Школа, у якой утульна ўсім

- 14:48Рознае, Спецыяльная адукацыя

Рэспубліканскі эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі” рэалізоўваецца ў нашай краіне на базе 8 агульнаадукацыйных школ. Практычна ўсе ўстановы, якія сталі эксперыментальнымі пляцоўкамі, ужо мелі вопыт па арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з АПФР. Своеасаблівым выключэннем стала сярэдняя школа № 5 Гомеля, дзе раней не існавала інтэграваных класаў, і толькі ў мінулым навучальным годзе для дзяцей з асаблівасцямі ўпершыню быў адкрыты інклюзіўны клас. Дырэктар гэтай школы Таццяна Уладзіміраўна Даманчук падзялілася сваімі высновамі аб унікальных напрацоўках у сферы інклюзіўнай адукацыі, якія былі набыты ва ўстанове.

Выхаванне праз добрыя ўчынкі

“Пакуль чалавек не сутыкнецца з праблемамі, якія тычацца інваліднасці, ён аб іх часцей за ўсё не задумваецца, — разважае Таццяна Уладзіміраўна. — Калі мяне прызначылі дырэктарам Калінкавіцкага ЦКРНіР, я была ўражана тым, якой колькасці дзяцей патрэбна сёння сур’ёзная дапамога. Мая работа змяніла і мой светапогляд. На многае я пачала глядзець па-іншаму, па-філасофску. Не разумею, напрыклад, людзей, якіх раздражняюць дзеці, што бегаюць, скачуць, шчабечуць, радуюцца жыццю. Так і хочацца сказаць незадаволеным: гэта ж шчасце! У сваю чаргу, многія бацькі дзяцей з інваліднасцю здзіўляюць сваёй жыццёвай стойкасцю. На фоне іх праблем нашы звычайныя цяжкасці здаюцца дробязямі, не вартымі ўвагі. Людзям з інваліднасцю жывецца нашмат цяжэй, чым многім. Але ж яны часцей за ўсё больш добрыя і лепшыя па якасцях характару, чым тыя, у каго няма праблем з фізічным і псіхічным здароўем”.

Усе людзі роўныя ў сваіх правах, і кожны мае права на дастойнае жыццё ў належным асяроддзі, прыстасаваным да яго патрэб. Менавіта такім падыходам кіруецца Таццяна Уладзіміраўна ў сваёй рабоце. Яна прайшла падрыхтоўку ў прадстаўніцтве Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь у якасці трэнера каманды нашай краіны па распаўсюджванні ідэй інклюзіўнай адукацыі і атрымала сертыфікат міжнароднага ўзору.

Да прыходу дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў школе № 5 старанна рыхтаваліся. Падчас анкетавання, праведзенага ва ўстанове, высвятляліся адносіны бацькоў звычайных дзяцей, саміх дзяцей і педагогаў да асоб з АПФР. У ім прыняло ўдзел больш як 800 чалавек. Было выказана шмат прапаноў па паляпшэнні жыцця дзяцей з АПФР, меркаванняў, як зрабіць навучанне такіх дзяцей больш цікавым. Анкеты паведамілі і аб праблемах. Больш за 20 працэнтаў бацькоў адзначылі, што адносяцца да дзяцей з асаблівасцямі развіцця добразычліва, але ўсё ж не жадаюць, каб іх дзеці вучыліся з імі. Гэтакая талерантнасць на адлегласці. 14 працэнтаў педагогаў таксама расказалі аб сваёй спагадлівасці і добрых адносінах да дзяцей з АПФР, але адзначылі, што такія дзеці павінны вучыцца ў спецшколах, дзе для іх створаны належныя ўмовы. І вельмі парадавалі Таццяну Уладзіміраўну адказы звычайных здаровых дзяцей, якія ў большасці сваёй сцвярджалі, што дзеці з асаблівасцямі развіцця могуць і павінны вучыцца разам з імі.

Для таго каб сфарміраваць у педагогаў і адміністрацыі школы талерантныя адносіны да асаблівых дзяцей, спецыялісты Гомельскага абласнога ЦКРНіР праводзілі майстар-класы, а для дзіцячай аўдыторыі дэманстраваліся фільмы па інклюзіўнай тэматыцы. Больш за тое, было наладжана цеснае супрацоўніцтва паміж 5-й школай, абласным ЦКРНіР і спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай № 70 Гомеля для дзяцей з парушэннем слыху. Навучэнцы гэтых устаноў удзельнічалі ў сумесных спартыўных мерапрыемствах, святах, а ў якасці падарункаў атрымлівалі прысмакі, канцтавары, спартыўныя прылады.

“Нягледзячы на тое, што многія дзеці, якія займаюцца ў 70-й спецыяльнай школе, могуць размаўляць з нашымі вучнямі пераважна жэстамі, яны знаходзяць агульную мову, як быццам няма ніякіх перашкод, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — Пасля сумесных мерапрыемстваў цікаўлюся, што ім запомнілася, што спадабалася або ўразіла. І я ні разу не пачула негатыўных адказаў. Ніякіх праблем для зносін дзеці не бачаць. Наадварот, развіваецца сяброўства, і навучэнцы чакаюць, калі ж яны зноў сустрэнуцца, паедуць у госці да сваіх новых сяброў. Да нашай ініцыятывы падключыліся і бацькі. Яны ўбачылі, як за кароткі час змяніліся да лепшага іх дзеці. Бо адна справа — выхоўваць дзіця на нейкіх добрых, завоблачных прыкладах, нават калі гэта мастацкая кніга або фільм, і зусім іншая справа — дапамагчы зрабіць штосьці добрае канкрэтнаму чалавеку ў яго асабістым дзіцячым жыцці.

Дзеці з валанцёрскага атрада нашай школы, якія наведваюць выхаванцаў ЦКРНіР, дзе займаюцца дзеці з цяжкімі множнымі парушэннямі, пасля першага ж наведвання сказалі мне: “Жыццё літаральна перавярнулася! Пра многае пачалі думаць па-іншаму, інакш асэнсоўваем і адчуваем!”. Яны зразумелі, якое шчасце быць здаровым, умець бегаць, смяяцца, размаўляць. У некаторых юных валанцёраў былі слёзы на вачах, яны не маглі вымавіць ні слова, але потым падзяліліся сваімі ўражаннямі ў сумесным малюнку-калажы, пры стварэнні якога выкарыстоўвалі толькі самыя яркія фарбы. А гэта значыць, што эмоцыі ад зносін з выхаванцамі цэнтра былі самыя пазітыўныя.

За час шматгадовай працы ў сферы спецыяльнай адукацыі я бачыла шмат прыкладаў, якія пацвярджаюць, што ўсе перашкоды, стэрэатыпы і бар’еры існуюць не звонку, а ўнутры нас. Так, неаднойчы сама бачыла, як пры адсутнасці безбар’ернага асяроддзя ў школе старшакласнікі на руках пераносілі сваю аднакласніцу на калясцы ў іншае памяшканне. Яны не думалі, што робяць нешта звышнатуральнае. Гэта было іх асабістае памкненне. Калі ў школе пануе такая добразычлівая атмасфера, упэўнена, што і пытанне аб стварэнні безбар’ернага асяроддзя вырашыцца хутчэй. Сродкі, безумоўна, будуць знойдзены”.

Педагагічны стаж Таццяны Уладзіміраўны Даманчук — 25 гадоў. Яна выпускніца Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта (на той момант педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай). Шмат гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. Затым была намеснікам дырэктара па выхаваўчай і па вучэбнай рабоце. У снежні 2001 года Таццяну Уладзіміраўну прызначылі дырэктарам ЦКРНіР Калінкавіцкага раёна. Каб стаць больш кампетэнтнай, больш даведацца аб праблемах дзяцей з асаблівасцямі развіцця, Таццяна Уладзіміраўна ў 2002 годзе паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка, дзе атрымала кваліфікацыю “настаўнік-лагапед, алігафрэнапедагог”. Пасля заканчэння ўніверсітэта яна ўзначаліла ў Калінкавічах сярэднюю школу № 6, дзе праявіла свае веды і талент арганізатара ў сферы не толькі агульнай, але і спецыяльнай педагогікі, бо ва ўстанове былі інтэграваныя класы. З 2012 года Таццяна Уладзіміраўна ўзначальвае сярэднюю школу № 5 Гомеля. Да прыходу новага дырэктара ва ўстанову яе калектыў увогуле не меў вопыту работы з дзецьмі з АПФР. Сёння ў школе займаюцца 47 дзяцей, якія атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Тут ёсць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, якую настаўнікі-дэфектолагі аказваюць дзецям з маўленчымі праблемамі. З 2015 года ў школе пачаў функцыянаваць першы інклюзіўны клас у рамках эксперымента Міністэрства адукацыі.

