Вопыт паказвае, што для паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання недастаткова навучыць граматна пісаць, неабходна зразумець саму спецыфіку прадмета. На гэтых асаблівасцях прапаноўваю спыніцца.
Метад тэсціравання шырока вядомы за мяжой. У нашай краіне тэсты рознага кшталту з’явіліся не так даўно. Прызначэнне тэстаў — гэта не толькі ацэнка і кантроль ведаў, але і дыягностыка працы навучэнцаў з праграмным матэрыялам на кожным этапе яго вывучэння. Тэсты даюць навучэнцам магчымасць праявіць самастойнасць, індывідуальнасць, садзейнічаюць развіццю самакантролю.
Што такое тэст? У перакладзе з англійскай мовы — выпрабаванне, спроба, даследаванне. Тэст уяўляе сабой стандартызаванае заданне, па выніках якога мы можам даваць ацэнку ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў.
Як вядома, беларуская мова з’яўляецца адным з асноўных прадметаў для навучання ва ўстановах адукацыі Беларусі. Праз тэставае заданне, яго аналіз на большасці ўрокаў можна ў поўнай меры вырашыць задачы, звязаныя з вывучэннем тых або іншых правіл. Гэта актуальна яшчэ і таму, што ўсе выпускнікі ўстановы (навучаліся ў школе з 5 па 9 клас) выбіраюць для здачы на ЦТ беларускую мову. І гэта падкрэслівае важнасць маёй працы.
Падрыхтоўка да ЦТ — вельмі адказны працэс. У кожнага настаўніка паступова фарміруецца свой стыль і тактыка, аднак усіх нас аб’ядноўвае адно — неабходны вынік. І гэта не толькі паспяховая здача выпускнікамі ЦТ, але і выхаванне асобы, якая з павагай ставіцца да сваёй мовы, культуры, валодае пісьмовым і вусным маўленнем.
Прааналізаваўшы навуковую літаратуру, інфармацыю ў інтэрнэце, прыйшоў да высновы, што ўсе тэхналогіі падрыхтоўкі да ЦТ, апісаныя ў гэтых рэсурсах, шырока прымяняюцца ў сучаснай школе. Звычайна настаўнік-прадметнік аддае перавагу адной з іх, абапіраючыся на асабісты вопыт, узровень падрыхтаванасці навучэнца, яго псіхалагічны стан. Я карыстаюся наступнымі тэхналогіямі і іх элементамі:
P “Кейс-тэхналогія” — забяспечвае індывідуальны падыход і прадугледжвае складанне індывідуальных планаў для кожнага навучэнца. Вынік засваення ведаў навучэнцам можа быць прадстаўлены ў выглядзе прэзентацыі, вуснага паведамлення, абароны праекта, выканання тэста і г.д. У кожным класе заводжу журнал уліку здачы навучэнцам вызначанай тэмы. На сённяшні дзень іх у мяне прыкладна 65. Па кожнай тэме стаўлю адзнаку па 10-бальнай сістэме. Улічваючы тое, што ў сваёй працы па падрыхтоўцы да ЦТ абапіраюся на большасць навучэнцаў класа, дадзеную тэхналогію прымяняю пераважна для работы са слабымі навучэнцамі або з тымі, хто прапусціў тую ці іншую тэму.
P Інфармацыйныя тэхналогіі. Прымяняю такія праграмныя сродкі, як “Школьны настаўнік”, “Кантрольныя тэставыя заданні Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў”, шматлікія праграмы, дзе можна скласці тэст. Такія заданні выклікаюць цікавасць у навучэнцаў, даюць магчымасць працаваць дома і абменьвацца інфармацыяй з настаўнікам праз інтэрнэт. Лепш забяспечваецца індывідуальны падыход. Мінусам праграм з пэўнай колькасцю гатовых тэстаў з’яўляецца менавіта іх колькасная абмежаванасць: дзеці хутка запамінаюць адказы і іншы раз адказваюць аўтаматычна. Чамусьці аўтары дадзеных праграм не ў поўнай меры знаёмяцца з тэстамі, прадстаўленымі на ЦТ, часам заданні адрозніваюцца ад тых, якія будуць прапанаваны навучэнцам пасля заканчэння школы. Праграмы, прызначаныя для складання тэставых заданняў самімі настаўнікамі (TestShell, розныя дадаткі Google Chrome і інш.), выглядаюць выйгрышна ў гэтым плане, аднак іх мінусам з’яўляецца тое, што тут нельга правесці карэкцыйную работу, прачытаць правіла на зробленую памылку і г.д.
