Саюз адыгрывае стабілізуючую ролю і станоўча ўплывае на стан краін-удзельніц

- 11:41Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністры краін Еўразійскага эканамічнага саюза даручылі Еўразійскай эканамічнай камісіі выбудоўваць дыялог з Кітаем і Еўрасаюзам. 

Аб гэтым паведаміў старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян па выніках праведзенага ў Маскве пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета.

“На пасяджэнні былі вызначаны дакладныя рамкі для ЕЭК у тым, як працаваць з Еўрасаюзам і як будаваць дыялог з КНР”, — сказаў Тыгран Саркісян. Пры гэтым ён -адзначыў, што казахстанскі бок у якасці старшыні ў ЕАЭС вызначыў адным з прыярытэтаў у гэтым годзе інтэнсіфікацыю работы ЕАЭС з трэцімі краінамі.

Старшыня калегіі паведаміў, што кіраўнікі ўрадаў прынялі шэраг рашэнняў, якія тычацца правядзення ўзгодненай прамысловай палітыкі. У прыватнасці, зацверджана палажэнне аб фарміраванні і функцыянаванні еўразійскіх тэхналагічных платформ.

Тыгран Саркісян адзначыў таксама, што прэм’ер-міністры дамовіліся прадоўжыць на наступным пасяджэнні міжурадавага савета, якое пройдзе ў маі ў Ерэване, абмеркаванне праекта канцэпцыі агульнага рынку нафты і нафтапрадуктаў. Там жа будзе прадоўжаны разгляд пытанняў, звязаных з чыгуначнымі перавозкамі.

Акрамя таго, падкрэсліў старшыня Калегіі ЕЭК, кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС дамовіліся, што будуць праводзіць свае сустрэчы часцей.

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, адзначыў, што Беларусь чакае сур’ёзных зрухаў ва ўстараненні выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі ў ЕАЭС.

“Беларусь прытрымліваецца думкі, што галоўная мэта — гэта ўстараненне выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, — сказаў Андрэй Кабякоў. — У сувязі з гэтым прапаноўваю вярнуцца да нашай ідэі сабраць прапановы бакоў па першачарговым спісе 10—20 выключэнняў і прыняць меры па іх аператыўным устараненні. Беларускі бок чакае сур’ёзных зрухаў у гэтай рабоце ў сувязі са структурнымі пераўтварэннямі ў камісіі — назначэннем члена Калегіі ЕЭК па пытаннях функцыянавання ўнутраных рынкаў і стварэннем адпаведнага дэпартамента”.

Андрэй Кабякоў таксама адзначыў, што беларускі бок чакае ўзмацнення каардынуючай ролі ЕЭК пры вырашэнні ўнутраных супярэчнасцей паміж дзяржавамі ЕАЭС. Гэта тычыцца ў тым ліку пытанняў забеспячэння свабоднага гандлю і допуску да дзяржаўных закупак, тарыфнай і нетарыфнай абароны ўнутранага рынку ЕАЭС, асабліва ва ўмовах далучэння новых дзяржаў да саюза і ўступлення Казахстана ў СГА.

Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні міжурадавага савета падкрэсліў, што ЕАЭС — гэта сучаснае і эфектыўнае інтэграцыйнае аб’яднанне, якое прыносіць рэальныя вынікі як у перыяд, калі эканомікі растуць, так і ў перыяд, калі эканомікі краін-удзельніц знаходзяцца ў няпростай сітуацыі. “Уплыў на стан спраў у эканоміцы аказваюць знешнія фактары, аднак статыстычныя даныя сведчаць, што ЕАЭС адыгрывае стабілізуючую ролю і станоўча ўплывае на стан эканомік краін-удзельніц”, — сказаў Прэм’ер-міністр Расіі.

Ён адзначыў, што пакуль краіны ЕАЭС адстаюць у пытаннях фарміравання дагаворна-прававой базы, а таксама ў пытаннях, звязаных з ліквідацыяй выключэнняў і абмежаванняў у гандлі таварамі і паслугамі, свабодным перамяшчэннем людзей і капіталаў.

Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што прэм’ер-міністры краін ЕАЭС на пасяджэнні ў вузкім складзе абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння з Кітаем. Адначасова ён адзначыў, што апошнім часам паступаюць сігналы аб зацікаўленасці ва ўзаемадзеянні і ад еўрапейскіх партнёраў. “Мы да такога руху гатовы з улікам прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемнай выгады”, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр Расіі.