Шлях да студэнцтва — праз праект

- 11:42Навіны рэгіёнаў

“УВА вачыма абітурыента” — адукацыйны праект пад такой назвай рэалізоўваецца на факультэце замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Стартаваў праект у мінулым навучальным годзе. Стартаваў вельмі ўдала і цяпер абяцае быць доўгатэрміновым. Яго ўдзельнікі — навучэнцы 10—11 класаў школ, ліцэяў і гімназій Гомельшчыны. Для таго каб стаць часткай праекта, дастаткова добрага ўзроўню валодання англійскай або нямецкай мовай і жадання ўдасканальваць свае веды.

— Задумваючы такі праект, як асноўную мэту мы вызначалі прыцягненне ўвагі навучэнцаў школ да студэнцкага жыцця, збліжэнне школы і ўніверсітэта ў рамках прафарыентацыйнай работы, — тлумачыць дэкан факультэта замежных моў Алена Сажына. — Неабходна разумець, што мы праводзім гэта не толькі дзеля таго, каб вывесці на новы ўзровень прафарыентацыйную работу факультэта ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У большай ступені мы накіраваны на развіццё творчага патэнцыялу вучнёўскай моладзі, на актывізацыю яе інавацыйнага мыслення, на ўдасканаленне навыкаў публічнага выступлення.

І ўсё ж неабходна адзначыць, што падобны пошук мэтанакіраваных і зацікаўленых абітурыентаў — адзін з самых эфектыўных. Напрыклад, некаторыя ўдзельнікі адукацыйнага праекта мінулага года сёння ўжо ў ліку студэнтаў факультэта замежных моў Гомельскага дзяржуніверсітэта. У адных гэта была даўняя мара, а іншым менавіта праект дапамог разабрацца ў сваіх жаданнях і вызначыцца з прафесіяй. Тым больш, вытрымаўшы прадугледжаныя праектам заданні, школьнікі змаглі ацаніць свае сілы, прааналізаваць недахопы ў ведах. А патрабаванні, дарэчы, даволі сур’ёзныя.

Усяго неабходна прайсці тры туры. Першае выпрабаванне — эсэ на англійскай ці нямецкай мове, у якім удзельніку трэба расказаць, для чаго ён вывучае замежныя мовы. Далей экспертная камісія з ліку вядучых спецыялістаў факультэта замежных моў адбірае пераможцаў. Тых, хто паспяхова справіўся з задачай і перайшоў у ІI тур, чакае першая ўзнагарода: у перыяд восеньскіх канікул школьнікаў запрашаюць на факультэт замежных моў, дзе яны далучаюцца да ўдзелу ў вучэбным працэсе (наведваюць лекцыі, практычныя заняткі і семінары ў складзе груп студэнтаў). Затым іх чакае ІІ тур і новае, больш складанае заданне — рэферат на тэму “Вышэйшая адукацыя: “за” і “супраць”. Зразумела, на замежнай мове.

Аўтары, рэфераты якіх адзначаюцца экспертнай камісіяй як лепшыя, падчас зімовых канікул запрашаюцца на факультэт замежных моў для прадстаўлення сваіх работ. У мінулым годзе сярод такіх шчасліўчыкаў былі навучэнцы з Мазыра, Светлагорска, Жлобіна, Ельска, Камарына, а таксама з Пакалюбіцкай школы Гомельскага раёна і Малейкаўскай школы, што на Брагіншчыне. Як адзначыла Алена Сажына, дзеці з невялікіх раёнаў і нават сельскіх адукацыйных устаноў прыемна парадавалі экзаменатараў узроўнем валодання англійскай і нямецкай мовай, а таксама якасцю падрыхтоўкі дакладаў і прэзентацый.

Трэці тур, напэўна, не толькі самы хвалюючы, але і самы складаны. Тут пераможцам папярэдніх тураў неабходна не толькі прадэманстраваць веданне мовы, але і бліснуць сваім красамоўствам, разважаючы над асабістымі мэтамі ў жыцці. Дзеля гэтага будучым абітурыентам прыйдзецца пазмагацца ў нялёгкай барацьбе са студэнтамі 1 курса факультэта замежных моў.

— Летась канкурсанты паказалі нам высокі ўзровень валодання як замежнай мовай, так і майстэрствам аргументацыі, — заўважыла дэкан факультэта замежных моў. — Усе гэтыя веды і навыкі абавязкова спатрэбяцца ім у іх будучай прафесіі, паколькі канчатковы вынік нашага праекта — бачыць яго ўдзельнікаў у якасці студэнтаў факультэта.

Дзяўчаты, якія сталі пераможцамі мінулагодняга адукацыйнага спаборніцтва, адзначаюць адзін вельмі важны момант, прадугледжаны ў рамках праекта: школьнікі-пераможцы кожнага тура абавязкова ўдзельнічаюць у грамадскім, культурным і вучэбна-адукацыйным жыцці факультэта замежных моў. Гэта дае магчымасць, па-першае, дакрануцца да студэнцкага жыцця ўвогуле, па-другое, сцены ўніверсітэта становяцца знаёмымі, сваімі, як і некаторыя выкладчыкі.

З пачаткам новага навучальнага года стартаваў праект “УВА вачыма абітурыента — 2”. Першыя заяўкі на ўдзел разам з заданнем І тура — эсэ — ужо прыходзяць на электронны адрас экспертнай камісіі. Дарэчы, арганізатары сур’ёзна ставяцца да тых, хто прыходзіць у праект. Удзельнікам конкурсу мінулага года, якія зараз вучацца ў 11 класе, накіраваны персанальныя запрашэнні да ўдзелу ў сёлетнім праекце. У канцы кастрычніка стануць вядомы імёны наймацнейшых, пачнецца іх шлях да студэнцтва. На факультэце замежных моў упэўнены, што гэты раз жадаючых паспрабаваць свае сілы будзе яшчэ больш. Асабліва аргкамітэт чакае знаўцаў нямецкай мовы. “Нямецкая мова паступова выцясняецца са школ, таму нам хочацца ўдзяліць ёй большую ўвагу і падтрымаць дзяцей, якія яе вывучаюць”, — адзначае Алена Уладзіміраўна.

Наталля ЛУТЧАНКА.