Дадзеныя праграмныя сродкі дазваляюць навучэнцам правесці самакантроль, настаўніку — вызначыць далейшы кірунак карэкцыйнай работы. Выкарыстанне новых інфармацыйных тэхналогій дазваляе настаўніку камбінаваць і рабіць больш разнастайнымі сродкі педагагічнага ўздзеяння на навучэнцаў, узмацняць матывацыю да навучання, паляпшаць засваенне новага матэрыялу. Павялічваецца аб’ём матэрыялу за кошт эканоміі часу. Павышаюцца магчымасці прымянення дыферэнцыйнага падыходу ў навучанні. У канікулярны і пазаўрочны час выкарыстоўваю такія сродкі зносін, як Google Hangouts, Viber, Skipe. Асаблівую цікавасць выклікае Google Hangouts — гэта праграмнае забеспячэнне для хуткага абмену паведамленнямі і відэаканферэнцый. Пры рашэнні тэставых заданняў па тэме “Сінонімы” ўзнікла праблема адсутнасці ў навучэнцаў дастатковага слоўнікавага запасу. Мной быў распрацаваны праграмны сродак “Электронны слоўнік сінонімаў”, які служыць для ўзбагачэння лексікону, дапамагае рашэнню тэставых заданняў па дадзенай тэме. Інфармацыйныя сродкі найбольш падыходзяць для засваення навучэнцамі базавага ўзроўню. Бясспрэчна, камп’ютар не заменіць настаўніка або падручнік, таму яго неабходна прымяняць у комплексе з іншымі метадычнымі сродкамі.
Тэхналогіі мультымедыя даюць магчымасць візуалізаваць абстрактную інфармацыю і сканцэнтраваць увагу на пастаўленых задачах. Пры падрыхтоўцы да ЦТ па беларускай мове часта выкарыстоўваю ўласныя прэзентацыі з анімацыйнымі і графічнымі элементамі, відэафільмы, а таксама лекцыі, семінары і даклады.
Добры вынік дае прымяненне тэхналогіі праблемнага навучання, якая забяспечвае творчае засваенне ведаў пры дапамозе арганізаванага настаўнікам дыялогу. Гэта групавая форма работы, якая дазваляе развіваць уменне вырашаць праблемы, здабываць інфармацыю і рабіць высновы.
Нельга забываць, што атрыманыя веды і навыкі патрабуюць праверкі. Для гэтага прымяняецца сістэма маніторынгу з выкарыстаннем лістоў уліку памылак. Навучэнец можа самастойна выявіць свае слабыя месцы і ўбачыць станоўчую дынаміку. На пэўнае тэставае заданне ён заводзіць асобны ліст сшытка і запісвае туды тыповыя памылкі, складаныя выпадкі, слоўнікавыя словы. Гэта спрыяе таму, што навучэнец засяроджвае ўвагу на сваіх памылках і не дапускае аналагічных.
У сваёй дзейнасці магу вылучыць наступныя кірункі па прадметнай падрыхтоўцы навучэнцаў:
— развіццё матывацыі;
— фарміраванне ўмення выконваць заданні рознага ўзроўню;
— развіццё самакантролю.
Лепшым стымулам для матывацыі ў нашай установе адукацыі служаць поспехі нашых выпускнікоў, былых навучэнцаў. Прэстыжныя прафесіі, універсітэты, факультэты і іншае стымулююць бацькоў і навучэнцаў на дасягненне высокіх вынікаў. Бацькі і навучэнцы бачаць, што звычайныя дзеці, іх суседзі могуць дабіцца значных поспехаў. І гэта матывуе: 2009 год — 100% выпускнікоў паступіла ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны, 2010 год — 67%, 2011 год — 83%, 2012 год — 100%, 2013 год — 100%.
