Вялікабрытанія: школьнікі будуць вучыць матэматыку па кітайскіх падручніках

- 12:11Паралелі

Ужо ў верасні гэтага года навучэнцы шэрага пачатковых школ у Вялікабрытаніі пачнуць вывучаць матэматыку па кітайскіх падручніках.

Дагавор аб перакладзе на англійскую мову і публікацыі кітайскіх падручнікаў па матэматыцы для пачатковай школы, а таксама дадатковых матэрыялаў і метадычных указанняў для настаўнікаў быў падпісаны прадстаўнікамі брытанскага выдавецтва HarperCollins Publishers і Шанхайскага выдавецкага дома Shanghai Century Publishing Group падчас Лонданскага кніжнага кірмашу. Кітайскія СМІ паведамляюць, што для перакладу выбраны 36 падручнікаў і вучэбна-метадычных матэрыялаў па матэматыцы, па якіх вучацца дзеці ў пачатковых школах Шанхая. Адначасова ў Вялікабрытаніі будзе прадстаўлена чатырохгадовая магістарская праграма па шанхайскай методыцы падрыхтоўкі настаўнікаў. На гэты праект Міністэрства адукацыі Вялікабрытаніі ўжо выдаткавала каля 41 млн фунтаў.

Увага брытанцаў да таго, як вучаць дзяцей у шанхайскіх школах, цалкам заканамерная. Шанхайскія вучні прымалі ўдзел у вядомых тэставых работах PISA ў 2009 і 2012 гадах і паказалі выдатныя вынікі па матэматыцы.

У 2014 годзе Кітай і Вялікабрытанія прынялі рашэнне аб праграме па абмене школьнымі настаўнікамі. У верасні 2014 года ў школы Шанхая прыехала першая група з 73 настаўнікаў 45 пачатковых школ Вялікабрытаніі. У перыяд з лістапада 2014 года па сакавік 2016 года 60 настаўнікаў матэматыкі з Шанхая наведалі 48 брытанскіх пачатковых школ і правялі там адкрытыя ўрокі. У ліпені 2016 года Вялікабрытанія абвясціла аб рашэнні прадоўжыць супрацоўніцтва з Кітаем у сферы школьнай адукацыі і прапанавала настаўнікам сярэдніх і пачатковых школ звярнуць павышаную ўвагу на вопыт выкладання матэматыкі ў школах Шанхая.