцца іх дзеці, — тлумачыць сваю пазіцыю Вікторыя Фядосава. — Але так быць не павінна. Дарослым неабходна навучыцца бачыць праблему, быць пільным у адносінах да дзіцяці і заўсёды ў размове кантраляваць эмоцыі, не паддавацца ім. Акрамя гэтага, менавіта бацькі павінны быць першымі дарадцамі для свайго дзіцяці. Ніякае вулічнае акружэнне — а яно сёння можа быць згубным для непаўналетніх — не павінна замяняць сям’ю. Упэўнена, любую цяжкасць можна вырашыць. Галоўнае — давяраць адно аднаму. Калі ж самастойна справіцца не атрымліваецца, варта звярнуцца ў школу да сацыяльнага педагога ці педагога-псіхолага. Кожны раз, калі даводзіцца размаўляць з сям’ёй наконт той ці іншай праблемы, кажу, што мамам і татам важна быць юрыдычна падкаванымі. Толькі ў такім выпадку можна абараніць інтарэсы свайго дзіцяці і не дапусціць разгарання канфліктаў як унутры дома, так і з незнаёмымі людзьмі. Увогуле, задача сацыяльнага педагога — умець своечасова дыягнаставаць эмацыянальны і псіхалагічны стан дзіцяці і пасля разам з бацькамі выпраўляць усе недахопы, якія з’яўляюцца прычынай многіх няшчасцяў”.

Умець працаваць на апярэджанне праблемы — вось што важна ў рабоце не толькі сацыяльнага педагога, але і ўсяго педагагічнага калектыву. Безумоўна, час ад часу большасць настаўнікаў сутыкаецца з праблемай прафесійнага выгарання. Пазбегнуць гэтага сіндрому могуць толькі тыя, хто трапіў у настаўніцкую сферу невыпадкова. І Вікторыя Фядосава — адна з такіх педагогаў. Любіць сваю работу, дзяліцца вопытам, ставіцца да навучэнцаў як да роўных і заўсёды ўдасканальваць сваё майстэрства — ці не гэта з’яўляецца паказчыкам прафесіяналізму?

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.