У працэсе работы з 40 тэставых заданняў, якія прапаноўваюцца на ЦТ, былі выбраны тэмы, заданні, дзе навучэнцы нашай школы стабільна паказваюць высокія веды, не дапускаюць памылак:
— фанетыка;
— правапіс і, ы, й пасля прыставак;
— правапіс ў;
— лічэбнік;
— знакі прыпынку ў складаных сказах;
— аднасастаўныя сказы;
— правапіс мяккага знака і апострафа і інш.
Навучэнцамі гэтыя заданні выконваюцца паспяхова прыкладна на 60%. Праца над імі носіць сістэмны характар: вывучаем, паўтараем, праводзім кантроль ведаў. Даводзім выкананне тэстаў да аўтаматызму. Даю іх без падрыхтоўкі і паўтарэння. На ЦТ на гэтыя заданні рэкамендую адводзіць дзве трэці ўсяго часу.
Ёсць група найбольш складаных для навучэнцаў тэставых заданняў, выкананне якіх патрабуе пэўнага інтэлектуальнага ўзроўню і падрыхтаванасці:
— правапіс часціц не, ня разам і асобна;
— знакі прыпынку ў сказах з адасобленымі членамі;
— правапіс прыслоўяў;
— вызначэнне стылю тэксту і інш.
Праца з гэтай групай заданняў будуецца інакш. Перш чым пачаць іх выконваць, праводзім сістэмнае паўтарэнне, разбіраем складаныя выпадкі, рашаем тэставыя заданні мінулых гадоў. Найбольш інтэнсіўная работа з другой групай тэстаў ідзе ўжо ў другім паўгоддзі 11 класа пры арганізацыі паўтарэння пройдзенага матэрыялу. Пры здачы ЦТ цяжкія, на першы погляд незразумелыя заданні рэкамендую прапускаць. У тэсце заўсёды знойдуцца заданні, на якія неабходна затраціць больш часу, таму лепш выкарыстаць на іх час, які застанецца пасля выканання зразумелых заданняў.
Праз кожныя 15—20 хвілін урока лічу неабходным мяняць формы работы, каб рацыянальна выкарыстоўваць адведзены час (пісьмовыя практыкаванні, дыктоўкі, узаемныя праверкі навучэнцамі ведаў адно ў аднаго, вусныя адказы на пытанні, дзе большасць дапусцілі памылкі, прыдумванне слоў або сказаў на пэўнае правіла, выпраўленне граматычных, лексічных, стылістычных, сінтаксічных, марфалагічных памылак). Пасля праверкі любой пісьмовай работы (дыктанты, сачыненні, пераказы, дамашнія, самастойныя работы ў свой рабочы сшытак выпісваю ўсе памылкі, класіфікую іх у дачыненні да тэставых заданняў (“тэст на правіла…”). Карэкцыйную работу па гэтых памылках праводзім у тэставай форме.
Для ажыццяўлення самакантролю выкарыстоўваем зборнікі тэставых заданняў за мінулыя гады.
Тэсціраванне прымяняю на розных этапах урока: правядзенне ўводнага тэсціравання — атрыманне звестак аб першапачатковых ведах навучэнцаў; так званае бягучае тэсціраванне — для ліквідацыі прабелаў, карэкцыі ўменняў і навыкаў; выніковы тэст — сістэматызуе, абагульняе вучэбны матэрыял, правярае сфарміраваныя ўменні і навыкі. Удала складзены тэст мае шэраг станоўчых момантаў, а менавіта:
— дапамагае за кароткі прамежак часу атрымаць уяўленне аб праблемах у ведах, дапамагае арганізаваць работу па папярэджанні адставання навучэнцаў;
— дае настаўніку магчымасць праверыць веды, уменні і навыкі на розных узроўнях і ажыццявіць дыферэнцыяцыю навучання;
— спрыяе рацыянальнаму выкарыстанню часу на ўроку;
— актывізуе мысленне школьнікаў;
— дае магчымасць настаўніку крытычна ацаніць свае метады выкладання прадмета.
Аднак тэсціраванне фіксуе толькі вынікі работы, але не ход яе выканання, таму неабходна рацыянальна спалучаць тэсціраванне з іншымі формамі навучання.
