Шчасце — проста быць разам

- 10:09Сацыяльны ракурс, Соцыум

Каханне і агульныя інтарэсы, узаемадапамога і падтрымка адно аднаго. На думку пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” Марыны і Аляксандра Жураўлёвых са Слаўгарада, менавіта ў гэтым аснова сямейнага дабрабыту.

Марына Генадзьеўна — дырэктар раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Аляксандр Уладзіміравіч — інжынер цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна. Іх моцнай, дружнай сям’і ўжо 14 гадоў. А звязала разам іх у свой час творчасць.

— Мы пазнаёміліся на сцэне. У літаральным сэнсе. Я маладым спецыялістам працавала ў раённым цэнтры культуры і курыравала работу мясцовага клуба вясёлых і знаходлівых. У складзе каманды, якая прадстаўляла гарадскі прафесійны ліцэй, аказаўся Аляксандр. З першага погляду звярнула на яго ўвагу. Ды і як інакш: высокі, статны, з выдатным пачуццём гумару. Ён вылучаўся сярод іншых, — расказвае Марына
Жураўлёва.

Як прызнаецца Аляксандр, ён таксама адразу заўважыў прыгажуню Марыну. Актыўная, ініцыятыўная, сваёй энергіяй яна запальвала на рух наперад усіх вакол.

— Памятаю, як праз пару тыдняў пасля той лёсавызначальнай сустрэчы на фестывалі КВЗ паехала на сесію ў інстытут культуры. Саша тады пісаў мне доўгія і шчырыя смс-паведамленні. Пасля прыезду пага­дзілася на спатканне. Неўзаўважна ўспыхнулі ўзаемныя пачуцці. Так і пачалася наша гісторыя, — дзеліцца Марына Генадзьеўна.

За гады шлюбу ў сям’і Жураўлёвых былі і радасныя моманты, і цяжкасці. З усім муж і жонка заўсёды спраўляюцца разам. Бо, як кажуць, усё можна пераадолець, калі побач ёсць блізкі чалавек, на якога можна спадзявацца.

— Аляксандр менавіта такі. Ён добры, клапатлівы, адказны. Побач з мужам заўсёды адчуваю сябе як за каменнай сцяной. Дакладна ведаю, што ў любой сітуацыі ён прыйдзе на дапамогу, падставіць плячо, — гаворыць Марына Генадзьеўна.

Дарэчы, хатніх клопатаў у Жураўлёвых хапае. У сям’і падрастаюць чацвёра дзяцей. Тры сыны — Уладзіслаў, Яраслаў, Расціслаў і дачка Алінка.

— Я вырасла ў вялікай сям’і, аднак мы самі мнагадзетнымі бацькамі станавіцца не планавалі. Але жыццё склалася так, а не інакш. І сёння мы вельмі гэтаму рады. У дзецях знаходзім ні з чым непараўнальнае шчасце, — адзначае Марына Жураўлёва.

Паводле яе слоў, вядома, вельмі складана ўсё паспя­ваць. Акрамя работы кіраўніка, Марына Генадзьеўна не пакінула педагогіку. Па-ранейшаму кіруе дзіцячай тэатральнай студыяй, вакальным ансамблем. А яшчэ — займаецца грамадскай работай, з’яўляецца актывісткай аб’яднанняў “Белая Русь”, “Бе-
ларускі дзіцячы фонд”, “Беларускі фонд міру” і іншых. 

— Бывае, стамляюся. Але муж — мой самы надзейны тыл. Ды і ўсе цяжкасці кампенсуюцца галоўнай узнагародай: усмешкамі дзяцей, іх цёплымі абдымкамі, — падкрэслівае Марына Жураўлёва.

Разам Марына Генадзьеўна і Аляксандр Уладзіміравіч прыкладаюць усе намаганні для таго, каб у сыноў і дачкі было шчаслівае бесклапотнае дзяцінства. Яны ва ўсім падтрымліваюць дзяцей, а тыя радуюць бацькоў сваімі поспехамі і дасягненнямі.

Старэйшы сын Уладзіслаў вучыцца ў 9 класе і ўжо плануе сваю будучыню. Юнак скончыў музычную школу, сур’ёзна захапляецца музыкай і нават сам складае кампазіцыі ў стылі IDM. Яраслаў, якому 12 гадоў, таксама пасля вучобы рэгулярна спяшаецца ў музычную школу. Хлопчык асвойвае акардэон і ўзмоцнена займаецца вакалам. За шматлікія перамогі на музычных конкурсах і сур’ёзны песенны рэпертуар яго ўжо пра­звалі “слаўгарадскім Магамаевым”. Такі ж артыстычны Расціслаў. Хлопчык услед за братамі мае намер ісці вучыцца ў музычную школу. Акрамя таго, ён цудоўна малюе і вышывае. Творчай натурай расце і дачка Жураўлёвых Аліна. Ласкавая і далікатная, яна ўсеагульная любіміца, бацькоўская ўцеха.

— Творчасць і музыка паспрыялі стварэнню нашай сям’і. І цяпер гэта адно з тых захапленняў, якія нас аб’ядноўва­юць, — расказвае Аляксандр Уладзі­мі­равіч.

І сапраўды. Ніводнае культурнае мерапрыемства ў гора­дзе не абыходзіцца без удзелу Жураўлёвых. Канцэрты, спектаклі, творчыя вечарыны — бацькі і дзеці заўсёды разам на сцэне. З музыкай і песнямі сям’я жыве і дома. Усе хатнія святы імкнуцца праводзіць душэўна
і весела.

Сярод сямейных традыцый Жураўлёвых таксама рыбалоўства, выезды на прыроду і падарожжы па краіне. Пры любым зручным выпадку яны заўсёды выязджаюць у невялікія вандроўкі па родным краі.

— Імкнёмся выхоўваць дзяцей у духу любові да Радзімы. А такія выезды найлепшым чынам садзейнічаюць вывучэнню сваёй гісторыі і культуры. Ключавым лічым таксама працоўнае выхаванне. У нашай сям’і ў кожнага ёсць свае абавязкі. Усіх дзяцей прывучаем да працы, яны нашы галоўныя памочнікі. Вельмі хочам, каб сыны і дачка выраслі сумленнымі, дастойнымі, працавітымі людзьмі, — заўважае Марына Генадзьеўна.

Наогул, Аляксандр і Марына Жураўлёвы ўпэўнены: сям’я — гэта самае важнае ў жыцці. А на пытанне, ці ёсць нейкі сакрэт сямейнага шчасця, дружна адказваюць: “Проста быць ра­зам — гэта ўжо вялікае шчасце! А калі яшчэ і безумоўна кахаць адно аднаго, то разам можна дасягнуць чаго заўгодна”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.