Школа жыве, пакуль настаўнік у ёй цікавы дзецям

- 10:35Рознае, Якасць адукацыі

10 правіл для пачынаючых настаўнікаў

Для ўчарашніх выпускнікоў пачаліся самыя складаныя самастойныя крокі ў прафесію. Чым жыве малады спецыяліст, што перажывае? У нашай установе працуе школа маладога спецыяліста, якую ўзначальвае вопытны намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце педагог вышэйшай катэгорыі Марына Людвікаўна Каліноўская. Яшчэ да пачатку навучальнага года ў нашай школе адбылося першае пасяджэнне па тэме “Сапраўдным настаўнікам стаць я жадаю, або Наказ вопытных педагогаў маладой змене”. Самымі слушнымі парадамі хачу падзяліцца са сваімі юнымі калегамі.

1. Станоўчая матывацыя

Першакласнікі часта толькі першага верасня даведваюцца, што цяпер ім нельга паводзіць сябе па-ранейшаму: нельга ўставаць з-за парты тады, калі захочацца, размаўляць, круціцца і г.д. Пад націскам шматлікіх “нельга” ў вучняў можа сфарміравацца страх перад школай і перад настаўнікам. У такім выпадку навучанне не будзе прыносіць ніякай радасці.

Каб зразумець іншага чалавека, трэба ў думках стаць на яго месца. Уявіце сябе, настаўнікі, на месцы вучня, які павінен кожны дзень, часта недаспаўшы, ісці ў школу, які ведае, што настаўніца зноў скажа, што ён някемлівы, паставіць дрэнную адзнаку. Словам, вучань ідзе ў школу, у свой клас, ведаючы аб тым, што нічога добрага яго там не чакае. Калі аналагічная сітуацыя складваецца ў настаўніка, то ён, як правіла, доўга не вытрымлівае і мяняе месца працы.

Настаўнік павінен заўсёды помніць, што школьнік не можа доўгі час вучыцца на адмоўнай матывацыі.

2. Пачні з сябе

* Настаўнік вучыць сваім знешнім выглядам, справай, словам.

* Патрабуеш ад дзяцей — будзь узорам ва ўсім.

* Не крычы, а вучы!

3. Уласная зацікаўленасць педагога

Дзеці выбіраюць актыўную дзейнасць, а не пасіўнае слуханне. Ім падабаецца працаваць у групах, а не індывідуальна. І, вядома, іх палохаюць складаныя пытанні. Толькі работа па сілах выклікае цікавасць. Вучням лягчэй узаемадзейнічаць з дастаткова гібкімі настаўнікамі, гатовымі прымаць чужы пункт погляду, з тымі, хто ўмее слухаць. Павінна быць наладжана супрацоўніцтва паміж настаўнікамі і вучнямі. Настаўнік павінен ведаць і ўвесь клас, і кожнага вучня паасобку, каб мець магчымасць дапамагчы ім у цяжкую хвіліну, заўважыць і падтрымаць першыя, нават невялікія, дасягненні. І яшчэ: настаўнік павінен умець здзіўляць, прыўносіць элемент рамантычнасці ў заняткі.

4. Поспех

Першая ўмова станаўлення асобы — гэта ўнутраны камфорт, радасны настрой, адчуванне, што справа спорыцца. Вучань, калі яго намаганні не заканчваюцца поспехам, пачынае страчваць веру ў сябе. Пастаянныя няўдачы ўвогуле адбіваюць ахвоту вучыцца. Вопытныя педагогі гэта добра ведаюць, таму ніколі не злоўжываюць папрокамі, заўвагамі. Наадварот, імкнуцца падтрымліваць перш за ўсё таго вучня, які пацярпеў няўдачу, падбадзёрваюць яго, хваляць нават за нязначны крок наперад. Калі дзеці выконваюць пастаўленую перад імі задачу, калі працуюць з задавальненнем, дапамагаюць адно аднаму, калі вяртаюцца дадому задаволенымі і чакаюць з нецярпеннем заўтрашняга дня, то і жаданне вучыцца толькі ўзмацняецца.
Поспех пачынаецца з прызнання дзецьмі права настаўніка вучыць.