За гады працы прыйшоў да высновы, што падрыхтоўка да ЦТ адрозніваецца ад традыцыйнага паўтарэння школьнай праграмы па беларускай мове. Падрыхтоўка да ЦТ павінна быць арыентавана на вызначаную форму экзамену. Неабходна мэтанакіраванае паўтарэнне матэрыялу, шматлікія тэарэтычныя веды патрабуюць паглыблення. Нарэшце, навучэнцы псіхалагічна павінны быць гатовы да тэставай формы. Яны павінны ўмець хутка і без памылак запаўняць бланкі заданняў, ведаць патрабаванні да тэсціравання. Не трэба імкнуцца да таго, каб прачытаць і запомніць на памяць увесь падручнік. Карысна сістэматызаваць матэрыял за кошт складання планаў, схем.
Стварэнне неабходнай метадычнай базы. Пачынаць падрыхтоўку да ЦТ неабходна са стварэння метадычнай базы, куды ўваходзяць дыдактычныя дапаможнікі, друкаваныя выданні тэставых заданняў за розныя гады, трэнажоры, прэзентацыі, уласны дыдактычны матэрыял па розных тэмах для розных класаў, стварэння спіса інтэрнэт-рэсурсаў. Метадычная база кожны год карэкціруецца ў адпаведнасці з узроўнем падрыхтаванасці класа, з’яўленнем новых дапаможнікаў. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры фарміруюцца папкі з тэставымі заданнямі па асобных тэмах, заданнях тэстаў.
З цягам часу ў друку з’яўляюцца ўсё новыя і новыя выданні, якія прапаноўваюць абітурыенту добрую здачу, атрыманне высокіх балаў. Гэта значны падмурак для кожнага настаўніка. Аднак грыф Міністэрства адукацыі стаіць на такіх выданнях толькі ў адзінкавых выпадках, таму настаўнікам неабходна ўвесь час сачыць за навінкамі друку, рабіць аналіз, прапаноўваць навучэнцам тое, што адпавядае іх сістэме падрыхтоўкі. Неапраўданы давер да ўсіх выдадзеных матэрыялаў па тэсціраванні можа нанесці шкоду будучаму абітурыенту.
Цэласнасць, неабходнасць валодання ўсім матэрыялам. Аналіз работ ЦТ паказвае, што аб’ектам кантролю з’яўляюцца не асобныя веды, уменні і навыкі, а іх комплекс. Гэта значыць, што для выканання заданняў неабходна ведаць увесь матэрыял, прадугледжаны праграмай. Напрыклад, тэставае заданне часткі В “Вызначце граматычную аснову аднасастаўнага сказа і запішыце яе” патрабуе не толькі ведаў па тэме “Аднасастаўныя сказы”, але і ўмення вызначаць граматычную аснову і правільна запісваць дадзеныя словы.
Фарміраванне ўмення правільна разумець заданне тэста. Паспяховае выкананне тэставага задання патрабуе ад навучэнца не толькі глыбокага ведання вучэбнага матэрыялу і адпаведнага ўзроўню сфарміраванасці вядучых кампетэнцый, але і разумення сэнсу задання, каб далей дзейнічаць у правільным кірунку. Неабходна чытаць кожнае заданне да канца, не трэба старацца зразумець умову па першых словах і самім дабудоўваць канцоўку. Гэта папярэдзіць дапушчэнне памылак у самых лёгкіх заданнях. Каб навучыць працаваць з заданнем, прапаноўваю тэст тыпу “Правапіс ў”, у якім у 9 з 10 заданняў прашу адзначыць словы, дзе пішацца ў (у нескладовае), а ў адным заданні — адзначыць словы, дзе пішацца у (у складовае). 90% навучэнцаў на аўтамаце выконваюць гэты тэст па першай умове. Усе вельмі здзіўляюцца, што маглі дапусціць памылкі ў такім простым заданні.
У сваёй практыцы выкарыстоўваю рашэнне тэстаў метадам выключэння, што вельмі падабаецца навучэнцам. Гэты метад дапамагае сканцэнтраваць увагу на 1—2 варыянтах, а не на ўсіх 5.
