Сертыфікат — пуцёўка ў ВНУ

- 11:08Вышэйшая школа

У першы дзень выдачы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы віншавалі абітурыентаў, якія атрымалі стабальныя вынікі.

На цырымонію, якая ўжо стала традыцыяй, запрасілі герояў дня і іх настаўнікаў, бацькоў.

— У Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе былі зарэгістраваны 7162 абітурыенты для выканання 24 425 тэстаў па чатырнаццаці прадметах, — паведаміла намеснік начальніка Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесіянальнай арыентацыі моладзі Святлана Апановіч. — У 2016 годзе зарэгістраваных было 8348 чалавек на 22 480 тэстаў. 10 чалавек, якія здавалі тэсты непасрэдна ў ГрДУ, атрымалі стабальныя вынікі. Тры з іх — па матэматыцы.

Алеся Вянсковіч самы высокі вынік атрымала па біялогіі. Выпускніца Жалудоцкай сярэдняй школы імя В.Урублеўскага Шчучынскага раёна марыць стаць урачом, а любоў да біялогіі прывіла ёй Таццяна Генрыхаўна Глаўдаль. Алеся вучылася ў профільным класе, дзякуючы настаўніцы атрымала выдатныя веды. Скарысталася магчымасцю зда ць тэсты па чатырох прадметах, і іх вынікі пацвердзілі жаданне паступіць у медыцынскі ўніверсітэт — па хіміі атрымала 80 балаў, па беларускай мове — 87. “Запасным” прадметам была матэматыка.

Дарэчы, колькасць зарэгістраваных на чатыры прадметы склала 49 працэнтаў.

Выпускнік гімназіі № 1 імя Я.Карскага Гродна Аляксей Кашырскі таксама ўдзячны сваёй настаўніцы англійскай мовы Маргарыце Валянцінаўне Карп — яна адна з першых даведалася аб стабальным выніку свайго вучня.

У гэты дзень віншавалі і тых, хто паказаў вынікі не ніжэйшыя за 95 балаў. Сярод тых, хто здаваў ЦТ у ГрДУ, звыш 90 балаў набралі 223 чалавекі: 49 чалавек — па рускай мове, 29 чалавек — па біялогіі, 27 — па беларускай мове, 21 чалавек — па фізіцы.

У выпускніцы сярэдняй школы № 15 Гродна Маргарыты Жук у “скарбонцы” трох сертыфікатаў — 281 бал (нямецкая мова — 96, руская мова — 93, гісторыя — 92 балы). Ад імя усіх прысутных дзяўчына падзякавала сваім настаўнікам і бацькам, якія дапамаглі дасягнуць такога поспеху.

Як паведаміла начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская, па звестках на 10 ліпеня, навучэнцы Гродзеншчыны атрымалі 26 стабальных вынікаў. Лічбы гэтыя могуць змяніцца ў сувязі з тым, што некаторыя абітурыенты праходзілі цэнтралізаванае тэсціраванне на тэрыторыі іншых абласцей, няма яшчэ даных па выніках рэзервовых дзён. Як і штогод, радуюць стабальнымі вынікамі выпускнікі сельскіх школ. У гэтым годзе такія паказчыкі ёсць у Навагрудскім, Дзятлаўскім, Слонімскім, Шчучынскім раёнах.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.