СТУПЧЫК Наталля Фёдараўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Зэльвы.
Наталля Фёдараўна з адзнакай скончыла Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча (кваліфікацыя “настаўнік пачатковых класаў, кіраўнік дзіцячага музычнага калектыву”), у 2003 годзе — завочна БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Беларуская філалогія і культура”. Стаж работы — 19 гадоў. Педагагічнае крэда: “З азартам рухаць прагрэс”.
Намінацыя “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”
Наталля Фёдараўна Ступчык якраз з тых людзей, хто гатовы рухаць прагрэс, і яе першапачатковая задача — зрабіць з вучняў кемлівых, дапытлівых, крэатыўных людзей.
“Упэўнена: каб вучыць дзяцей, трэба вучыцца і самому. Спецыфіка педагагічнай дзейнасці ў тым, што для эфектыўнай работы настаўнік павінен валодаць ведамі не толькі па сваім прадмеце, методыцы яго выкладання, псіхалогіі і педагогіцы, але і мець агульны высокі ўзровень культуры, — пераканана настаўніца. — Калі ж гаварыць пра вучняў, то сёння яны сутыкаюцца з інфармацыйнай лавінай з розных крыніц, дзецям неабходна ўменне не столькі запамінаць, колькі кадзіраваць вялікі аб’ём звестак, будаваць лагічныя ланцужкі разважанняў. Практыка паказвае, што вывучыць на памяць правілы магчыма, але пры пераводзе іх з кароткачасовай памяці ў доўгачасовую страчваецца больш за 70% інфармацыі, і сёння такі метад неэфектыўны. Роля настаўніка, мне думаецца, не проста ў тым, каб даць інфармацыю, а прымусіць вучняў аналізаваць, разважаць, супастаўляць — гэта значыць вучыць школьнікаў адпаведным прыёмам здабывання інфармацыі самастойна”.
Наталлю Фёдараўну асабліва хвалююць слабыя вучні, многім з якіх не хапае часу на засваенне тэмы. Вопыт педагога паказвае, што пры выкарыстанні традыцыйных падыходаў да вывучэння новага матэрыялу большасць вучняў не могуць з першага ўрока ні зразумець матэрыял, ні засвоіць яго, ні хутка завучыць. Гэта і абумоўлівае, па назіраннях Наталлі Фёдараўны, праяўленне, а затым і нарастанне пасіўнасці. Слабыя вучні замыкаюцца ў сабе і становяцца нябачнымі для класа і, што вельмі сумна, для настаўніка.
За амаль 20 гадоў працы ў школе ў Н.Ф.Ступчык сфарміравалася сістэма работы, асновай якой сталі схемныя і знакавыя мадэлі — вывады, што нараджаюцца на вачах у дзяцей падчас тлумачэння матэрыялу і афармляюцца ў выглядзе табліц, картак, чарцяжоў, малюнкаў і г.д.
“Ад традыцыйнай нагляднасці схемныя і знакавыя мадэлі адрозніваюцца тым, што з’яўляюцца апорай думкі, апорай дзеяння. Школьнікі будуюць адказ, карыстаючыся схемай, чытаюць яе, працуюць з ёй. Знікае скаванасць, страх перад адказам, нагрузка на памяць. Вучні пазбаўляюцца механічнага завучвання правіл і фармулёвак, — тлумачыць Наталля Фёдараўна. — Выкарыстоўваючы схемныя і знакавыя мадэлі, неабходна памятаць, што яны не павінны быць “мёртвымі”, а павінны падключацца да работы па тэме на кожным этапе ўрока і падчас актывізацыі апорных ведаў на ўроках па іншых тэмах. Толькі тады яны дапамогуць настаўніку лепш вучыць, а дзецям лепш вучыцца”.
На думку Наталлі Фёдараўны, схемныя і знакавыя мадэлі дапамагаюць асэнсавана ставіцца да тлумачэння настаўніка і адказаў аднакласнікаў, алгарытмізуюць работу на вучэбных занятках, лагічна звязваюць этапы ўрока і ўрокі па канкрэтнай тэме, забяспечваюць хуткасць думкі, свабоду разважанняў, доказаў, павышаюць матывацыю, працуюць на эфектыўнасць кожнага этапу ўрока, дапамагаюць згуртаваць клас падчас работы.
Выкарыстанне набораў схем, табліц, сімвалаў дае магчымасць спалучаць лагічны, навуковы, псіхалагічны, кантралюючы аспекты навучання. Гэта дазваляе вучням разважаць свабодна і не баяцца дапусціць памылку. Тэорыя ствараецца сумесна з дзецьмі праз апору на іх веды. Эмацыянальная рэакцыя на новае “Гэта мы ведаем!” выклікае станоўчы псіхалагічны настрой. Аптымальныя суадносіны тэарэтычных і практычных ведаў падчас работы выключаюць зазубрыванне. Разам з тым, як паказвае практыка, школьнікі вучацца гаварыць: дасканала адпрацоўваецца мова вучэбнага прадмета, яго тэрміналогія, узмацняецца сэнсавая нагрузка на трэніровачны матэрыял.
Аналізуючы выкарыстанне схемных і знакавых мадэлей на ўроках, Наталля Фёдараўна прыйшла да высновы, што для запамінання матэрыялу найбольш рацыянальна працаваць з апорнымі схемамі, табліцамі, графічнымі мадэлямі, падкрэсліваннем з дапамогай графічных абазначэнняў, алгарытмізацыяй.
Пры гэтым выкарыстанне такіх мадэлей магчыма на этапе:
- Вывучэння матэрыялу:
а) падаецца ў гатовым выглядзе, калі клас слаба падрыхтаваны;
б) складаецца (выводзіцца) калектыўна на аснове правіл падручніка, аналітычнага матэрыялу, па ўзоры.
- Замацавання матэрыялу (як калька, на якую можна налажыць любы прыклад).
- Кантролю, калі ў схемнай мадэлі пакідаецца “шкілет”, а вучням неабходна дапоўніць яе элементамі, якіх не хапае (пры гэтым павінен захоўвацца прынцып ад простага да складанага: спачатку выдаляецца самы лёгкі матэрыял, пасля — больш складаны).
Работа са схемнымі і знакавымі мадэлямі ўскладняецца з пераходам з класа ў клас. Назапашаны вопыт дае Наталлі Фёдараўне падставы сцвярджаць, што пры пераходзе на ІІІ ступень навучання школьнікі могуць працаваць з аналітычным матэрыялам без дапамогі настаўніка — аналітычныя і сінтэтычныя ўменні пераходзяць у трывалыя навыкі.
Заснаваныя на прынцыпах шматразовага паўтарэння, паэтапнага кантролю, даволі складаныя схемныя і знакавыя мадэлі дазваляюць у поўным аб’ёме ажыццявіць асобасна арыентаваны падыход, вучыць дзяцей без прымусу, аб’ядноўваць навучанне і выхаванне, ствараць бесканфліктную вучэбную сітуацыю, адкрываюць перспектывы выпраўлення, росту і поспеху.
А калі вопыт эфектыўны, неабходна, каб ён быў запатрабаваны і іншымі настаўнікамі, таму яшчэ адным кірункам дзейнасці Наталлі Фёдараўны Ступчык з’яўляецца метадычная работа. Настаўніцай падрыхтаваны два дапаможнікі — для вучняў 10 класа і педагогаў.