На мінулым тыдні на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі грамадскае аб’яднанне “Беларускае педагагічнае таварыства” правяло свой першы семінар-панараму “Гуманізацыя адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе” з серыі “Навукова-педагагічныя і аўтарскія школы ў адукацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь”.
Як заўважыла Галіна Іванаўна Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры лінгвістычнай адукацыі, старшыня Беларускага педагагічнага таварыства, недарэмна панараму навукова-педагагічных школ адкрывае прафесар У.Т.Кабуш са сваімі вучнямі. “Уплыў гэтага вучонага на педагагічную навуку сапраўды вялікі, — сказала Г.І.Нікалаенка. — Уладзімір Трафімавіч Кабуш — пэўная эпоха адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе. І калі мы гаворым “гуманізацыя”, то абавязкова ўзгадваем пра распрацоўкі прафесара У.Т.Кабуша”.
У рабоце семінара прынялі ўдзел вучні У.Т.Кабуша, рэктар АПА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт А.П.Манастырны, прарэктары, супрацоўнікі АПА, НІА, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку і Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната, якая шмат гадоў працуе па сістэме гуманнага выхавання У.Т.Кабуша і развівае яго ідэі. Спецыяльна да семінара была падрыхтавана выстава кніг У.Т.Кабуша і яго вучняў.
“Гуманістычныя школы заўсёды павінны быць аўтарскімі, — заўважыў у сваім уступным слове прафесар кафедры педагогікі і філасофіі адукацыі АПА доктар педагагічных навук У.Т.Кабуш. — Школа як і тэатр. Калі два тэатры ставяць адзін і той жа спектакль, то адзін спектакль абавязкова сябе зжыве, на яго не будзе попыту. Сёння мы павінны думаць аб аўтарскіх школах, працаваць над гуманізацыяй усіх элементаў выхаваўчай сістэмы”.
Гуманнасць, як нагадаў прафесар, — гэта інтэграваная якасць, якая ўключае ўсведамленне, пачуццё і паводзіны. Калі нешта адно адняць, то не будзе гуманізму. Гуманістычныя якасці выхоўваюцца толькі трэнінгам. А трэнінг — гэта тое, што чалавек робіць пастаянна, кожны дзень. У.Т.Кабуш заклікаў пачынаць свой дзень толькі з прыемнага, з усмешкі і такім жа чынам заканчваць яго.
На семінары вучні У.Т.Кабуша прадставілі праграмы, якія былі распрацаваны ў розныя гады. У прыватнасці, праграмы “Чалавек”, “Грамадзянін”, “Асоба”.
Пры распрацоўцы праграмы “Асоба”, як расказала загадчык кафедры маркетынгу і ўчотна-фінансавых дысцыплін Бабруйскага філіяла Беларускага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Генрыхаўна Цёсава, увага была сканцэнтравана на самавыхаванні чалавека. Самавыхаванне разглядаецца як умова фарміравання дзіцяці, яго патрэб і гатоўнасці да самаўдасканалення. Задача настаўніка — даць дзецям веды аб тым, што сабой уяўляе працэс самавыхавання, што трэба для гэтага рабіць, таксама дзіця павінна быць эмацыянальна да гэтага гатова і ўмець працаваць над сабой, распрацоўваць асабістую праграму развіцця.
“Паняцці “грамадзянін” і “грамадзянскасць” асноўныя, з іх пачынаецца працэс выхавання дзіцяці”, — заўважыла дацэнт кафедры сацыяльнай педагогікі БДПУ імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Вера Васільеўна Мартынава. Грамадзянін — гэта асоба самабытная, адказная за сябе, свае ўчынкі, жыццё, якая ведае сябе і можа выказваць свае асобасныя якасці ў грамадстве і дзяржаве. З педагагічнага пункта гледжання грамадзянскасць — гэта асэнсаванне і рэалізацыя чалавекам сваіх правоў і абавязкаў у грамадстве і дзяржаве. Дзецям трэба тлумачыць, што грамадзянства і дзяржава для чалавека — гэта ў першую чаргу яго сям’я, яго горад або вёска, дзе ён жыве. Грамадзянін пачынаецца з асэнсавання самога сябе. Вучыць грамадзянскасці дзяцей трэба праз рэальнае жыццё, праз тыя паводзіны, дзейнасць, якая характарызуе тую ці іншую сацыяльную ролю: я сын (дачка), я вучань, я жыхар горада (вёскі) і г.д.
