Для таго каб вучань захацеў прыняць удзел у навукова-даследчай рабоце, неабходна абудзіць у яго даследчую цікавасць, запал, радасць творчасці, сфарміраваць даследчую матывацыю. Менавіта на дасягненне гэтай мэты накіравана пазнавальна-асветніцкая работа педагогаў сярэдняй школы № 41 Гродна.
Нядаўна ў нашай установе адукацыі пачало дзейнічаць навуковае таварыства “ШАНС” — Школьная Акадэмія Навуковага Супрацоўніцтва. Яно аб’ядноўвае самых таленавітых, дапытлівых, актыўных, творчых вучняў 5—9 класаў, якія працуюць пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў. Заняткі праходзяць цікава і займальна. На іх вучні знаёмяцца з этапамі даследавання.
На першых занятках удзельнікі таварыства “ШАНС” змаглі пабываць у ролі вучоных: хімікі праводзілі дослед, гісторыкі вызначалі, якія віды спорту адлюстраваны на старажытнагрэчаскіх вазах, літаратары вучыліся правільна фармуляваць тэму. Заключным этапам стала работа над праектамі на сайце GlobalLab, дзе кожны можа прыняць удзел у праектах іншых карыстальнікаў ці стварыць свой асабісты. На такіх занятках вучні таксама вучацца выступаць перад аўдыторыяй, дыскутаваць, абмяркоўваць, смела выказваць сваю думку.
У ходзе работы навуковага таварыства ў навучэнцаў развіваюцца пазнавальная актыўнасць і творчыя здольнасці, уменне працаваць з навуковай літаратурай. Работа ў таварыстве “ШАНС” мае вялікае практычнае значэнне. Яго члены з’яўляюцца ўдзельнікамі гарадскіх, раённых і абласных канферэнцый і конкурсаў.
Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі немагчымая без новых ідэй, падыходаў, сучасных тэхналогій, сумеснай работы навучэнцаў і педагогаў. Стварэнне такога вопыту будзе і далей ажыццяўляцца ў ходзе навукова-даследчай дзейнасці навуковага таварыства “ШАНС” у сярэдняй школе № 41 Гродна.
Аксана ПАШКЕВІЧ,
настаўніца гісторыі, кіраўнік навуковага таварыства “ШАНС” сярэдняй школы № 41 Гродна.