Сацыяльныя інавацыі — адказ на сучасныя выклікі

- 17:09Рознае, Сацыяльны ракурс

ІІІ Рэспубліканскі сацыяльны форум “Сацыяльныя інавацыі ва ўмовах сучасных выклікаў” прайшоў днямі ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау. У ім прынялі ўдзел больш за 250 прадстаўнікоў з Беларусі, Германіі, краін СНД. Сярод іх — спецыялісты розных міністэрстваў, грамадскіх арганізацый, бізнес-суполак, а таксама дзяржаўных устаноў, міжнародныя эксперты па сацыяльнай рабоце. У цэнтры абмеркавання на форуме былі актуальныя тэндэнцыі і запыты, якія з’явіліся ў сацыяльнай сферы, магчымыя шляхі вырашэння сацыяльна значных праблем, лепшыя інавацыйныя напрацоўкі. Мэта мерапрыемства — вызначэнне асноўных кірункаў і прыярытэтаў развіцця інавацыйнай работы ў сацыяльнай сферы Беларусі.

“Вынікам дыскусій, якія адбываліся на першых двух сацыяльных форумах, што прайшлі ў нашай краіне ў 2011 і 2013 гадах, стала з’яўленне новых форм сацыяльнай работы, якія знайшлі ўвасабленне ў рабоце органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, таксама ў сумеснай іх дзейнасці з партнёрамі з недзяржаўнага сектара, — падкрэсліў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак. — Лепшае пацвярджэнне гэтага — рэалізацыя адпаведнага дзяржаўнага сацзаказу. У 2013 годзе ў сілу ўступіла новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльным абслугоўванні”. Галоўная навацыя закона — увядзенне дзяржаўнага сацыяльнага заказу, які вызначаецца як механізм прыцягнення юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да аказання сацыяльных паслуг і рэалізацыі сацыяльных праектаў з мэтай задавальнення патрэб грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама павышэнне даступнасці і паляпшэнне якасці сацыяльных паслуг. Увядзенне дзяржсацзаказу дазволіць больш аператыўна вырашаць найбольш значныя сацыяльныя праблемы, развіваць інавацыйныя тэхналогіі, пашыраць віды сацпаслуг, а таксама прыцягваць дадатковыя матэрыяльныя, фінансавыя і працоўныя рэсурсы ў сістэму сацыяльнага абслугоўвання.

Значная тэма ў нашай рабоце акрэслілася ў сувязі з падпісаннем Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Канвенцыі ААН “Аб правах інвалідаў”. Зараз актыўна вядзецца работа па ратыфікацыі гэтага дакумента, распрацоўваецца нацыянальны план дзеянняў па яго рэалізацыі”.

Каардынатар Праграмы падтрымкі Беларусі з Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Вольга Рэнш-Ветцаль паведаміла: “Наша праграма пачалася як праект у 2002 годзе. З гэтага часу рэалізавана каля 200 вялікіх і малых праектаў ва ўсіх сферах сацыяльнага развіцця, адукацыі, экалогіі і г.д. У рамках праграмы ладзіліся семінары, круглыя сталы, сустрэчы, міжнародныя паездкі і практыкі, міжнародныя форумы і фестывалі — усе мерапрыемствы служылі міжсектарнаму ўзаемадзеянню паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі. У гэтым годзе завяршае сваю работу сёмы этап Праграмы падтрымкі Беларусі. Мы скіроўваем свае намаганні ў асноўным на павышэнне прафесійнага ўзроўню супрацоўнікаў няўрадавых арганізацый, на ўнутрысектарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне, у тым ліку на падтрымку асацыяцый і саюзаў, якія садзейнічаюць нашай рабоце”.

Вынікі ўкаранення механізма дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў Беларусі, па меркаванні выступоўцы, прадэманстравалі наяўнасць некаторых перашкод пры пашырэнні сферы яе прымянення, якія звязаны з недастатковай рэгламентацыяй у заканадаўстве, у працэдуры фарміравання заказу, а таксама з недастатковай колькасцю і са слабай матывацыяй некамерцыйных арганізацый і нізкім узроўнем ведаў яе супрацоўнікаў аб самім дзяржаўным заказе.

“У 2008 годзе Канвенцыя ААН “Аб правах інвалідаў” была падпісана ў Расіі, а ў 2012 годзе яна была ратыфікавана, — адзначыў старшыня праўлення і навуковы кіраўнік Нацыянальнага цэнтра праблем інваліднасці Аляксандр Лысенка (Масква). — На працягу трох гадоў, з 2007 па 2009 год, у Расіі рэалізоўваўся праект “Расія — ЕС”, які быў прысвечаны праблемам стварэння сістэмы рэабілітацыі інвалідаў. У Расіі ў той жа час падрыхтаваны новы федэральны Закон (№ 419) аб парадку аказання дапамогі інвалідам, які пачаў працаваць з 1 студзеня гэтага года. У гэтага закона вялікі патэнцыял — ужо на федэральным узроўні прыняты змяненні амаль у 30 нарматыўных прававых актах Расійскай Федэрацыі”.

