Навошта патрэбны “юрыдычныя клінікі” ва УВА, якую карысную інфармацыю можна знайсці на Дзіцячым прававым сайце і дзе будуць прадстаўлены распрацоўкі пераможцаў конкурсу для педагогаў “Прававая майстэрня”.
Менавіта ў дзяцінстве і юнацтве фарміруецца прававая культура будучых дарослых грамадзян, усведамленне неабходнасці дзейнічаць “па законе” ў бытавых сітуацыях, у прафесійным і грамадскім жыцці. Асновай гэтага працэсу з’яўляецца прававое выхаванне і асвета. Аб сучасных інструментах данясення адпаведнай інфармацыі да маладога пакалення пагаварылі з намеснікам дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (НЦПІ) Вячаславам Мечыслававічам Бякетам.
У полі зроку
— Сёння амаль трэць жыхароў Беларусі адносіцца да катэгорыі дзяцей і моладзі. Відавочна, што будучыня залежыць ад таго, як мы выхаваем і чаму навучым іх, — падкрэслівае Вячаслаў Бякета. — Маральныя асновы, паняцці пра “дабро і зло”, прававая культура чалавека і яго светапогляд закладваюцца ў дзяцінстве, ідуць з сям’і, фарміруюцца ў школе і атрымліваюць агранку ў больш сталым узросце. Вельмі важна дапамагчы будучым дарослым стаць дастойнымі прадстаўнікамі нашага грамадства, навучыць іх разумець нормы права, сфарміраваць разуменне неабходнасці іх выканання. Абсалютна заканамерна, што Стратэгіяй развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года прававое выхаванне моладзі аднесена да ліку асноўных прыярытэтаў і заўсёды знаходзіцца ў полі зроку дзяржаўных органаў і арганізацый. У Рэспубліцы Беларусь прынята дастатковая колькасць нарматыўных прававых актаў і паспяхова рэалізуецца мноства праграм і праектаў па падтрымцы, абароне і прававой асвеце дзяцей і моладзі. І тут, несумненна, важна забяспечыць бесперашкодны доступ да крыніц прававой інфармацыі, што заслугоўваюць даверу, і, адпаведна, да права. Гэтым і займаецца з моманту свайго стварэння ў 1997 годзе наш цэнтр, цэнтральная навукова-практычная ўстанова, якая ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ажыццяўляе збор, улік, апрацоўку, захаванне, сістэматызацыю і актуалізацыю прававой інфармацыі, забяспечвае яе распаўсюджванне, праводзіць экспертна-аналітычную работу, а таксама афіцыйнае апублікаванне прававых актаў.
У 2022/2023 навучальным годзе плануецца правядзенне інфармацыйнай гадзіны “Гордасць за Беларусь. Дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі”.
— Раскажыце падрабязней, якія праекты, што рэалізуе НЦПІ, звязаны з асветніцкай работай у маладзёжным асяроддзі?
— Неабходна разумець, што прававая асвета і выхаванне дзяцей і моладзі магчымы толькі пры дапамозе самога права. Для таго каб юныя грамадзяне маглі знайсці важную і карысную для сябе інфармацыю, у тым ліку ў адаптаваным выглядзе і ў форме інтэрактыўнай інфаграфікі, зразумець, як прымаюцца нарматыўныя прававыя акты, паўдзельнічаць у іх абмеркаванні і ўнесці свае прапановы па іх удасканаленні, НЦПІ распрацоўвае і вядзе інфармацыйна-прававыя рэсурсы, якія забяспечваюць бесперашкодны доступ да надзейных крыніц права.
Да такіх платформ можна аднесці Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал (pravo.by). З 2012 года ён з’яўляецца адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання прававых актаў. На ім прадстаўлены доступ і да іншай важнай інфармацыі — праектаў законаў, што разглядаюцца ў парламенце, судовых рашэнняў, гістарычных звестак.
Інфармацыйна-пошукавыя сістэмы “ЭТАЛОН” і “ЭТАЛОН-ONLINE” ствараюць магчымасці для зручнай работы з эталоннай прававой, правапрымяняльнай, аналітычнай і іншай карыснай інфармацыяй. Прававы форум Беларусі ўяўляе сабой пляцоўку для інтэрактыўных зносін па пытаннях, звязаных з правам, правапрымяняльнай практыкай, растлумачэннем заканадаўства, з’яўляецца асноўным рэсурсам для грамадскага абмеркавання праектаў нарматыўных прававых актаў. І, вядома ж, гэта Дзіцячы прававы сайт, дзе дзеці і падлеткі, бацькі і педагогі могуць задаць пытанні, што цікавяць іх, знайсці шмат карыснай і патрэбнай інфармацыі.
