Школьнага дома гаспадыня

- 10:17Людзі адукацыі

Першая думка, якая ўзнікае пры наведванні гімназіі № 61 сталіцы, — у доме ў цудоўнай гімназічнай сям’і нарэшце з’явілася гаспадыня. Менавіта так хочацца назваць дырэктара гімназіі Ірыну Уладзіміраўну Леўкавец.

Змены, якія адбыліся, заўважны ўсім жыхарам сталічнага мікрараёна Малінаўка, дзе размешчана гэтая ўстанова адукацыі. За няпоўныя тры гады, на працягу якіх Ірына Уладзіміраўна ўзначальвае працоўны калектыў, пераўтварэнні закранулі практычна ўсю гімназічную прастору: памяшканні, якія пуставалі, пераабсталяваны для заняткаў фізічнай культурай і харэаграфіяй, стыльнае дызайнерскае афармленне набыў хол, адрамантаваны ганак, гардэробы і большасць вучэбных кабінетаў, адрамантавана і заменена абсталяванне ў харчаблоку, медыцынскім кабінеце. Але самае важнае — за летні сезон 2017 года праведзена цеплавая мадэрнізацыя ўсяго будынка з устаноўкай новых вокнаў і рамонт даху. Гімназія папрыгажэла і змянілася — быццам новы будынак. Менавіта дырэктар гімназіі ініцыіравала правядзенне ўсіх рамонтных работ, пераконвала, даказвала на канкрэтных прыкладах неабходнасць іх правядзення. І была пачута і прадстаўнікамі мясцовай улады, і папячыцельскім саветам, і спонсарамі.

“Мая задача як дырэктара — стварыць максімальна камфортныя ўмовы для дзейнасці цудоўнага калектыву адной з лепшых гімназій не толькі горада, але і краіны”, — адзначае Ірына Уладзіміраўна.

Педагогі гімназіі — творчыя, з вялікім вопытам у розных напрамках адукацыйнай дзейнасці, адкрытыя інавацыям людзі. Пра эфектыўнасць работы педагагічнага калектыву сведчаць шматлікія перамогі выхаванцаў на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, у конкурсе даследчых работ, у інтэлектуальных і творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах гімназія займае 7-е месца сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска. У 2016 годзе выпускнік гімназіі Уладзіслаў Рэентовіч упершыню за ўсю гісторыю цэнтралізаванага тэсціравання атрымаў тры 100-бальныя сертыфікаты. Гэтым летам выпускнік Іван Наркевіч у складзе каманды беларускіх школьнікаў заваяваў бронзавы медаль на Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі, якая праходзіла ў Сербіі. У скарбонцы дасягненняў — прэміі і гранты Мінгарвыканкама, перамогі ў конкурсах педагагічнага майстэрства, выступленні з прэзентацыяй вопыту на розных педагагічных форумах, публікацыі ў галіновым друку педагагічных работнікаў.

У гімназіі створана па-сапраўднаму творчая атмасфера, са сваімі традыцыямі і непаўторным стылем школьнага жыцця, што дазваляе паспяхова вырашаць задачы навучання і выхавання кожнага дзіцяці.

Аднак вялікай праблемай калектыву доўгія гады заставалася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Асабліва востра стаяла пытанне правядзення рамонту будынка. Пабудаваны ў 90-я гады, ён літаральна разыходзіўся па швах пасля кожнага дажджу. Сцены прамакалі і прамярзалі. Школьная сям’я мела патрэбу ва ўтульным доме, а дом патрабаваў гаспадарчага падыходу — падыходу Ірыны Уладзіміраўны Леўкавец.

“Я нічога іншага ў жыцці не ўмею”, — сціпла адказвае дырэктар на пытанне дасведчаных у адміністрацыйна-гаспадарчай сферы пра тое, як ёй удаецца так многа ажыццявіць у пераўтварэнні гімназіі. Але за гэтай сціпласцю — больш за 20 гадоў работы ў сістэме адукацыі, з іх10 — на пасадзе дырэктара.

Родам з невялікага мястэчка на Гомельшчыне, Ірына Уладзіміраўна Леўкавец скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Гісторыя” і пачала прафесійны шлях у адной са школ сталіцы. Потым працягнула сваю адукацыю ў магістратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Маладога таленавітага настаўніка заўважылі як добрага арганізатара, і ў 27 гадоў Ірына Уладзіміраўна стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а ўсяго праз пяць гадоў — дырэктарам.

“Люблю гісторыю, а яшчэ больш люблю працаваць з дзецьмі. З’яўляючыся кіраўніком, не хачу страціць сябе як настаўніка”, — прызнаецца Ірына Уладзіміраўна. Работа ў 5-х класах дазваляе ёй знаёміцца з самымі юнымі гімназістамі, убачыць іх здольнасці і патэнцыял, што дапамагае эфектыўна каардынаваць дзейнасць педагогаў на шляху ін-тэлектуальнага і творчага развіцця навучэнцаў.

Ужо стаўшы дырэктарам, Ірына Уладзіміраўна адчула вострую патрэбу ў развіцці кампетэнцый у галіне кіравання, таму скончыла Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі па спецыяльнасці “Менеджмент у сферы адукацыі”. Імкненне да самаразвіцця, самаадукацыі — рыса, уласцівая І.У.Леўкавец, якая не дазваляе спыняцца на дасягнутым, з’яўляецца імпульсам для асваення і прымянення сучасных тэхналогій у галіне адукацыі і менеджменту.

Патрабавальная да сябе, І.У.Леўкавец з такім жа патрабаваннем быць адкрытымі да інавацый ставіцца і да іншых. Сваю задачу бачыць у забеспячэнні адпаведных умоў. Так, адным з першых крокаў на шляху мадэрнізацыі гімназіі было правядзенне оптавалаконнай лініі і стварэнне лакальнай сеткі. Сёння няма ніводнага вучэбнага памяшкання або кабінета, у якім не было б камп’ютарнай тэхнікі, выхаду ў інтэрнэт. Усё гэта спрыяе віртуальным зносінам педагогаў, аператыўнаму абмену педагагічнай інфармацыяй, распрацоўцы электронных сродкаў навучання.

Ірына Уладзіміраўна Леўкавец — сучасны дэмакратычны кіраўнік, які на аснове стараннага вывучэння творчых магчымасцей педагогаў гімназіі, маніторынгу іх рэальных дасягненняў эфектыўна рэалізоўвае патэнцыял калектыву. Уменне знаходзіць агульную мову з настаўнікамі, дзецьмі і бацькамі дазволілі Ірыне Уладзіміраўне стварыць камфортны псіхалагічны клімат у калектыве, паспяхова развіваць педагагічную і дзіцячую творчасць. За добрасумленную працу і высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці Ірына Уладзіміраўна адзначана ганаровым званнем “Выдатнік адукацыі”, граматамі і падзякамі Міністэрства адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Але самая галоўная ўзнагарода для дырэктара — поспехі вучняў і настаўнікаў.

Алена РАБАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 61 Мінска,
кандыдат педагагічных навук.