Першы раз у інклюзіўны клас

У рамках эксперыментальнага праекта Міністэрства адукацыі ў пачатку 2015/2016 навучальнага года ў сярэдняй школе № 5 Гомеля на базе першага класа быў адкрыты інклюзіўны клас. Навучанне ў ім ажыццяўляецца па зацверджаным Міністэрствам адукацыі эксперыментальным вучэбным плане. У класе займаюцца 20 дзяцей, двое з якіх — з АПФР: дзіця, якое мае цяжкія парушэнні маўлення, а таксама навучэнец з нязначнай інтэлектуальнай недастатковасцю і з парушэннямі эмацыянальна-валявой сферы (з аўтычнымі праяўленнямі). Усе дзеці ў класе засвойваюць аднолькавы вучэбны матэрыял і праграму агульнаадукацыйнай школы. Побач з настаўнікам на ўроку знаходзіцца і працуе настаўнік-дэфектолаг: ён дапамагае навучэнцам з асаблівасцямі засвойваць праграму ў адпаведнасці са сваімі пазнавальнымі магчымасцямі. Падчас урока настаўнік-дэфектолаг свабодна рухаецца па класе і ў патрэбны момант аказвае дзецям дапамогу. Дадаткова (4 гадзіны ў тыдзень) ён праводзіць для іх карэкцыйныя заняткі па развіцці эмацыянальна-валявой сферы, маўлення, пазнавальнай дзейнасці.

“Педагог інклюзіўнага класа з самага пачатку павінен расказаць усім дзецям у класе пра асаблівых аднакласнікаў, пра тое, як сябе правільна паводзіць з імі, як рэагаваць на магчымыя адхіленні ў іх паводзінах, нават на іх крык, незадаволенасць, слёзы, — адзначае Таццяна Уладзіміраўна. — Трэба растлумачыць, што прычынай такой сітуацыі можа ста ць павышаная стомленасць дзіцяці, і не трэба перабольшваць надзвычайнасць моманту і нармальна ўспрыняць яго. Чаму часта бацькі здаровых дзяцей выступаюць супра ць сумеснага навучання з асаблівымі? На мой погляд, прычына тут у няправільным стаўленні настаўнікаў да такога навучання. Яны залішне акцэнтуюць на ім увагу. А пачынаецца ўсё з таго, што бацькоў здаровых дзяцей просяць напісаць заяву аб тым, што яны згодны, каб іх дзіця вучылася ў інтэграваным класе. Гэта, лічу, абражае і дзяцей з асаблівасцямі развіцця, і іх бацькоў, якія чакаюць міласці ад усіх астатніх. Калі мы сапраўды прапагандуем ідэі інклюзіўнай адукацыі і інклюзіўнага грамадства, то такія рэчы непрымальныя”.

У інклюзіўны клас настаўніцу Таццяна Уладзіміраўна падбірала старанна. Шукала сапраўднага майстра, які адносіцца да ўсіх дзяцей аднолькава, які заўважае станоўчае, ніколі не павышае голасу — адным словам, шукала чалавека, з якім усім дзецям у класе будзе спакойна. І знайшла. Наталля Фёдараўна Чаркіна — чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, з тонкай інтуіцыяй. У яе вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, а педагагічны стаж складае 34 гады. Яна не мае спецыяльнай адукацыі, але ўмее разумець і любіць усіх дзяцей. Да яе на вучобу ў школу едуць з усяго горада. Пасля прапановы аб працы ў інклюзіўным класе яна звярнулася да Таццяны Уладзіміраўны за літаратурай па карэкцыйнай педагогіцы і ўсю яе дасканала вывучыла. У пары з ёй на ўроках працуе настаўнік-дэфектолаг малады спецыяліст Святлана Аляксандраўна Зіміна.

Эксперымент не завершаны, але аб пэўных яго паспяховых выніках ужо можна сказаць. Дзецям з асаблівасцямі развіцця па сілах справіцца з праграмай агульнаадукацыйнай школы, яны могуць навучыцца і вучацца чытаць, пісаць, лічыць, рашаць. Даследаванні, якія сістэматычна праводзіць педагог-псіхолаг Юлія Мікалаеўна Варабей, паказваюць, што паказчыкі кагнітыўнага развіцця ў гэтых дзяцей палепшыліся ў параўнанні з тым, што было ў пачатку навучальнага года.