— Зыходзячы з вышэйсказанага, Дзіцячы прававы сайт больш за ўсё арыентаваны на падлеткаў?
— У сваёй рабоце наш цэнтр выбудоўвае зносіны з кожным чалавекам у максімальна даступнай форме. З 2008 года Дзіцячы прававы сайт (mir.pravo.by) дапамагае дзецям і падлеткам атрымліваць юрыдычныя веды, знаходзіць адказы на дарослыя пытанні, там можна атрымаць параду ў складаных сітуацыях, даведацца аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і правах грамадзян нашай краіны.
Асноўная мэта праекта — развіць маральныя якасці дзяцей, сфарміраваць у падрастаючага пакалення пазітыўны вобраз права, выхаваць пачуццё важнасці правоў і абавязкаў дзіцяці, паслядоўна выпрацаваць у іх не толькі веды і навыкі, але і каштоўнасныя ўстаноўкі, якія будуць неабходны ім для жыцця і дзейнасці ў грамадстве.
Пляцоўкі ўзаемадзеяння
— Кожнаму пакаленню бліжэй “свае” падыходы да атрымання інфармацыі: старэйшаму — на паперы, маладому — у віртуальнай прасторы. Што вы прапануеце рознай аўдыторыі?
— Безумоўна, мы арыентуемся на запыты і перавагі ўсіх пакаленняў беларусаў: выпускаем друкаваныя прававыя выданні, фарміруем і развіваем інтэрнэт-рэсурсы, актыўна падтрымліваем сувязь з нашымі падпісчыкамі ў Facebook, Instagram, “УКантакце”, “Аднакласніках”, Twitter, Viber і Telegram. На старонках сайтаў і ў акаўнтах сацыяльных сетак мы асвятляем навіны, мерапрыемствы, якія праводзяцца, і падзеі прававога жыцця Рэспублікі Беларусь.
Напрыклад, Дзіцячы прававы сайт — гэта не проста інфармацыйная пляцоўка, а месца ўзаемадзеяння, інтэрактыву — конкурсаў, віктарын, смарт-мобаў, якія ў займальнай форме далучаюць юных грамадзян да свету права. Так, у 2021 годзе мы арганізавалі конкурс відэаролікаў “Прававы лайфхак “У мяне шчаслівае дзяцінства — гэта маё права”, у 2022 годзе сумесна з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь — рэспубліканскі смарт-моб па прафілактыцы наркаманіі сярод непаўналетніх “Выберы сваю альтэрнатыву”.
Зусім нядаўна, 15 чэрвеня, адбыўся запуск конкурсу для педагогаў “Прававая майстэрня”, падчас якога будуць адабраны лепшыя вучэбна-метадычныя распрацоўкі прававой тэматыкі для факультатыўных і гуртковых заняткаў, інфармацыйных і класных гадзін. Упэўнены, настаўнікі Беларусі гатовы прапанаваць сучасныя і запатрабаваныя шляхі ўцягнення нашых дзяцей у свет права. Дзіцячы прававы сайт абавязкова падзеліцца гэтымі распрацоўкамі для наступнага выкарыстання ў вучэбна-асветніцкай рабоце ўстаноў адукацыі.
— Вячаслаў Мечыслававіч, НЦПІ узаемадзейнічае з дзецьмі і моладдзю толькі ў віртуальным асяроддзі ці ёсць і іншыя формы актыўнасці?
— Мы імкнёмся данесці карысную інфармацыю кожнаму праз найбольш зручныя крыніцы і фарматы зносін. Для дзяцей, навучэнцаў і студэнтаў мы таксама праводзім экскурсіі па НЦПІ і нашых рэгіянальных цэнтрах, у гульнявой форме пашыраем іх кругагляд у свеце права.
Таксама праводзім урокі па прававой тэматыцы, выступаем арганізатарам і інфармацыйным партнёрам дзіцячых і маладзёжных мерапрыемстваў, падтрымліваем іх ініцыятывы. Усё гэта дазваляе дзецям не толькі даведацца больш пра займальны свет права, выявіць лідарскія якасці, але і вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.