Уладзіміра Трафімавіча Кабуша яго вучні называюць ганаровым піянерам Рэспублікі Беларусь, бо менавіта ён з’яўляецца распрацоўшчыкам асноўнага нарматыўнага дакумента па дзіцячым маладзёжным руху — Канцэпцыі развіцця дзіцячага руху ў Рэспубліцы Беларусь. Там прапісаны ўсе каштоўнасці і арыенціры для сучасных піянераў, акцябрат, членаў БСРМ. Сёння далейшай распрацоўкай тэмы фарміравання маральных каштоўнасцей у дзіцячых і маладзёжных аб’яднаннях займаецца вучаніца У.Т.Кабуша Марына Яўгенаўна Мінава, старшы выкладчык кафедры зместу і метадаў выхавання АПА.
Не першы год калектыў сярэдняй школы № 38 Мінска працуе над тэмай вучнёўскага самакіравання. Як заўважыў кіраўнік установы Андрэй Міхайлавіч Гоцман, вучнёўскае самакіраванне яны разглядаюць як фактар дэмакратызацыі і гуманізацыі выхаваўчага працэсу ў агульнаадукацыйных установах. Менавіта такая форма арганізацыі жыццядзейнасці калектыву дазваляе развіць і выхаваць у дзяцей розныя якасці, таму што там яны пражываюць розныя сацыяльныя ролі.
Прафесар кафедры сацыяльнай работы і сацыяльнага права Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта, доктар палітычных навук (РФ), кандыдат педагагічных навук Флюра Ібрагімаўна Храмцова расказала пра сістэму выхаваўчай дзейнасці па фарміраванні ў вучняў культуры паводзін, дзе асоба выхаванца разглядаецца як цэласная бія-, псіха-, сацыяльна-культурная сістэма, якая ўпісана ў навакольнае асяроддзе.
Як заўважыла Наталля Уладзіміраўна Бушная, дырэктар гімназіі № 1 Мінска, выхаванне не можа быць вузкаведамаснай праблемай, школа павінна быць адкрытай. “Усё тое, што было распрацавана школай Кабуша, — расказала Н.У.Бушная, — мы рэалізоўваем у сябе на практыцы. У гімназіі дзейнічае праект, які быў удастоены гранта Мінгарвыканкама “Фарміраванне светапогляду жыхара сталіцы”, дзе кожная паралель працуе па сваёй тэме. У прыватнасці, пачатковая школа — гэта “Я і мая сям’я”, вучні 5—6 класаў — “Я і мая гімназія” і г.д.
Не так даўно выйшла новая кніга У.Т.Кабуша, над якой ён працаваў разам з дачкой, дацэнтам Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдатам педагагічных навук Н.У.Трацэўскай “Гуманізацыя выхаваўчага працэсу ў сучаснай школе”. Прадстаўляючы выданне, Настасся Уладзіміраўна заўважыла, што ў новай рабоце яны (аўтары) вылучылі главу “Гульня як поліфункцыянальная тэхналогія гуманістычнай адукацыі”. Акцэнт на гульні быў зроблены не проста так. Гульня — гэта патрэба самога дзіцяці, у якой закладзены каласальныя педагагічныя магчымасці і выхаваўчыя рэзервы. Гульня для гуманістычнага выхавання прадстаўляе вялікае поле. Дзякуючы гульні, дзіця развівае сваю самастойнасць, сваё “Я”. На вялікі жаль, па меркаванні аўтара кнігі, гульнёвыя тэхналогіі мала выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.
Семінар-панарама праходзіў за круглым сталом, дзе кожны імкнуўся расказаць пра свой вопыт супрацоўніцтва з прафесарам У.Т.Кабушам. Ва ўсіх выпадках ён быў станоўчы і эфектыўны. Сёння многія яго вучні займаюць высокія пасады і маюць вучоныя ступені, і яны не маглі не выказаць удзячнасць свайму настаўніку за духоўнае і асобаснае развіццё, якое яны атрымалі дзякуючы супрацоўніцтву і зносінам з ім.
Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by