Самастойная работа навучэнцаў і самакантроль з’яўляюцца неад’емнай часткай эфектыўнай дзейнасці. Да арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў далучаю бацькоў. Кожнаму навучэнцу рэкамендую скласці графік заняткаў па падрыхтоўцы да ЦТ. Па беларускай мове ён у сярэднім павінен складаць 60 хвілін кожны дзень. Напрыклад, і бацькі, і навучэнец ведаюць, што ён займаецца беларускай мовай з 17.30 да 18.30. Праца па такім графіку павінна быць абавязковай у 11 класе, у 10-м — пажаданай. Неадпрацаваная сістэма падрыхтоўкі дома дае значны збой у агульным поспеху. Толькі самастойна навучэнец зможа выканаць як мага больш тэставых заданняў за мінулыя гады.
Пастаянная разнастайная работа па падрыхтоўцы да ЦТ дапамагае настаўніку і навучэнцу пераадолець псіхалагічны дыскамфорт. Пры падрыхтоўцы да ЦТ дома неабходна чаргаваць заняткі і адпачынак. Напрыклад, 30 хвілін вучым, а 10 хвілін адпачываем. У час адпачынку прапаноўваю заняцца фізічнымі практыкаваннямі, паліць кветкі, памыць посуд, прыняць душ і г.д. У апошні перыяд падрыхтоўкі навучэнцу нельга думаць пра тое, што ён не справіцца з заданнем, наадварот, на апошніх уроках стараюся ствараць перад навучэнцамі прыемныя для іх карціны (“атрымаеце высокааплатную прафесію”, “уявіце сабе, як вашым бацькам будуць зайзросціць, калі вы паступіце”, і г.д.).
На апошнім тыдні перад здачай экзамену неабходна паўтарыць усе планы адказаў на тэставыя заданні, звярнуць увагу на самыя цяжкія моманты і тэмы. Ніколі нельга штосьці вучыць у апошні дзень, наадварот, неабходна добра выспацца, адпачыць. На месца здачы ЦТ трэба прыйсці за паўгадзіны да пачатку выпрабавання. Пры рашэнні тэстаў нельга панікаваць. Варта памятаць, што тэсты разлічаны на максімальны ўзровень цяжкасці, рашыць усё вельмі складана, магчыма, зробленага ўжо будзе дастаткова для добрага выніку.
Сістэма падрыхтоўкі да ЦТ па класах. Усю работу па падрыхтоўцы да ЦТ у школе дзялю на тры часткі:
— 5—7 класы;
— 8—9 класы;
— 10—11 класы.
Кожны этап мае сваю спецыфіку і свае асаблівасці. Пачынаць падрыхтоўку да ЦТ патрэбна ў 5 класе. У 5—7 класах навучэнцы актыўна знаёмяцца з 50% тэставых заданняў, адбіраюць неабходны матэрыял, рашаюць тэсты невысокага ўзроўню. Кожны мой 5 клас вельмі здзіўляецца таму, як лёгка можа рашыць тэставае заданне, прадстаўленае на ЦТ у мінулыя гады. Гэта дазваляе, па-першае, прадухіліць страх перад экзаменамі, па-другое, дапамагае зразумець важнасць нашых заняткаў. Менавіта гэтыя ўрокі ў далейшым могуць паўплываць на эфектыўнасць здачы ЦТ. З 5 класа пачынаем таксама весці канспекты па падрыхтоўцы да ЦТ, дзе адзначаем найбольш лёгкія для ўспрымання варыянты таго або іншага правіла, складаем алгарытмы работы з тэстам, запісваем выключэнні, схемы, табліцы. Гэтымі канспектамі дазваляю карыстацца на ўсіх уроках, акрамя тых, на якіх праводзіцца кантрольная работа. Асноўная ўвага ўдзяляецца рашэнню заданняў блока А.
Ужо ў 5—7 класах мы вучымся сістэматызаваць матэрыял па асноўных раздзелах. Вялікую ўвагу ўдзяляю прыналежнасці слова да той або іншай часціны мовы, значэнню слова, марфалагічным прыкметам, форме слова і часткам слова, ролі слова ў сказе. Для кантролю засваення ведаў, уменняў і навыкаў ужо з 5 класа ўключаю ў вучэбны працэс тэсты, дапамагаю навучэнцам авалодаць тэхнікай работы з імі. Рэгулярнае правядзенне тэматычнага тэціравання дапамагае настаўніку хутка ўстанавіць зваротную сувязь, вызначыць прабелы ў падрыхтоўцы навучэнцаў па кожнай тэме курса.
