З верасня 2012 года ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава працуе спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Групу наведваюць дзеці рознага ўзросту, з рознымі моўнымі парушэннямі, таму і формы работы з бацькамі практыкуюцца самыя разнастайныя.
Цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў з’яўляецца неабходнай умовай паўнацэннага моўнага развіцця дашкольнікаў. Цесная сувязь з бацькамі выхаванцаў спецыяльнай групы ажыццяўляецца праз калектыўныя, індывідуальныя і наглядныя формы работы. Практыкую правядзенне бацькоўскіх сходаў, семінараў-практыкумаў, сумесных свят, адкрытых індывідуальных і групавых заняткаў для бацькоў, індывідуальных гутарак i кансультацый, дамашнія заданні для бацькоў.
На працягу навучальнага года праводзіцца некалькі бацькоўскіх сходаў. Разам з выхавальнікамі групы мы ўважліва падыходзім да выбару тэмы i зместу кожнай сустрэчы. Найбольш цікава і карысна праходзяць бацькоўскія сходы з удзелам дзяцей. Гэта можа быць невялікі канцэрт, адкрытыя заняткі, майстар-клас, драматызацыя казкі. На бацькоўскіх сходах у групах бацькі знаёмяцца з магчымасцямі інтэрактыўнай дошкі. Разам з дзецьмі выконваюць гульнявыя практыкаванні на інтэрактыўнай дошцы. Вялікую цікавасць у дарослых выклікаюць міні-выставы “Хатняя дзіцячая бібліятэка”, “Як развіваць дробную маторыку дома?” і інш. Часам сустрэчы з бацькамі праходзяць у форме круглага стала па такіх актуальных тэмах, як “Асаблівасці навучання i выхавання дзяцей з парушэннямі маўлення ў спецыяльнай групе”, “Роля сям’і ў пераадольванні дэфектаў мовы”, “Гульня — вядучы від дзейнасці дашкольнікаў”.
Семінары-практыкумы спрыяюць фарміраванню неабходных практычных уменняў у бацькоў, неабходных пры правядзенні артыкуляцыйных, дыхальных, галасавых практыкаванняў у дамашніх умовах.
На занятках школы для бацькоў разглядаюцца пытанні, актуальныя для пэўнай групы бацькоў (дзеці аднаго ўзросту, маюць адно моўнае парушэнне). Гэта спрыяе павышэнню актыўнасці бацькоў у абмеркаванні наступных тэм: “Як падрыхтаваць дзіця да школы?”, “Як пераадолець моўны негатывізм?”, “Калі дзіця маўчыць”, “Падрыхтоўка да навучання грамаце”, “Для чаго трэба развіваць фанематычны слых?”.
Вялікая роля ў правядзенні сумесных свят і забаў адводзіцца бацькам. Яны рыхтуюць касцюмы і дэкарацыі, выконваюць ролі. Падчас такіх мерапрыемстваў бацькі бачаць дасягненні і поспехі сваіх дзяцей — уменне выразна чытаць вершы, спяваць, выконваць танцавальныя рухі. Бацькі з ахвотай адгукаюцца на запрашэнне прыняць удзел у конкурсах, такіх як “Восеньская фантазія”, “Навагодняя казка”, “Асновы бяспекі”, “Мір — дзецям!”.
Дзякуючы адкрытым заняткам для бацькоў, дарослыя могуць непасрэдна адсачыць працэс развіцця свайго дзіцяці. Я расказваю бацькам пра задачы, якія вырашаліся на занятках, даю парады, адказваю на іх пытанні. Як паказвае вопыт, карысна аб’ядноўваць такія заняткі з бацькоўскім сходам.
Індывідуальная работа мае перавагу над калектыўнай у тым, што дазваляе ўстанавіць больш цесны кантакт з бацькамі. Падчас гутарак ідзе двухбаковы абмен уражаннямі і назіраннямі за маўленнем дзіцяці, складаецца і карэкціруецца план сумеснай дзейнасці па развіцці маўлення.