5. Адзнака

Адзін са спосабаў стымулявання вучэбнай дзейнасці, які настаўнікі прымяняюць у якасці адабрэння або пакарання вучняў, — гэта выстаўленне адзнакі. З гэтым можна не пагадзіцца. Адзнака — гэта не адабрэнне ці пакаранне, а мерка ведаў. Кожны педагог тонка адчувае, як уплываюць яго адзнакі на вучняў, і карыстаецца гэтым. Напрыклад, крыху завышае адзнаку, калі хоча падтрымаць вучня. Інтуіцыя і добразычлі-васць настаўніка служаць у гэтым выпадку добрымі дарадцамі. Але патрэбна сказаць пра адну тыповую памылку ў ацэньванні вучняў. Гэта інертнасць настаўніка ў адносінах да некаторых вучняў, якая прымае характар ярлыка ці кляйма. Даўно заўважана, што вучню цяжка вырвацца за межы яго рэпутацыі ў пэўнага настаўніка. Напрыклад, калі вучань вучыцца на “тройкі”, то настаўнік вельмі неахвотна ставіць яму “шасцёрку” за кантрольную работу, якая гэтага заслугоўвае, матывуе гэта тыповай прафесійнай упэўненасцю: “Мабыць, спісаў!” І лічыць “шасцёрку” ўколам для свайго прафесійнага самалюбства. Калі ж вучань усімі намаганнямі імкнецца перайсці з “шасцёркі” на “васьмёрку”, настаўнік, упэўнены, што гэты вучань не можа ведаць на “выдатна”, знаходзіць магчымасць паставіць яго на месца.

Яшчэ ў 30-х гадах ХХ стагоддзя выдатны псіхолаг Барыс Ананьеў выказаў думку аб тым, што ў школьнай практыцы паспяховасць вучня ў многім вызначаецца рознымі псіхалагічнымі сітуацыямі: меркаваннем настаўніка пра вучня, яго выпадковымі пра яго ўяўленнямі, настроем педагога ў момант ацэньвання вучня і г.д.

6. Трэба бачыць поспех кожнага вучня

Сачыце за работай дзяцей у класе, адпраўляйце пазітыўныя водзывы іх бацькам. Не забывайце знаходзіць тое, за што можна пахваліць нават самых слабых вучняў.

7. Чакайце ад вучняў лепшага

Чакайце ад вучняў лепшых вынікаў. Скажыце ім пра свае чаканні.

8. Распаўсюджвайце энтузіязм як вірус

Дэманструйце свой энтузіязм і энергетыку, прыводзьце канкрэтныя прыклады.

9. Вар’іруйце педагагічную дзейнасць

Не праводзьце аднолькава дзень пры дні ўрокі, класныя, інфармацыйныя гадзіны, выхаваўчыя мерапрыемствы. Строгае выкананне інструкцый не дазволіць вашым вучням дзейнічаць, імправізаваць і раскрывацца.

10. Суаднясіце вашы заняткі з рэчаіснасцю

Рабіце экскурсы ў гісторыю. Прадэманструйце ці раскажыце дзецям аб актуальнасці праблемы, якая вывучаецца, прывёўшы прыклады з жыцця. Чым больш вашы заняткі будуць тычыцца асабістага жыцця кожнага вучня, тым вышэйшай будзе іх эфектыўнасць.

Самае галоўнае — пачынайце ўрок са званком і радуйцеся сустрэчы з класам. Як і ўсе, мы павінны жартаваць і ўсміхацца, таму што ў атмасферы самоты і нядобразычлівасці вельмі няўтульна. На памяць прыходзіць цікавы выраз Мюнхгаўзена: “Сур’ёзны твар яшчэ не прымета розуму, спадары. Усё глупства на зямлі робіцца менавіта з гэтым выразам. Вы ўсміхайцеся, спадары, усміхайцеся!” Што можна да гэтых слоў дадаць?

Сучасны настаўнік — чалавек, які здольны ўсміхацца і цікавіцца ўсім, што яго акружае, бо школа жыве, пакуль настаўнік у ёй цікавы дзецям.

Наталля ТРОТ,
дырэктар Навасёлкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна.