«Школа — тэрыторыя здароўя»: як праект рэалізуецца ў СШ № 111 Мінска

- 10:50Актуально, Образование, Приложение, Школа управления

Выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій у школе і правіл здаровага ладу жыцця стала ключавой тэмай рэспубліканскага семінара “Захаванне здароўя вучняў — прыярытэтны напрамак работы ўстановы адукацыі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Мерапрыемства, праведзенае пад эгідай Беларускага педагагічнага таварыства, было выязным і прайшло на базе сярэдняй школы № 3 Івацэвіч. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі — дырэктары школ, гімназій з усіх рэгіёнаў краіны.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, які засяродзіў увагу на актуальнасці тэмы семінара.

“Зрок, пастава, рухальная актыў­насць павінны пастаянна быць у цэнтры ўвагі педагогаў, асабліва падчас урокаў. Сёння дзеці шмат часу праводзяць з гаджэтамі, што не толькі зніжае зрок, але і спрыяе развіццю гіпадынаміі. Акрамя таго, пастаянныя зносіны з віртуальным светам негатыўна адбіваюцца і на псіхічным здароўі дзяцей. Таму школьнае жыццё павінна быць цікавым і разнастайным, а ўрокі — пазнавальнымі і дынамічнымі”, — заўважыў намеснік міністра.

Як усё гэта арганізаваць на практыцы? Адказ на гэтае пытанне дала дырэктар сярэдняй школы № 111 Мінска Святлана Пратасевіч, якая расказала пра рэалізацыю праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” ў сваёй установе. Праект рэалізуецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”.

Здароўезберагальнае асяроддзе школы пачынаецца з ацэнкі стану здароўя вучняў на пачатак навучальнага года. Ацэньваецца колькасць дзяцей з падобнымі праблемамі здароўя па класах і паралелях. Па выніках выбіраюцца прыярытэтныя напрамкі работы.

“Частку задач вырашаем праектным метадам. Першы праект “Стварэнне сістэмы работы па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця ў рамках рэалізацыі рэспуб­ліканскай школьнай праграмы прафілактыкі карыесу зубоў і хвароб перыядонту” рэалізоўваўся з 2009 года сумесна са стаматалагічным аддзяленнем дзіцячай паліклінікі і медыцынскім універсітэтам. Праект атрымаў грант Мінгарвыканкама”, — адзначыла Святлана Міхайлаўна.

Шмат увагі ў школе ўдзяляюць прафілактыцы парушэнняў апорна-рухальнага апарату. Зноў-такі для ўзмацнення эфекту быў рэалізаваны інфармацыйна-прафілактычны праект “Здароўе дзяцей сёння — дабрабыт грамадства заўтра” з удзелам паліклінік і кафедры гігіены дзяцей і падлеткаў медыка-прафілактычнага факультэта БДМУ. Урачом-артапедам была праведзена ацэнка стану апорна-рухальнага апарату навучэнцаў паралелі 5-х класаў з вылучэннем групы рызыкі. Затым праводзілася даназалагічная дыягностыка стану апорна-рухальнага апарату ў школьнікаў групы рызыкі на базе 17-й дзіцячай паліклінікі Мінска. Для ўдзельнікаў праекта (пяцікласнікаў, іх законных прадстаўнікоў і педагогаў школы) праводзіліся індывідуальныя кансультацыі. Распрацаваны комплекс прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей з выяўленымі парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

“Школьныя кабінеты забяспечаны мэб­ляй у адпаведнасці з ростам навучэнцаў, канторкамі. У кабінетах пачатковай школы размешчаны плакаты “Сядзі і пішы правільна”. Вучэбныя класы абсталяваны партамі з нахіленай паверхняй і сістэмай рэгулявання па вышыні. Акрамя таго, неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу стала правядзенне фізкультхвілінак, дынамічных перапынкаў, флэш-мобаў. У школе ёсць 2 спартыўныя залы, трэнажорная зала, антывандальны спартыўны комплекс, плоскасныя спартыўныя пляцоўкі, зала харэаграфіі. Агульная забяспечанасць спартыўным інвентаром складае 94%”, — працягнула Святлана Міхайлаўна.

У навучальнай установе строга прытрымліваюцца школьнага стандарту па выкарыстанні мабільных тэлефонаў. Скарыстацца тэлефонам можна толькі на перапынку з дазволу педагога. Гэта прывяло да павелічэння рухальнай актыўнасці на перапынках. Акрамя таго, у школе рэалізаваны праект па прафілактыцы камп’ютарнай залежнасці навучэнцаў.

“Прафілактыка парушэнняў нервова-псіхічнага здароўя і ператамлення ў навучэнцаў ажыццяўляецца праз нейтралізацыю негатыўнага ўздзеяння знешніх і ўнутраных асяроддзевых фактараў. У школе штогод праводзіцца месячнік прафілактыкі крызісных станаў. У яго межах для дзяцей арганізуюцца інтэрактыўныя заняткі “Што значыць для мяне свет”, акцыя “Каляровыя пятніцы!”, дынамічныя перапынкі. Заўсёды задзейнічаны патэнцыял шостага школьнага дня”, — расказала дырэктар.

Сярэдняя школа № 111 Мінска адметная стварэннем спецыяльных умоў для захавання і ўмацавання здароўя дзяцей з АПФР.

У навучальнай установе назапашаны ўнікальны вопыт работы з такімі дзецьмі, чаму спрыяе адаптыўнае асяроддзе, створанае педагагічным калектывам. Напрыклад, настаўнікам разам з дзецьмі створаны аўтарскі мультыпараметрыйны комплекс для развіцця міжпаўшарных сувязей і карэкцыі рухальных дысфункцый рук у дзяцей з АПФР. Комплекс стаў праектам-пераможцам на рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. 

“Галоўны вынік гэтай работы ў тым, што нашы выпускнікі не баяцца цяжкасцей і дасягаюць вынікаў у прафесійнай дзейнасці. Напрыклад, наша выпускніца Ліля Герасімёнак, нягледзячы на дыягназ, змагла атрымаць адукацыю і стала выкладчыцай англійскай мовы”, — падзялілася Святлана Міхайлаўна.

У сваім выступленні дырэктар правільна заўважыла, што ўсё магчыма толькі з камандай аднадумцаў, таму задача кіраўнікоў — стварыць здароўезберагальнае асяроддзе і для настаўніка. У 111-й школе працуе камісія па аздараўленні педагагічнага калектыву. На працягу навучальнага года 12—15 педагогаў выязджаюць на аздараўленне. Робіцца ўсё магчымае для рэалізацыі настаўніка ў прафесіі. 77% настаўнікаў школы маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Акрамя таго, педагогі штогод становяцца ўладальнікамі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара