Супрацоўнікі службы папярэджання надзвычайных сітуацый і цэнтра медыцыны катастроф правялі інтэрактыўны ўрок для 1150 навучэнцаў Мангістаускай вобласці, перадае “КАЗІНФАРМ”. Тэму, улічваючы час года, выбралі найбольш актуальную — як захаваць жыццё ва ўмовах зімы, калі нярэдкія маразы і завеі.
Падчас урока дзецям тлумачылі, як дзейнічаць пры снежных заносах, як аказваць і на што звяртаць увагу пры аказанні медыцынскай дапамогі. “З 77 школ вобласці, якія падключыліся да інтэрактыўнага ўрока, 18 школ былі з Актау, астатнія з раёнаў вобласці. Мы наглядна паказалі, якія праблемы ўзнікаюць з-за снегу на дарогах. У першую чаргу гэта пад’ёмы і спускі западзіны “Карага” (самай глыбокай шчыліны ў Казахстане, 132 метры ніжэй за ўзровень мора) і перавалу “Манат”. Таксама дзецям распавялі аб выратавальных аперацыях мінулага года”, — адзначыла прадстаўнік прэс-службы Дэпартамента па надзвычайных сітуацыях па Мангістаускай вобласці Гульнара Хаджабекава. У студзені 2016 года, па яе словах, падчас трох выратавальных аперацый эвакуіравалі 10 чалавек, адбуксіравалі некалькі адзінак аўтатранспарту. Яшчэ 11 чалавек, у тым ліку 4 дзіцяці, у тыя ж дні былі эвакуіраваны аператыўнай групай Тупкараганскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. “Дзецям расказвалі, як важна старанна сабрацца ў дарогу ў такі час, узяць медыкаменты, ваду, ежу, цёплыя рэчы. Кожная дробязь важная — менавіта гэта мы хацелі данесці. А паколькі ў дзяцей памяць лепшая, у патрэбны момант яны могуць падказаць дарослым, што ў машыну можна пакласці таксама паяльныя лямпы, тросы, ланцугі на колы, рыдлёўкі, прадметы першай неабходнасці. Старшакласнікам расказалі, як гэтым карыстацца, як выкарыстоўваць падручныя сродкі”, — сказала Г.Хаджабекава.