Аляксандр Лысенка адзначыў, што пры Прэзідэнце Расіі існуе камісія па справах інвалідаў. Такія камісіі створаны пры ўсіх кіраўніках суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, у органах заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады ў Расіі прызначаны дзяржслужачыя, якія адказваюць за рэалізацыю палажэнняў Канвенцыі ААН у гэтых органах. Таксама выступоўца расказаў пра дзяржпраграму “Даступнае асяроддзе”, якая функцыянуе ў Расіі з 2011 года.

Аб сацыяльных прадпрыемствах Германіі расказаў Крыстаф Вэбер-Шлаус, супрацоўнік бадэльшвінгскіх фондаў Бетэль (Германія): “Задача сацыяльнага цэнтра “Бетэль” — даць магчымасць атрымаць прафесію, спецыяльнасць і знайсці работу людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Пры нашай арганізацыі дзейнічаюць працоўныя майстэрні, ёсць цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі і навучання, служба прафесійнай інтэграцыі. Задача гэтых арганізацый — дапамагаць людзям з цяжкімі абмежаваннямі інтэгравацца ў агульны рынак працы, знаходзіць сябе ў сацыяльным прадпрымальніцтве, уладкоўвацца на работу на інтэграцыйныя прадпрыемствы. Фінансаванне інтэграцыйных прадпрыемстваў ажыццяўляецца і з дзяржаўнага бюджэту ў выглядзе кампенсацый (паколькі людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць права на атрыманне кампенсацыйных выплат). Але асноўная частка заработнай платы супрацоўнікаў складаецца з даходаў прадпрыемства ад вынікаў дзейнасці”.

Вопытам інстытуцыяналізацыі паслуг для дзяцей з аўтызмам падзялілася Марціна Штайнхаус з рэгіянальнай асацыяцыі аўтызму Везэр-Емс (Германія). Яна расказала, што федэральны саюз “Аўтызм-Германія” прадстаўляе інтарэсы людзей з аўтызмам і іх родных. Арганізацыя налічвае 10 тысяч членаў і вядзе шырокую інфармацыйна-асветніцкую работу, распаўсюджвае актуальную навуковую інфармацыю, арганізоўвае кангрэсы і канферэнцыі, выдае кнігі і брашуры, падтрымлівае ўстановы і мерапрыемствы, якія аказваюць эфектыўную дапамогу людзям з аўтызмам, дапамагае дарослым людзям з аўтызмам інтэгравацца ў сферу прафесійнай дзейнасці.

Вопытам станаўлення сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Расіі падзялілася Ганна Брусніцына, эксперт фонду рэгіянальных сацыяльных праграм “Наша будучыня” (Расія), які быў створаны ў 2007 годзе на асабістыя сродкі ўладальніка кампаніі “Лукойл” Вагіта Алякперава. “Наш фонд выдзяляе да 60 млн расійскіх рублёў у год на падтрымку сацыяльнага прадпрымальніцтва, у тым ліку на падтрымку стартапаў, — адзначыла Ганна Брусніцына. — Як сведчыць статыстыка фонду “Наша будучыня”, 41% сацыяльных прадпрымальнікаў выбіраюць праекты, звязаныя з развіццём дашкольнай адукацыі — адкрыццё садоў, новых гурткоў, рознага кшталту школ для дзяцей. У той жа час свабодных ніш дастаткова (экалогія, развіццё сельскай гаспадаркі, турызм і г.д.). Хтосьці з бізнесменаў вырашае праблему падлеткаў, якія прадастаўлены самі сабе, і будуе даступныя спартыўныя комплексы. Або адкрывае прадпрыемства па зборы смецця і яго перапрацоўцы. А хтосьці адкрывае майстэрню традыцыйных нацыянальных рамёстваў”.

***

У межах форуму працавалі секцыі, дыскусійныя пляцоўкі, на якіх дэталёва разглядаліся пытанні інавацый у развіцці сферы сацыяльнага абслугоўвання, укаранення інавацый у дзяржаўную сістэму сацыяльнага абслугоўвання, развіцця паліятыўнай дапамогі, суправаджальнага пражывання дзяцей з АПФР, адкрыццё інклюзіўных класаў ва ўстановах адукацыі. Гаворка ішла і аб развіцці форм і відаў дзейнасці ў сацыяльнай сферы, аб прадпрыемствах малога і сярэдняга бізнесу Беларусі, якія можна аднесці да катэгорыі сацыяльных прадпрыемстваў, і перспектывах іх развіцця, аб фактарах развіцця сацыяльнага прадпрыемства ў нашай краіне, аб вопыце сеткавання беларускіх сацыяльных прадпрыемстваў, аб вопыце сацыяльнага франчайзінгу ў Беларусі і інкубіравання сацыяльнага прадпрымальніцтва.

Асобны блок пытанняў звязаны з ажыццяўленнем першых крокаў на шляху да рэалізацыі Канвенцыі ААН “Аб правах інвалідаў”, са стварэннем нацыянальнага механізма рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ў першы перыяд пасля яе ратыфікацыі. Быў праведзены аналіз заканадаўства на адпаведнасць палажэнням Канвенцыі “Аб правах інвалідаў”. Абмяркоўвалася тэма імплементацыі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю — ад пацыента да грамадзяніна. У фармаце сусветнага кафэ ўдзельнікі форуму вырашалі, што яны могуць зрабіць разам у 2016 годзе для рэалізацыі Канвенцыі “Аб правах інвалідаў” у Беларусі.

Надзея ЦЕРАХАВА.