Штогадовыя прафарыентацыйныя сустрэчы ў школах Беларусі — адна з форм работы НЦПІ. З 2020 года мы ўдзельнічаем у праекце “Школа актыўнага грамадзяніна”, дзе расказваем дзецям пра ролю юрыдычнай прафесіі ў грамадстве. У снежні 2021 года запусцілі сумесны з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі новы інфармацыйна-адукацыйны праект для старшакласнікаў — прававы турнір “Сіла закона”. Удзел у ім прынялі больш як 16 тысяч школьнікаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі.
Дзіцячы прававы сайт — гэта не проста інфармацыйная пляцоўка, а месца ўзаемадзеяння, інтэрактыву — конкурсаў, віктарын, смарт-мобаў.
Не толькі для будучых юрыстаў
— А ў рабоце са студэнтамі на чым робіце акцэнт?
— Характар мерапрыемстваў, што праводзяцца з удзелам студэнтаў, істотна адрозніваецца ў залежнасці ад таго, якую прафесію выбраў малады чалавек. Цалкам зразумела, што будучы хімік-тэхнолаг і юрыст па-рознаму вывучаюць права, аб’ём патрабаванняў, што прад’яўляецца да іх ведаў і разумення розных працэсаў, таксама адрозніваецца.
Пры гэтым у любым выпадку мы стараемся замацаваць ва ўсіх само разуменне права, расказаць пра тое, як і дзе знайсці неабходную інфармацыю і выкарыстаць яе. Перакананы, такія веды заўсёды спатрэбяцца як у звычайным жыцці, так і ў прафесійнай дзейнасці.
Са студэнтамі, будучая прафесія якіх звязана непасрэдна з правам, мы працуем ужо больш прадметна, у тым ліку рэалізуючы адукацыйныя праграмы. Высокую цікавасць выклікаюць гульнявыя формы, у якіх цесна пераплецены дух саперніцтва і юрыдычныя веды. НЦПІ арганізуе прававыя квесты, квізы, брэйн-рынгі і спаборніцтвы. Намі распрацавана захапляючая настольная гульня “Я ведаю законы”, якая асабліва спадабалася будучым юрыстам.
Павышаную ўвагу ўдзяляем развіццю студэнцкай прававой навукі, удзельнічаем у арганізацыі і правядзенні канферэнцый, семінараў і круглых сталоў.
Цэнтр з’яўляецца партнёрам Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды, а таксама іншых юралімпіяд у вядучых рэгіянальных вышэйшых навучальных установах Беларусі. Мы распрацоўваем спецыяльныя алімпіядныя заданні, якія тычацца грамадскага абмеркавання праектаў нарматыўных прававых актаў, экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў і работы з прававымі рэсурсамі.
Асобна варта сказаць аб аказанні інфармацыйна-прававой падтрымкі ў функцыянаванні “юрыдычных клінік” на базе вышэйшых навучальных устаноў, дзе ўсе грамадзяне могуць атрымаць бясплатныя кансультацыі ад студэнтаў-
юрыстаў пад дакладным кіраўніцтвам выкладчыкаў.
Лічым, што ўключэнне будучых спецыялістаў у такія праекты садзейнічае развіццю і павышэнню ўзроўню іх прафесійнай прававой культуры.
— Вы згадвалі супрацоўніцтва з БРСМ. А хто яшчэ ў тэме прававога выхавання моладзі?
— Мы ў пастаянным кантакце з грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі арганізацыямі. Сумесна з Маладзёжным парламентам пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе правялі І Беларускі маладзёжны парламенцкі форум. Штогод падтрымліваем яшчэ адзін значны форум — па школьнай медыяцыі, які арганізуе Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў. Пастаянна прымаем удзел ва ўсебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі”, прымеркаванай да Дня Канстытуцыі, а таксама ў мерапрыемствах да Дня абароны дзяцей, Дня ведаў, Дня моладзі і студэнцтва, Дня правоў чалавека і іншых значных дат.
— Дзякуй, Вячаслаў Мечыслававіч, за цікавую і змястоўную гутарку! НЦПІ, якому сёлета спаўняецца 25 гадоў, жадаем далейшых поспехаў і новых цікавых праектаў.
— Хацелася б падзякаваць “Настаўніцкай газеце” за шчырую цікавасць да пытанняў прававога выхавання маладога пакалення нашай краіны. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам сфарміраваць у юных беларусаў свядомае, паважлівае стаўленне да права, веданне і разуменне сваіх правоў, абавязкаў і адказнасці.
Святлана ГРЫБ.