Шануем традыцыйнае, развіваем сучаснае

Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі адкрыўся ў 2019 годзе ў сучасным і ўнікальным па архітэктуры і дызайне будынку, абсталяваным па апошнім слове тэхнікі. Гэта шматпрофільная ўстанова, дзе прадастаўляецца комплекс сучасных адукацыйных паслуг. У 39 аб’яднаннях па інтарэсах сёння вучыцца 1945 навучэнцаў. Дзейнасць гэтых аб’яднанняў каардынуецца з работай дзіцячых грамадскіх арганізацый. Тут падтрымліваецца дзіцячая ініцыятыва і вучнёўскае самакіраванне, арганізуюцца культурна-масавыя мерапрыемствы, адпачынак у аздараўленчым лагеры.

Намеснік дырэктара цэнтра Н.С.Ляховіч.

Ва ўстанове ідзе планамерны пошук дадатковых грашовых сродкаў для ўдасканалення яе дзейнасці, вырашэння актуальных сацыяльных і культурных праблем. Штогод спецыялісты цэнтра распрацоўваюць і падаюць на ўдзел у грантавых конкурсах да 5 сацыяльных праектаў. Наладжана супрацоўніцтва з арганізатарамі конкурсу дабрачынных праектаў інжынірынгавага дывізіёна на тэрыторыях прысутнасці ў Расіі і Беларусі, якімі з’яўляюцца АТ ІК “АСЭ”, АТ “Атамэнергапраект”, АТ “АТАМПРАЕКТ”. З 2016 па 2020 год рэалізаваны 15 дабрачынных праектаў рознай накіраванасці. Усе яны прайшлі конкурсны адбор і атрымалі фінансаванне.

Намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-метадычнай рабоце Настасся Станіславаўна Ляховіч расказала аб найбольш яркіх і цікавых праектах і напрамках дзейнасці. Сярод іх — традыцыйныя: выяўленчае мастацтва, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, вакал, харэаграфія і сучасныя напрамкі. 26 новых аб’яднанняў па інтарэсах, якіх да гэтага часу не было ў Астравецкім раёне, былі адкрыты ў бягучым навучальным годзе: дрэваапрацоўка, кераміка і лепка, 3D-мадэляванне, школа прыгажосці.

Дзякуючы гранту АТ ІК “АСЭ”, у 2019 годзе каля ўваходу ў будынак цэнтра была абсталявана гульнявая пляцоўка, для таго каб падчас перапынкаў і заняткаў дзеці маглі адпачыць на свежым паветры, змяніць род дзейнасці, фізічна і разумова развівацца, сацыяльна адаптавацца. Пры добрым надвор’і на пляцоўцы праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, конкурсы, гульні, квесты, майстар-класы і іншае.

Народны майстар Беларусі В.В. Віннічак.

У кабінеце керамікі і лепкі праходзяць заняткі аб’яднання “Жывая гліна”. У распараджэнні дзяцей ёсць печ, ганчарны круг. Педагог Марына Станіславаўна Швец адзначыла, што ўнікаль­насць гуртка ў тым, што дзеці працу­юць са спецыяльнымі глазурамі, строга выконваючы тэхналогію работы з глінай. Навучэнцы аб’яднанняў па кірунку выяўленчага мастацтва штогод перамагаюць на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Заняткі право­дзяць тры педагогі па групах: з дзецьмі ад 4 да 6 гадоў, вучнямі 1—7 класа і вучнямі 8—11 класа. У фае цэнтра творчасці можна азнаёміцца з выставамі фота, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і работамі педагога народнага май­стра Беларусі па саломапляценні Валянціны Вільеўны Віннічак, якая расказала нам пра сваю новую звязаную кручком калекцыю “Кветкавая сімфонія” з прыгожымі ажурнымі парасонамі, зробленымі разам з выхаванцамі. У творчай скарбонцы майстра ёсць і калекцыя адзення, выкананая ў тэхніцы выцінанкі, якая перамагла на рэспубліканскім конкурсе “Залатыя нажніцы”. У 2019 годзе ў Доме моды Вячаслава Зайцава ў Маскве прайшоў паказ калекцыі “Атам-куцюр”, прысвечаны 65-годдзю першай АЭС і году заснавання атамнага ледакольнага флоту. У конкурсе “Атам-куцюр” прымалі ўдзел больш за 300 удзельнікаў. Валянціна Вільеўна са сваімі вучаніцамі была запрошана ў Маскву як пераможца гэтага конкурсу, дзе прадэманстравала сваю дэкарыраваную саламянымі ўзорамі калекцыю. Падзеяй для дзяцей стаў не толькі паказ, але і мерапрыемствы з удзелам вядомых дызайнераў. Напрыклад, творчая сустрэча ў МДУ з Аляксеем Сухаравым — шэф-стылістам праграмы “Модны прысуд”, стылістам праекта “На 10 гадоў маладзей”.