У пачатку года ім, зразумела, было цяжка выседжваць усе 35 хвілін урока, час ад часу яны выходзілі з настаўнікам-дэфектолагам на калідор, каб прагуляцца, пераключыць увагу. Але ў канцы навучальнага года дзеці з АПФР былі здольны вытрымліваць поўную вучэбную нагрузку, у іх паводзінах заставаліся толькі адзінкавыя моманты, якія патрабуюць карэкцыі. Інклюзіўны клас у 5-й школе вылучаецца сваёй дружалюбнасцю, асаблівыя дзеці атрымліваюць усю неабходную дапамогу і падтрымку аднакласнікаў. Яны не толькі вучацца разам, але і актыўна ўзаемадзейнічаюць на перапынках, сумесна наведваюць школьныя аб’яднанні па інтарэсах. Пакуль у адрас усіх педагогаў і дзяцей ад бацькоў дзяцей з АПФР гучаць толькі словы ўдзячнасці.

“І ў будучыні мы плануем адкрываць інклюзіўныя класы, але набіраць дзяцей плануем толькі з 1 класа (для “чысціні” эксперымента), — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — Зразумела, што такое магчыма пры наяўнасці спецыялістаў, якія змогуць працаваць у такіх класах. Гэта амаль што галоўны фактар. Сёння мы можам прагназаваць поспех інклюзіі для дзяцей з больш лёгкімі парушэннямі, напрыклад, з цяжкасцямі ў навучанні ці з цяжкімі парушэннямі маўлення. Мяркую, што ў далейшым дзеці і з больш складанымі парушэннямі змогуць прыйсці ў нашы інклюзіўныя класы (дзеці з кахлеарнымі імплантамі, з парушэннямі зроку). Але гэта магчыма толькі пры стварэнні для іх адпаведных спрыяльных умоў. Пры адсутнасці іх дзіця ў інклюзіўным класе атрымае не дапамогу, а толькі пакуты. У нашай краіне інклюзіўная адукацыя пакуль не заменіць спецыяльнае і інтэграванае навучанне, але інклюзіўных класаў, мяркую, будзе адкрывацца больш.
Галоўнае, каб інклюзія для нас не стала проста прыгожым словам, якім мы замянілі інтэграваную адукацыю. Для гэтага патрэбна не толькі прапаганда ідэі, а рэальныя “бонусы” для ўстаноў адукацыі, якія яе рэалізоўваюць. Аб паспяховасці той ці іншай установы адукацыі прынята меркаваць па рэйтынгу, які фарміруецца па выніках ЦТ яе выпускнікоў, па іх паступленні ва ўніверсітэты, па выніках алімпіяд, навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў і наяўнасці профільных класаў. (У нашай школе ўсё гэта на належным узроўні.) Установе цяжка змагацца за высокі рэйтынг, калі ў яе, напрыклад, пяць інтэграваных класаў, тым больш параўноўваць сябе са школай, у якой няма дзяцей з асаблівасцямі развіцця і шмат алімпіяднікаў. На мой погляд, галоўная перавага ўстановы ў тым, што ў ёй утульна ўсім.

Спадзяюся, што ў грамадстве будзе з’яўляцца ўсё больш прыхільнікаў інклюзіі. Гэтая ідэя, як і любая новая, павінна прайсці праз пэўныя этапы прыняцця яе людзьмі. Спачатку яны кажуць: “Гэтага не можа быць”. Затым асцярожна: “У гэтым нешта ёсць”. І, нарэшце: “Гэта ж само сабой зразумела!” Калі б гэтыя этапы не прайшлі іншыя краіны, напрыклад, Швецыя, Англія, Германія, можна было б лічыць, што гэта немагчыма. Але іх шлях у кірунку інклюзіі даказаў не толькі яе магчымасць, але і паспяховасць.

На сто працэнтаў упэўнена: калі наша грамадства жадае насіць званне сучаснага і гуманнага, то яму не пазбегнуць інклюзіі, якая, па сутнасці, з’яўляецца сінонімам разумення і прыняцця самых розных людзей”.

Надзея ЦЕРАХАВА.