8—9 класы — гэта той перыяд, калі нельга азірацца назад. У гэты час фарміруюцца асноўныя веды. Мы актыўна выконваем заданні часткі В. Праграмай уводзіцца кантрольная тэставая работа. Школьнікі вывучаюць увесь матэрыял, выконваюць абсалютную большасць тэставых заданняў. Пасля кожнай новай тэмы адзначаем тыя заданні, якія навучыліся выконваць. Вопыт паказвае, што да 9 класа патрабуе актуалізацыі праграмны матэрыял па арфаграфіі. Навучэнцы маюць патрэбу ў паўтарэнні пройдзенага матэрыялу і ў авалоданні больш дасканалымі ў параўнанні з 5—7 класамі навыкамі правапісу ў сувязі з пашырэннем лексікі і ростам маўленчай культуры. Амаль на кожным уроку на гэтым этапе выкарыстоўваю для паўтарэння лінгвістычныя хвілінкі (арфаграфічныя, пунктуацыйныя, лексічныя). Адным з эфектыўных прыёмаў работы лічу таксама сказы-практыкаванні, калі ў комплексе адпрацоўваюцца не толькі арфаграфічныя, словаўтваральныя, лексічныя, марфалагічныя, пунктуацыйныя навыкі, але і ўстанаўліваюцца граматычныя сувязі паміж словамі, а таксама развіваецца лагічнае мысленне.
Асноўная нагрузка выпадае на 10—11 класы. Гэта перыяд сістэмнага паўтарэння і давядзення навыку рашэнняў тэста да аўтаматызму, час складання алгарытмаў дзейнасці. У 10 класе на кожнага навучэнца заводжу дыягнастычную карту, у якой адлюстроўваю выніковасць падрыхтоўкі да ЦТ па ўсіх тэмах, па кожным заданні. Такія карты дапамагаюць настаўніку сачыць за вынікамі, выяўляць праблемы, планаваць далейшую работу.
У гэты перыяд асаблівую ўвагу ўдзяляем часу выканання — сочым, колькі хвілін патрабуецца на тое або іншае заданне.
На кожным уроку ў 10—11 класах, факультатыўных занятках пры неабходнасці прымяняю хвілінку карэкцыі. Даю магчымасць кожнаму навучэнцу задаць пытанне, якое ўзнікла падчас самастойнай падрыхтоўкі дома, пры выкананні тэставых заданняў, пры засваенні пэўнай тэмы. Гэта дазваляе кантраляваць самастойную работу навучэнцаў. Таксама выкарыстоўваю такі від работы, як “Па шляху нашых памылак”. Выяўляем прычыну памылкі, складаем алгарытмы дзеянняў. Пры складанні тэкстаў, сказаў уключаю туды словы, якія выклікаюць цяжкасці і якія шырока прадстаўлены ў тэставых заданнях за мінулыя гады. Адным з эфектыўных відаў дзейнасці навучэнцаў пры карэкцыі ведаў з’яўляецца метад “Правер свайго сябра”. Прымяняючы тэхналогію “Роўны вучыць роўнага”, дзялю научэнцаў на пары (адзін з іх цалкам засвоіў матэрыял, у другога ёсць хібы), прызначаю кансультанта класа, які кантралюе работу груп. Работа над памылкамі праводзіцца амаль кожны ўрок, аб’ядноўвае заняткі па паўтарэнні і замацаванні пройдзенага матэрыялу.
Выкарыстанне міжпрадметных сувязей, розных форм работы. Пачынаючы з 5 класа, пры падрыхтоўцы да ЦТ выкарыстоўваю магчымасці ўрокаў па іншых прадметах, асабліва па беларускай літаратуры і рускай мове. Пры вывучэнні мастацкіх твораў асаблівую ўвагу ўдзяляем перш за ўсё мастацкім сродкам, праводзім літаратурныя дыктанты, звяртаем увагу на тэставыя заданні па раздзеле “Лексіка”. Напрыклад, слоўнікавая работа на ўроках літаратуры (замяніць слова з тэксту сінонімам) дапамагае рашэнню тэставых заданняў па тэме “Сінонімы”.