У кабінеце дрэваапрацоўкі пад кіраўніцтвам педагога Людмілы Мікалаеўны Рагавенка юныя майстры выразаюць лобзікам вырабы з дрэва ў розных мастацкіх тэхніках, размалёўваюць іх. У рамках аб’яднання “Лазернае майстэрства” пад кіраўніцтвам Марка Валер’евіча Дзямідчыка рэалізуецца бізнес-кампанія “Дзівоцтва бай”, дзе навучэнцы на лазерным дрэваапрацоўчым станку пры дапамозе гравёра ствараюць розныя вырабы. Гэта новыя тэхналогіі апрацоўкі дрэва, якія маюць дзве вялікія перавагі — дакладнасць, аж да сотых міліметра, і хуткасць, бо выканаць заказ можна за мінуты. Педагог прадэманстраваў працэс вырабу з дапамогай лазернага гравёра календара з эмблемай “Настаўніцкая газета”.

У кабінеце тэхнічнай творчасці пад кіраўніцтвам педагога Дзмітрыя Канстанцінавіча Ігнаціка дзеці збіраюць робатаў з простых дэталей і праграмуюць іх. Праект “Робататэхніка” з’яўляецца конкурсным і ўяўляе сабой працяг праекта “Робат і Я”, які быў рэалізаваны ў 2017/2018 навучальным годзе пры падтрымцы АТ ІК “АСЭ”, у рамках рэалізацыі якога была адкрыта студыя робататэхнікі. Сёння ў студыі займаецца 81 навучэнец 6—17 гадоў. Для дзяцей ад 6 да 8 гадоў заняткі праводзяцца ў гульнявой форме, яны вывучаюць базавае праграмаванне. Дзеці старэйшага ўзросту вучацца праграмаваць робатаў і ствараюць усім вядомых робатаў: кракадзілаў, ахоўнікаў, а таксама гоначныя машыны. Наступная ступень развіцця ў студыі робататэхнікі — уменне ўласнаручна ства­раць робатаў з прымяненнем электронных плат, блок-схем і падключэннем алгарытмаў работы. Такое захапленне дзяцей можа перарасці ў будучую прафесію ў сферы IT-тэхналогій. У кабінеце тэхнічнай творчасці таксама знаходзіцца сублімацыйны станок па стварэнні малюнкаў на майках, кубках, талерках. На спецыяльную сублімацыйную паперу на струйным прынтары выводзіцца жаданы малюнак. Затым на станку пры тэмпературы 180—200 градусаў за некалькі мінут прынт пераносіцца на выраб.

