Аўтарскі праект “Жывая рука” настаўніцы адаптыўнай фізічнай культуры сярэдняй школы № 111 Мінска Наталлі Уладзіміраўны Чырыца адрасаваны навучэнцам з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, ДЦП. Распрацоўка, накіраваная на актывізацыю міжпаўшарных сувязей і карэкцыю рухальных дысфункцый рук, прызнана сёлета лепшай у рэспубліканскім маладзёжным праекце БРСМ “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка” і прадстаўлялася на XXVII Міжнароднай выставе “ТІБО-2021”.
Наталля Уладзіміраўна Чырыца — спецыяліст, які пастаянна вучацца, асвойвае новыя тэхналогіі. Яе настольныя кнігі — па анатоміі, фізіялогіі, біямеханіцы, паталогіі і тэраталогіі чалавека, гігіене, масажы і ЛФК. Двойчы (у 1999 і 2020 гадах) педагог з адзнакай скончыла Смаленскую дзяржаўную акадэмію фізічнай культуры, спорту і турызму, дзе асвойвала тэорыю і методыку фізвыхавання моладзі, адаптыўную фізкультуру. У 2011 годзе Наталля Уладзіміраўна атрымала дыплом дашкольнага педагога ў БДПУ імя Максіма Танка.
“На базе нашай школы ў класах інтэграванага навучання і выхавання вучацца 10 дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, ДЦП, — гаворыць мая суразмоўніца. — Для іх створана безбар’ернае асяроддзе: маюцца ліфты і спецыяльныя туалетныя пакоі, класы абсталяваны спецыяльнай мэбляй, ёсць пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, сенсорны пакой і інш. Стварэннем адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі я пачала займацца 6 гадоў назад. У 2017 годзе ў школе быў адкрыты кабінет адаптыўнай фізкультуры з неабходным прадметна-развіццёвым асяроддзем. А ў найбліжэйшыя дні пачне працаваць кабінет эрга- і механатэрапіі, які напоўніцца новымі карыснымі прыстасаваннямі, што размесцяцца ў зонах сенсорнага вопыту, прапрыяцэптыўнай, візуальнай і гульнявой зонах”.
У рамках праекта “Жывая рука” педагог зрабіла доследны ўзор мультыпараметрыйнага комплексу для сенсорных секвенцый з мэтай актывізацыі міжпаўшарных сувязей і карэкцыі рухальных дысфункцый рук у дзяцей са спастычнай формай ДЦП. Яна распрацавала спецыяльную методыку прымянення комплексу і адпаведныя прыёмы работы. Названы комплекс складаецца з чатырох спецыяльных сталоў. Наталля Уладзіміраўна прапануе педагогам выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі міні-ванну з вадой для выканання спецыяльных практыкаванняў: дыскавага тактыльна-дыдактычнага і масажнага комплексаў для кісцяў рук у вадзе, арт-тэрапеўтычных практыкаванняў. Яны палепшаць кровазварот, каардынацыю рухаў пальцаў, будуць садзейнічаць зняццю спастычнасці і ўстараненню тугарухомасці (кантрактуры) суставаў. Эфектыўнасць працэдуры павысіць выкарыстанне розных прыстасаванняў: шыпаваных мячоў, ролікаў, пальчатак, празрыстых лічбаў, літар і інш., а таксама выкананне заданняў з прымяненнем міжпрадметных сувязей (спалучэнне адаптыўнай фізкультуры з матэматыкай і канструяваннем). Заняткі на спецыяльным дыскавым тактыльна-дыдактычным стале палепшаць у дзяцей зрокава-тактыльную каардынацыю, мабільнасць суставаў, будуць развіваць міжпаўшарныя сувязі, аднаўляць цягліцавую і звязкавую тканкі, актывізуюць работу галаўнога мозга, дакладнасць і правільны парадак дотыкаў, належны хват прадметаў. І зноў тут пажадана ўлічваць міжпрадметныя сувязі. Работа за сталом арт-тэрапіі (пескаграфіі) развівае ў дзяцей эмацыянальную стабільнасць, міжпаўшарныя сувязі, каардынацыю рухаў пальцаў рук. Педагог таксама рэкамендуе стол для масажу кісцяў рук. На занятках Наталля Чырыца прымяняе дадатковыя прыстасаванні ў выглядзе спецыяльных валікаў і ўкладачных мяшкоў. Выкарыстанне мультыпараметрыйнага комплексу ў карэкцыйнай і рэабілітацыйнай рабоце істотна павышае яе эфектыўнасць за кошт уключэння дадатковых фізічных магчымасцей дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, ДЦП. У іх адбываецца прырашчэнне дынамікі развіцця рухальных функцый, фарміруюцца самыя простыя рухальныя, псіхаматорныя і сенсорныя функцыі. У выніку павышаюцца якасць жыцця дзяцей, паляпшаецца іх сацыялізацыя і адаптацыя да звычайнага асяроддзя.
Наталля Уладзіміраўна распрацоўвае план па мадэрнізацыі мультыпараметрыйнага комплексу, стварэнні новых трэнажораў і абсталявання. Каб матываваць дзяцей да актыўнага ўдзелу ў занятках, каб яны ажыццяўлялі рухальныя дзеянні з разуменнем, для чаго ім гэта патрэбна, педагог пачала выкарыстоўваць на занятках акуляры віртуальнай рэальнасці. Дзякуючы спецыяльнай праграме на смартфоне HumanAnatomyVR (зборнік атласаў па анатоміі — віртуальныя мадэлі шкілета, мадэлі цягліц і г.д.) праз акуляры вучні бачаць, што адбываецца з цягліцамі кісцяў іх рук, адсочваюць работу кісцяў (супінацыя, пранацыя), даведваюцца, наколькі яна ўзаемазвязана з работай галаўнога мозга і як уплывае на кагнітыўныя функцыі. Сумесна са спецыялістамі БНТУ педагог плануе распрацаваць праграму для VR-акуляр, якая дапаможа праводзіць заняткі па адаптыўнай фізкультуры для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, ДЦП, накіраваныя на сенсорную інтэграцыю і рухальную рэабілітацыю. Наталля Чырыца пастаянна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі, тым больш што сярэдняя школа № 111 Мінска з’яўляецца базай па спецыяльнай адукацыі для слухачоў павышэння кваліфікацыі АПА і МГІРА і сюды часта прыязджаюць спецыялісты пераймаць вопыт.
Надзея ЦЕРАХАВА.