Эх, мабыць, нават і падумаць не мог наш славуты першадрукар 500 гадоў назад, што праз паўтысячагоддзя яго еўрапейскія сцежкі-вандроўкі пераплятуцца з асветніцкімі маршрутамі адной з найбольш значных фінансавых структур сучаснай Беларусі — Белгазпрамбанка! Хаця чаму і не… Сам Францыск у свой час неаднойчы апекаваўся ўплывовымі мецэнатамі ў сваёй высакароднай справе. Гэтая справа працягваецца: дзякуючы Белгазпрамбанку ў Беларусь вярнулася “Малая падарожная кніжка” Францыска Скарыны, а ўжо ў маі стартуе міжнародны выставачны праект “Дарогамі Францыска Скарыны з Белгазпрамбанкам”, які ахопіць Літву, Польшчу, Чэхію, Італію і, безумоўна ж, нашу Беларусь — краіны, для якіх доктар са слаўнага горада Полацка быў свой.
Як адзначыў надоечы на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка, ідэя вярнуць на радзіму адну з самых каштоўных кніг Скарыны — “Малую падарожную кніжку” (Вільня, 1522) — не давала спакою куратарам нацыянальна-гістарычнага праекта Белгазпрамбанка “Арт-Беларусь” апошнія два гады. Але сёння гэта ўжо рэальнасць: “Малая падарожная кніжка”, трэба спадзявацца, назаўсёды знайшла прытулак на радзіме свайго славутага аўтара. Гэта збор прызначаных для падарожнікаў царкоўных кніг невялікага фармату: “Псалтыр”, “Часасловец”, “Шасцідневец”, “Саборнік”, акафісты, каноны. У адным пераплёце — 18 кніг, упрыгожаных унікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, 9 з якіх маюць пасляслоўе самога Скарыны. Менавіта гэтую кнігу эксперты лічаць першай кнігай, выдадзенай у Вялікім Княстве Літоўскім. І сёння гэта адзіны экзэмпляр кнігі ў Беларусі.
Францыск, безумоўна, не ведаў, што праз паўтысячагоддзя пасля яго папяровая кніга зможа “схавацца” на дысках, у электронных кнігах, у інтэрнэтных файлах. Але ён быў вялікім прарокам і ў тым сэнсе, што фактычна вынайшаў фармат pocket book — кішэнную кнігу, якую кожны паспаліты чалавек мог пакласці ў кішэню сваёй світы і ўзяць з сабой у дарогу. “Малую падарожную кніжку” прэзентавалі падчас прэс-канферэнцыі журналістам. Яна акурат улезла б у стандартную кішэню джынсаў Levi’s або пінжака касцюма ад “Камінтэрна”. Колькі тысяч долараў было б у такім разе ў кішэні разам з “Малой падарожнай кніжкай” Францыска Скарыны — гэта камерцыйная тайна. Віктар Бабарыка на адпаведныя пытанні журналістаў аджартаваўся: “А памножце кошт звычайнай кнігі гэтак на 18…”
“А калі сур’ёзна, вы павінны разумець, што сапраўдны калекцыянер толькі багацее з набыццём каштоўнага экспаната, — заўважыў Віктар Дзмітрыевіч. — А ў выпадку з “Малой падарожнай кніжкай” Скарыны пытанне не ў тым, што цяпер яна знаходзіцца ў распараджэнні Белгазпрамбанка, а ў тым, што яна знаходзіцца ў распараджэнні Рэспублікі Беларусь, у распараджэнні беларускіх спецыялістаў”.
Пошукі ўнікальнага экзэмпляра “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны Віктар Бабарыка назваў зусім дэтэктыўнай гісторыяй, і шукальнікам, па яго словах, вельмі пашанцавала, што яна была ў руках беларуса, які з трапятаннем ставіцца да культурнай спадчыны радзімы. “Ён не быў гатовы пазбавіцца такога рарытэта са сваёй калекцыі, але юбілейная дата беларускага кнігадрукавання падштурхнула яго да такога кроку, што мы і выкарысталі. У гэтай здзелцы, а мне не хочацца называць нашы дамоўленасці здзелкай, сышлося многае: і жаданне ўладальніка зрабіць бессмяротны падарунак радзіме, і наша жаданне набыць гэты помнік літаратуры, і агульнанацыянальны ўсплёск творчай энергіі ў сувязі з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання, — сказаў Віктар Бабарыка. — А да таго, як “Малая падарожная кніжка” апынулася ў руках свайго апошняга ўладальніка, яе сляды губляліся ажно ў Сібіры”.
Па словах дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага, з набыццём Белгазпрамбанкам “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны Беларусь выходзіць на трэцюю пазіцыю ў свеце па колькасці арыгінальнай спадчыны Скарыны. Найбольш кніг-аўтэнтыкаў Скарыны сёння знаходзіцца ў Расіі, усяго ж вядома пра наяўнасць 520 асобнікаў-арыгіналаў.
Міжнародны выставачны праект “Дарогамі Францыска Скарыны з Белгазпрамбанкам” стартуе ў маі ў Літве. Кампанію нядаўна набытай Белгазпрамбанкам “Малой падарожнай кніжцы” складзе “Кніга Іова” (1517, Прага) з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Потым пра ект пракоціцца праз Польшчу, Чэхію, Італію — праз гарады гэтых краін, дзе наш першадрукар пачынаў сваю слаўную справу кнігадрукавання. На кожны з прыпынкаў запланаваны навуковыя канферэнцыі, сустрэчы, лекцыі. Неад’емнымі складнікамі такіх імпрэз будуць наведванне іх удзельнікамі віртуальнай майстэрні Францыска Скарыны і прагляд дакументальнага фільма “Дарогамі Скарыны”, які будуць дэманстраваць на мове краіны знаходжання.
Стомлены і шчаслівы Францыск вернецца да нас у верасні — на Дзень беларускага пісьменства ў Полацку.
Стомлены, шчаслівы, ён прысядзе на беразе Палаты, дастане са світы свае кнігі, пачуе нас, хто прысядзе побач, і пачытае нам: “И всякому человеку потребна чести, понеже ест зерцало жития нашего, лекарство душевное, потеху всем смутным, наболей тым, они же суть в бедах и в немощах положены, надежа истинная восстания из мертвых и вечного живота. Просто ж я, Францишек, Скоринен сын из Полоцка, в лекарскых науках доктор, знаючи сее, иже ест наивышшая мудрость размышление смерти и познание самого себе, и въспоминание на приидущие речи, казал есми тиснути книгу святого Иова рускым языком богу ко чти и людеи посполитым к научению”.
Мікола ЧЭМЕР.