У цэнтры дзейнічае гурток “Школа прыгажосці”, кіраўнікамі якога з’яўляюцца тры педагогі па розных напрамках дзейнасці: Алена Іванаўна Чарняўская, Наталля Валянцінаўна Янкоўская і Анжаліка Валер’еўна Бандарэнка. На занятках дзяўчаты асвойваюць майстэрства крою і шыцця, вучацца рамантаваць адзенне, ствараць калекцыі, спасцігаюць навуку дэфіле, робяць макіяж і прычоскі. Рэалізацыя праекта фестывалю-конкурсу юных мадэльераў і дызайнераў “Сілуэт” дазволіла знайсці і падтрымаць дзяцей, таленавітых у дызайнерскім мастацтве, развіць у іх цікавасць да гісторыі касцюма, творчай спадчыны мадэльераў-канструктараў, вытворчасці адзення і паслуг. Дзеці атрымліваюць практычныя навыкі па распрацоўцы, праектаванні і стварэнні адзення з розных матэрыялаў. Пераможцы раённага фестывалю-конкурсу “Сілуэт” дэманструюць сваю калекцыю адзення ў конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. У выніку ўдзелу ў II Міжнародным фестывалі мастацтваў “Вёска Fest — 2021” калекцыя адзення “Galaxy sity” ў намінацыі “Тэатр моды. Лепшая калекцыя адзення” атрымала гран-пры. Дыпломамі лаўрэата І ступені адзначана калекцыя адзення “Кветкавая сімфонія”, дыпломам ІІ ступені — калекцыя “Васільковая мара”. Калекцыя “Эка-kids” пад кіраўніцтвам педагога Веранікі Мікалаеўны Кумішча адзначана дыпломам ІІ ступені. На гэтым фестывалі навучэнцы Астравецкага ЦТДіМ папоўнілі сваю творчую скарбонку 8 узнагародамі. Танцавальны калектыў “Эўрыка” стаў дыпламантам ІІІ ступені ў намінацыі “Харэаграфія” (узроставая катэгорыя 11—15 гадоў), у намінацыі “Вакал (сола)” з 9 удзельнікаў ва ўзросце 10—12 гадоў лепшай, на думку журы, была прызнана Дар’я Арцем’ева. У гэтай жа катэгорыі Ангеліна Доўкша адзначана дыпломам лаўрэата ІІІ ступені. Дзяўчынкі займаюцца ў вакальнай студыі “Карусель” пад кіраўніцтвам Настассі Станіславаўны Ляховіч. У гэтым годзе гэта ўжо другая іх узнагарода на міжнародным узроўні. У цэнтры таксама дзейнічае танцавальны калектыў “Нон-стоп” пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Наталлі Валянцінаўны Янкоўскай і педагога па спартыўна-бальных танцах Маргарыты Іванаўны Пратасевіч. Касцюмы для выступленняў дзецям шые педагог цэнтра Алена Іванаўна Чарняўская.

Традыцыйнымі для Астравецкага ЦТДіМ сталі раённы фестываль КВЗ, інтэлектуальныя чэмпіянаты і турніры “Што? Дзе? Калі?”, турзлёты навучэнцаў, турніры па міні-футболе, фестываль-конкурс “Таленты Прынямоння”, конкурсы навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, малюнкаў, патрыятычнай песні, адукацыйных відэакліпаў, агляд-конкурс “Лідар года” і г.д. Ва ўстанове рэалізуецца праект “Разам для дзяцей і сям’і”, накіраваны на арганізацыю сумеснага вольнага часу дзяцей і бацькоў. У рамках аб’яднання па інтарэсах “Жаночы круг” ажыццёўлены праект “28 петляў”, накіраваны на дапамогу неданошаным дзецям. На занятках гэтага аб’яднання пад кіраўніцтвам ініцыятыўнага педагога Настассі Яўгеньеўны Гарадзецкай маладыя матулі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, вяжуць з шэрсці рэчы для неданошаных дзетак. На цяперашні час звязана 320 штук капялюшыкаў, шкарпэтачак, камізэлек і цацак, якія перадалі ў перынатальныя цэнтры Мінска. Праект “Формула здаровага лета = ЦТДіМ + я” накіраваны на арганізацыю вольнага часу падчас летняй аздараўленчай кампаніі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.