Шчырыя радкі

- 9:55Сацыяльны ракурс, Соцыум

Гродзенскі абласны цэнтр карэкцыйна­-развіццёвага навучання і рэабілітацыі выдаў зборнік твораў, аўтарамі якіх сталі дзеці-­інваліды.

Прэзентацыя зборніка “Мы роўныя!!!” стала сапраўдным святам для таленавітых дзяцей з усёй вобласці і прайшла ў сярэдняй школе № 38 імя Кірылы Тураўскага Гродна. Удзельнікамі святочнага мерапрыемства сталі самі юныя таленты, іх бацькі і педагогі, пісьмен­нікі.

Акцыя “Розныя = роўныя” праводзіцца ў Гродзенскай вобласці трэці раз. Пачыналася ўсё з выставы малюнкаў. У мінулым годзе цэнтр расказаў пра хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дабіліся значных поспехаў у мастацтве, музыцы, спорце. Сёлета таксама кожны жадаючы мог пра­явіць сябе, напісаўшы верш альбо празаічны твор, казку. Дзеці загарэліся гэтай ідэяй. На дапамогу прыйшлі бацькі. І вось усхваляваныя хлопчыкі і дзяўчынкі трымаюць у руках першы ў сваім жыцці сапраўдны друкаваны зборнік, дзе ёсць імя кожнага з іх. Самыя смелыя нават прачыталі свае вершы, па­дзяліліся ўражаннямі ад работы над творам.

— Арганізаваўшы выданне зборніка, мы імкнуліся паказаць, што, нягледзячы на абмежаванні па здароўі, усе дзеці таленавітыя, паспяховыя, мэтанакіраваныя, — расказала дырэктар Гродзенскага абласнога ЦКРНіР Алена Федарэнка. — 108 дзяцей з усёй вобласці ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў прынялі ўдзел у падрыхтоўцы зборніка і прадаставілі свае творы. Выданне атрымалася дзякуючы Гродзенскаму абласному аддзяленню Беларускага дзіцячага фонду, падтрымцы прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства “Гроднадругчармет”.

Пяцікласніца сярэдняй школы № 1 Скідзеля Ганна Дзянішчык напісала шчыры верш пра маму. Як расказала яе мама Наталля Генадзьеўна, Ганна вельмі здольная, актыўная, любіць прымаць удзел у розных мерапрыемствах і спартыўных спаборніцтвах. Верш паспрабавала напісаць упершыню, калі прапанавалі пры­няць удзел у конкурсе. Сама дзяўчынка прызналася, што вельмі любіць танца­ваць, спяваць, наведвае школьныя гурткі і марыць навучыцца іг­раць на гітары.

 

Чытайце матэрыял Ірыны Анікевіч у нумары ад 13 снежня 2022 года.