У апошнія гады мне давялося папрацаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, дырэктарам школы. Гэта дазволіла скласці пэўную сістэму падрыхтоўкі да ЦТ у школе. Вядома, галоўнае — гэта ўрок. Між тым лічу неабходным, калі ёсць запатрабаванні ад бацькоў (а ў нашай школе гэта актуальна), уводзіць у 10—11 класах па два факультатыўныя заняткі па беларускай мове, напрыклад, “Складаны сказ без складанасці” (9 клас), “Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы” (10 клас), “Практыкум па пунктуацыі беларускай мовы” (11 клас), “Практыкум па беларускай мове” (10—11 класы). З боку бацькоў ёсць прапановы па арганізацыі платных адукацыйных паслуг у школе. Некалькі гадоў запар у нашай установе арганізоўваліся платныя групавыя заняткі. Выкарыстаўшы ўсе згаданыя формы работы, мы маем 5 гадзін на тыдзень падрыхтоўкі да ЦТ у старшых класах: 2 гадзіны па вучэбным плане, 2 гадзіны факультатыўных заняткаў, 1 платны занятак. Такая сістэма работы цалкам адпавядае запытам бацькоў па арганізацыі падрыхтоўкі да ЦТ. Звяртацца да рэпетытараў па-за межамі школы нашым навучэнцам не патрэбна.
Выніковасць. Вынікі ЦТ дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў курсе беларускай мовы ў сярэдняй школе неабходна больш увагі ўдзяляць практычнаму авалоданню маўленчымі нормамі. Узмацненне практычнай накіраванасці навучання беларускай мове і сувязь тэорыі з практыкай можа быць дасягнута дзякуючы шматпланавай сістэмнай рабоце.
За час працы ў мяне было 6 выпускаў дзяцей, якія прымалі ўдзел у ЦТ. Чатыры разы гэта быў лепшы вынік у раёне, адзін раз — 2-е месца, адзін — 3-е. Кожны выпуск паказваў вынік вышэйшы за сярэдні раённы і абласны. Найбольш удалым аказаўся 2009 год, калі ЦТ здаваў клас, дзе я быў класным кіраўніком. Пры сярэднім бале 71 (здавалі экзамен 8 навучэнцаў) 4 навучэнцы (50%) набралі 90 балаў і вышэй. Двое з іх (25%) набралі 95 балаў і вышэй. Улічваючы, што падрыхтоўка да ЦТ прадугледжвае вывучэнне поўнага курса беларускай мовы, выкананне заданняў павышанай цяжкасці, гэта дазволіла навучэнцам прыняць удзел у раённым этапе прадметнай алімпіяды па беларускай мове (2006 год — 3-е месца, 2008 год — 2-е месца).
Падчас работы настаўнікам сутыкнуўся і з некаторымі недахопамі тэсціравання. Калі навучэнец піша толькі нумары адказаў, настаўнік не бачыць ходу выканання задання, разумовай дзейнасці навучэнца. На гэтым настаўнік можа і спыніцца, паставіўшы адзнакі. Такую памылку вельмі часта дапускаюць маладыя педагогі. Кожны тэст, кожнае заданне неабходна разабраць, прааналізаваць ход рашэння. Важным з’яўляецца этап карэкцыі, выпраўлення памылак.
Свае паслугі па падрыхтоўцы да ЦТ прапаноўваюць шматлікія ўстановы адукацыі і тысячы працуючых незалежных педагогаў. Між тым лічу, што кожны настаўнік нясе персанальную адказнасць за вынікі сваёй працы, за кожнага асобна ўзятага навучэнца. Нічога складанага ў падрыхтоўцы да ЦТ няма, гэта па сілах кожнаму настаўніку. Галоўнае — сістэма падрыхтоўкі, якую трэба адпрацоўваць і пастаянна ўдасканальваць.
Андрэй БАТУРА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
дырэктар Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва аўтара.