Сэрца школы — музей Героя Беларусі

- 12:40Брэстчына

Брэсцкая сярэдняя школа № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата вядзе сваю гісторыю з верасня 1945 года. Да 2000 года ў школе вучыліся пераважна дзеці ваеннага гарадка, таму вядучым напрамкам работы ўстановы за перыяд усёй яе дзейнасці было грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў.

Сэрцам навучальнай установы па праве лічыцца школьны музей імя Героя Беларусі Уладзіміра Мікалаевіча Карвата. Музей з’яўляецца цэнтрам не толькі грамадзянска-патрыятычнага, але і маральнага выхавання.

Сваю гісторыю ён пачынае з 1960 года. Менавіта тады быў заснаваны музей баявой славы сярэдняй школы № 8 Брэста. Ля вытокаў стварэння музея стаяў настаўнік рускай мовы і літаратуры Мікалай Аляксандравіч Гусікаў. З 1965 па 1999 год захавальнікам фондаў школьнага музея баявой славы была намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Элеанора Пятроўна Красько. З 1996 года ў навучальнай установе вядзецца вялікая работа па ўвекавечанні памяці выпускніка школы 1976 года Героя Беларусі У.М.Карвата.

2012 год адкрыў новы этап у жыцці школьнага музея: пасля рэканструкцыі ён быў перайменаваны ў музей У.М.Карвата і 28 лістапада, у дзень нараджэння героя, гасцінна прыняў сваіх першых наведвальнікаў.

— Пад школьным музеем мы разумеем не проста экспанаты і выставы, а разнастайныя формы дзейнасці школьнікаў, якія ўключаюць пошук і збор матэрыялаў, паходы, экскурсіі па месцах баявой славы, сустрэчы з ветэранамі, відавочцамі падзей Вялікай Айчыннай вайны, запіс іх успамінаў, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жанна Міхайлаўна Лапыка.

Сёння ў музеі распрацаваны і праводзяцца экскурсіі “Апошні палёт”, “Ля вытокаў мужнасці”, “Ветэраны педагагічнай працы”, “Лётчыкі-героі — ураджэнцы Брэстчыны”. Членамі клуба “Патрыёт” праводзяцца тэматычныя выставы і інфармацыйныя гадзіны, конкурсы творчых работ (малюнкаў, сачыненняў, эсэ) да дня нараджэння і гібелі У.М.Карвата, да юбілейных дат, да Дня Канстытуцыі, Дня абаронцаў Айчыны, Дня Перамогі.

На плошчы ў 52 квадратныя метры размясціліся 287 экспанатаў, многія з якіх — асабістыя рэчы героя. Экспанаты сучаснага музея прадастаўлены мамай героя і яго жонкай, таварышамі па службе, аднакласнікамі. Кожны школьны клас прымае ўдзел у фарміраванні экспазіцыі музея, якая ўвесь час папаўняецца. Гэта і запісы ўспамінаў настаўнікаў, сваякоў, аднакласнікаў, і фотаматэрыялы, сачыненні, вершы, малюнкі і г.д. Традыцыйна ў школе праводзяцца лінейкі памяці, урокі мужнасці, прысвечаныя памяці У.М.Карвата, сустрэчы з роднымі і блізкімі, аднакласнікамі і аднапалчанамі героя.

Цэнтральнае месца ў музеі займае макет зоркі, у сярэдзіне якой размешчана панарама вёскі, падзенне самалёта, якія сімвалізуюць апошнія хвіліны палёту і ратаванне жыцця людзей. Музейная прастора падзелена на некалькі экспазіцый: “Лётчыкі-героі — ураджэнцы Брэстчыны” (прысвечана лётчыкам, якія здзяйснялі подзвігі, асвойвалі касмічную прастору і арктычныя шыроты, за што былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза), “Школьныя гады”, “Сям’я. Вучоба. Станаўленне” (прысвечаны дзяцінству, юнацтву, захапленням Валодзі Карвата, традыцыям сям’і героя, станаўленню лётчыка і афіцэра). Адной з самых кранальных з’яўляецца экспазіцыя “Мама і сын”. Гучаць трапяткія словы-ўспаміны маці, як рос, мужнеў, любіў і адказваў на матчыну любоў. У экспазіцыі “Узнагароды героя” прадстаўлены муляж зоркі Героя і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб узнагароджаннi. Працягам экспазіцыі з’яўляецца ўзнагародны лiст i службовая характарыстыка.

У экспазіцыі “Прафесійнае майстэрства” фатаграфіі, успаміны таварышаў па службе, лётныя кніжкі, касцюм для вышынных палётаў і шлем У.М.Карвата знаёмяць наведвальнікаў з багатым прафесійным вопытам лётчыка. Экспазіцыя “Памятаем і шануем” змяшчае матэрыялы СМІ, дзе адлюстравана веліч подзвігу чалавека, які выратаваў цаной свайго жыцця сотні іншых.

За мінулы год у музеі У.М.Карвата пабывалі 1262 наведвальнікі, сярод якіх — навучэнцы школьных і дашкольных устаноў адукацыі, маладыя і вопытныя педагогі, удзельнікі міжнародных спартыўных турніраў, госці Брэста. Ганаровымі гасцямі школьнага музея былі супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі, мэр Брэста, члены сям’і У.М.Карвата.

У кнізе водгукаў выпускнікі школы пакінулі запіс ад 04.08.1969: “Мы, былыя выпускнікі, прысвяцілі шэсць гадоў школьнага жыцця музею баявой славы. Нам вельмі прыемна, што распачатае намі працягваецца. Дарагія нашы паслядоўнікі, ідзіце дарогай бацькоў-герояў, збірайце вялікую спадчыну нашага народа. Высока нясіце гонар сваёй школы, горада, краіны”.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.