Шчасце быць настаўнікам

- 11:31Людзі адукацыі

Роля настаўніка ў сучасным грамадстве — адна з найважнейшых. Я.А.Каменскі пісаў: “Настаўніку даручана вялікая пасада, вышэйшай за якую нічога не можа быць пад сонцам”. Сапраўднымі настаўнікамі становяцца людзі адукаваныя, творчыя, яскравыя. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Ніна Анатольеўна Дыліка, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 1 Касцюковіч.

Ніна Анатольеўна працуе ў школе восем гадоў. За гэты час яна зразумела, што дзеці чакаюць на ўрок настаўніка патрабавальнага, справядлівага, уважлівага, творчага, з пачуццём гумару. Адным словам, настаўніка, апантанага сваёй працай, гатовага павесці за сабой, настаўніка, які сам кожную хвіліну імкнецца пазнаць новае.

Галоўная задача сучаснага настаўніка, на думку Ніны Анатольеўны, — развіць цікавасць да свайго прадмета, дапамагчы вучням атрымаць веды, якія будуць карыснымі і неабходнымі не толькі на ўроках хіміі, але і ў штодзённым жыцці. Менавіта таму апошнія два гады настаўніца працуе над праблемай рэалізацыі метапрадметнага падыходу на ўроках хіміі. Ніна Анатольеўна заўсёды паўтарае: “Галоўнае не сума ведаў, а развіццё здольнасцей”. Таму на сваіх уроках яна перш за ўсё вучыць дзяцей уменню самастойна здабываць веды з розных крыніц, самастойна выкарыстоўваць іх на практыцы. Метапрадметны падыход прадугледжвае не запамінанне, а прадумванне найважнейшых паняццяў, “пераадкрыванне” ведаў на розным вучэбным матэрыяле і абавязковую рэфлексіўную дзейнасць. Кожны ўрок Ніны Анатольеўны напоўнены жыццём. У свой час Ісаак Ньютан адзначаў, што пры вывучэнні навук прыклады больш карысныя за правілы.

Абавязковы атрыбут метапрадметнага ўрока — стварэнне праблемнай сітуацыі, што садзейнічае фарміраванню ў навучэнцаў умення самастойна асэнсоўваць супярэчнасці і фармуляваць праблему. Настаўніца актыўна выкарыстоўвае на ўроках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, што не толькі павышае матывацыю да вывучэння вучэбнага прадмета “Хімія”, але і дазваляе больш вынікова ўзаемадзейнічаць з вучнямі на розных этапах урока.

Асаблівую ролю ў межах метапрадметнага ўрока настаўніца надае даследчаму метаду, які актывізуе прадукцыйнае мысленне, фарміруе падыход да працэсу навучання, уменне рашаць практычныя задачы ў нестандартнай сітуацыі.

Эфектыўнасць педагагічнай дзейнасці Ніны Анатольеўны пацвярджаецца дасягненнямі яе вучняў. Штогод яны з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі конкурсу работ вучняў даследчага характару, Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія”, дыстанцыйных алімпіяд і конкурсаў.

Ніна Анатольеўна ўвесь час працуе над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню. У гэтым навучальным годзе яна прыняла актыўны ўдзел у фестывалі метадычных распрацовак “Сучасны ўрок — метапрадметны ўрок”, які праходзіў у Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, і была ўзнагароджана дыпломам. Аб высокім прафесійным узроўні маладой настаўніцы сведчыць і той факт, што яна стала лаўрэатам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Хімія. Біялогія” і ўзнагароджана дыпломам II ступені.

Ніна Анатольеўна Дыліка — маладая таленавітая настаўніца, якая ніколі не спыняецца на дасягнутым. Безумоўна, не заўсёды ўрок атрымліваецца такім, як плануеш, усё прадугледзець немагчыма, але менавіта ў такой сітуацыі праяўляецца майстэрства настаўніка, яго ўменне прыняць правільнае рашэнне. Таму кожны дзень з любоўю і натхненнем яна ўваходзіць у клас і пачынае свой урок з верай у тое, што кожны, хто працуе ў школе, працуе на будучыню і ў адказе за гэтую будучыню.

Святлана КАСЦЯНКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Касцюковіч.