Індывідуальныя кансультацыі праводзяцца па запрашэннях настаўніка-дэфектолага або па просьбе бацькоў. На іх бацькам паказваю поспехі дзіцяці і тлумачу, якая дапамога неабходна на пэўным этапе. Тэмы індывідуальных кансультацый наступныя: “Як выконваць дамашнія заданні?”, “Як працаваць над аўтаматызацыяй гукаў дома?”, “Артыкуляцыйная гімнастыка” і інш. Падчас такіх сустрэч часта дэманструю ўрывак або цэлыя заняткі з дзіцем. Назіраючы за работай настаўніка-дэфектолага, бацькі вучацца ў педагога выконваць дамашнія заданні.
Адной з асноўных форм узаемадзеяння з бацькамі з’яўляюцца дамашнія заданні. Яны ўключаюць моўны матэрыял, на якім бацькі адпрацоўваюць вымаўленне гукаў, практыкаванні, якія развіваюць артыкуляцыйную і дробную маторыку, моўнае дыханне, лексіка-граматычныя навыкі, звязную мову, пазнавальныя працэсы. Бацькам не заўсёды зразумелыя тэрміны, якімі карыстаецца настаўнік-дэфектолаг (фанематычных слых, аўтаматызацыя гукаў і інш.), правілы выканання заданняў. Усё гэта падрабязна трэба растлумачыць бацькам.
Пры ўзаемадзеянні з бацькамі значэнне маюць наглядныя формы работы.
У моўным кутку бацькі могуць даведацца пра расклад заняткаў, пра лексічную тэму, якую асвойвае дзіця (каб падабраць наглядны матэрыял і літаратуру для выканання дамашніх заданняў), пазнаёміцца са спісам літаратуры, якую я раю бацькам для чытання дзецям дома, атрымаць практычныя парады.
Часопiс “Бацькам — пра мову дзяцей” уяўляе сабой падборку матэрыялаў. Ён перадаецца з рук у рукі ўнутры групы. У ім змяшчаюцца артыкулы спецыялістаў з розных часопісаў, кніг, газет, канкрэтныя парады па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін.
Добра зарэкамендавала сябе гульнятэка як форма ўзаемадзеяння з бацькамі. У іх з’яўляецца магчымасць карыстацца наглядна-гульнявымі дапаможнікамі па развіцці маўлення для заняткаў дома.
На сайце ўстановы бацькі атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі вучэбнага працэсу, традыцыямі, з апошнімі навінамі, паглядзець фатаграфіі, пакінуць свае каментарыі. На сайце створана старонка спецыяльнай групы, на якой размяшчаецца дамашняе заданне па той лексічнай тэме, якая вывучаецца на тыдні, прэзентацыя групы і іншая карысная інфармацыя. Усё большай папулярнасцю ў педагогаў і бацькоў карыстаюцца персанальныя сайты. Па спасылцы http://svetaduchovnik.wix.com/logopedsad2 можна зайсці на персанальны сайт настаўнікаў-дефектолагаў.
На сайце размешчаны матэрыял, які адрасаваны ў першую чаргу бацькам, практычны матэрыял па развіцці артыкуляцыйнай маторыкі, моўнага дыхання, дробнай маторыкі, па ўдасканальванні лексіка-граматычнай будовы мовы і развіцці звязнага маўлення, аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі гукаў, развіцці пазнавальных працэсаў выхаванцаў. Ёсць і карысныя спасылкі, якія бацькі могуць выкарыстоўваць для выканання развіццёвых практыкаванняў анлайн.
Наша ўстанова аказвае дадатковыя адукацыйныя паслугі ў рамках дзейнасці мацярынскай школы. Пры неабходнасці настаўнікі-дэфектолагі кансультуюць бацькоў па пытаннях моўнага развіцця дзяцей ранняга ўзросту.
Дзякуючы добраму тэхнічнаму забеспячэнню ўстановы (інтэрактыўная дошка, камп’ютары, ноўтбук, 2 праектары, відэакамера, фотаапарат), пры ўзаемадзеянні з бацькамі часта выкарыстоўваю інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Інфармацыю для бацькоў даводжу ў форме мультымедыйных прэзентацый, тэматычных выстаў, на якіх прадстаўляю розныя медыяаб’екты, рэкламую спецыяльныя лагапедычныя парталы і сайты ў інтэрнэце. Зрабіла падборку адукацыйных праграм, гульняў для заняткаў у дамашніх умовах, што дазваляе дзецям замацаваць атрыманыя веды. А відэазапісы заняткаў дапамагаюць бацькам прасачыць дынаміку развіцця дзіцяці.
Святлана ДУХОЎНІК,
настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава.