Што дапамагае сельскай установе адукацыі трымаць высокую планку, расказала Людміла Баруценка

- 15:06Персона

“Уменне правільна паставіць задачы і пракантраляваць іх выкананне лічу вельмі важным для кіраўніка”. Дырэктар Журавіцкай сярэдняй школы імя А.Я.Макаёнка Рагачоўскага раёна Людміла Баруценка расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, што дапамагае сельскай установе адукацыі трымаць высокую планку.

Цыклічнасць жыцця

— Людміла Міхайлаўна, вы са школьных гадоў марылі быць настаўніцай?

— Канчаткова вызначыцца дапамагла вучоба ў профільным педагагічным класе, у які перайшла пасля базавай школы. Такі клас тады ўпершыню быў арганізаваны Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інcтытутам імя А.А.Куляшова на базе Княжыцкай сярэдняй школы. З намі працавалі выкладчыкі і псіхолагі гэтай УВА. І я зразумела, што маю схільнасць да філалогіі, добра спраўляюся з псіхалагічнымі задача­мі, што мне падабаецца педагогіка. У 1989 годзе паступіла ва УВА, каб стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

— 1 верасня гэтага года споўнілася 10 гадоў, як вы кіруеце ўстановай адукацыі. Падзяліцеся, якім быў ваш шлях да дырэктарскай пасады.

Так атрымалася, што мой працоўны шлях вымяраецца дзесяцігоддзямі. Першыя 10 гадоў працавала настаўніцай у Хатаўнянскай школе, наступныя 10 — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў гэтай жа ўстанове. Потым была рэкамендавана на пасаду дырэктара Журавіцкай сярэдняй школы імя А.Я.Макаёнка.

— Вы прыйшлі працаваць кіраўніком у незнаёмы калектыў. Хваляваліся?

Прызнацца, я не баялася пераходзіць на новую пасаду. Папярэдні вопыт дазволіў дасканала зразумець школьную кухню, і мне было даволі проста працаваць дырэктарам. Калектыў мяне прыняў добра, мы хутка знайшлі паразуменне. І якую б задачу я ні ставіла перад ім, якія б патрабаванні ні прад’яўляла, усё выконваецца.

Сёння тут працуюць 15 нас­таўнікаў. Пяцёра з іх — выпускнікі школы. У той час, калі я прыйшла, быў невысокі працэнт педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Перада мной паўстала задача зрабіць усё магчымае, каб змяніць сітуацыю. Зараз гэты паказчык вырас да 80 працэнтаў.

— У адукацыйным працэсе на што звярнулі ўвагу ў першую чаргу?

— Як і дзесяць гадоў назад, сёння думаю аб тым, каб школа была як мага больш сучаснай, не адставала ад гарадскіх устаноў адукацыі. Таму важным лічу выкладанне некаторых прадметаў на павышаным узроўні. І калі раней гэта была матэматыка ці руская мова і літаратура, то з 2018 года — хімія і біялогія. Менавіта ў той год мы выбралі аграрны кірунак у праф­арыентацыйнай дзейнасці. Сёлета Міністэрства адукацыі выпусціла дарожныя карты па падрыхтоўцы дзяцей у аграрным кірунку. Дзякуючы ім, мы арганізавалі факультатыўныя заняткі для дзевяці­класнікаў, адкрылі аб’яднанне па інтарэсах для пачатковай школы і 5 класа. У нас ёсць вялікі прышкольны ўчастак, дзе дзеці працуюць, вырошчваюць садавіну, агародніну, ягады, кветкі.

Зараз вёсцы патрэбны кадры, і школа можа дапамагчы ў вырашэнні гэтага пытання. Сем выпускнікоў ужо атрымалі вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, шэсць — сярэднюю спецыяльную. У гэтым навучальным годзе ў аграрнай групе займаюцца чац­вёра адзінаццацікласнікаў. Усе плануюць паступаць у БДСГА.

Непаўторныя “журавінкі” школы

— Два ўласныя музеі і трэці на падыходзе. Не думаю, што многія сельскія ўстановы адукацыі могуць такім пахваліцца.

— Так. Першым быў літаратурны музей. Ён пачаў працаваць у 1986 годзе, калі школе прысвоілі імя славутага беларускага драматурга Андрэя Ягоравіча Макаён­ка. Для мяне гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць. На базе музея ёсць тэатральны калектыў “Сваякі”. Нашы дзеці рыхтуюць пастаноўкі па п’есах знакамітага земляка і паспяхова выступаюць з імі на раённым фестывалі “У гасцях у Лявоніхі” ўжо больш за 15 гадоў. І кожны раз атрымліваюць дыпломы пераможцаў.

Другі музей — гісторыка-края­знаўчы. Ён адносна малады, створаны ў 2003 годзе. У хуткім часе з’явіцца яшчэ адзін — этнаграфічны. Ужо выдзелены пакой для яго і сабрана дастатковая колькасць экспанатаў. 

— З 2021 па 2024 год школа прымала ўдзел у інавацыйным праекце, прысвечаным патрыятычнаму выхаванню. Вы задаволены вынікамі?

Вельмі. Я доўгі час марыла аб такой магчымасці. У рамках праекта навучэнцы разам з настаўнікамі вывучалі гісторыю і культуру свайго рэгіёна,  прымалі ўдзел у акцыях і конкурсах, дзе набывалі яшчэ больш ведаў пра гераічнае мінулае роднага краю. А самае важнае — павысіўся ўзровень іх грамадзянскай самасвядомасці і пошукавая актыўнасць. Вучні ўсвядомілі, што іх сем’і ма­юць дачыненне да ўсіх важных гістарычных падзей і дасягненняў беларускага народа.

Дзякуючы праекту, з’явілася новая традыцыя — правядзенне мітынгу “Ваш подзвіг намі не забыты”, прысвечанага вызваленню вёскі Журавічы ад нямецка-фа­шысцкіх захопнікаў. Таксама мы адрамантавалі гісторыка-края­знаўчы музей, абнавілі стэнды, стварылі мультымедыйную галерэю “Нашчадкі Перамогі” на сайце школы. Вельмі цесна ўзаемадзейніча­лі з Рагачоўскім цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Як вынік, на базе школы падчас летніх канікул працуе кругласутачны палатачны лагер для школьнікаў з усяго раёна. Яны прымаюць удзел у турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі па месцах правядзення аперацыі “Баграціён”.

Працоўныя будні

— Якія рысы характару дапамагаюць спраўляцца са шматлікімі абавязкамі дырэктара?

Уласныя рысы характару, канечне, уплываюць на стыль работы кіраўніка, але я пераканана, што куды важнейшая наяў­насць ведаў і вопыту. Зразумець азы кіравання персаналам мне дапамагла другая вышэйшая адукацыя. У 2009 го­дзе я прайшла перападрыхтоўку ў Гомельскім дзяржаўным уні­версітэце імя Ф.Скарыны па спецыяльнасці “Менеджмет устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Многія канспекты і зараз дастаю, перачытваю.

— Шмат увагі ўдзяляеце кантролю за выкананнем даручэнняў?

— Мне прыемна, што магу смела дэлегаваць частку задач калегам, аднаго кіраўніка на ўсё не хопіць. Бачу іх добрасумленнае і адказнае стаўленне, на якім трымаюцца мой давер і ўпэўненасць, што ўсё будзе зроблена добра. Пры гэтым лічу, што кіраўніку нельга забываць пра функцыю кантролю. Напрыклад, прачытала палажэнне Усебеларускага патрыятычнага праекта “Памяць пакаленняў у імя будучыні” і зразумела, што ў нас сабраны добры матэрыял, які дазволіць выступіць у намінацыі “Кніга памяці маёй сям’і”. Я звяртаюся да педагога, тлумачу, што патрабуецца, даю тры тыдні на выкананне. І потым абавязкова не забываю пра зваротную сувязь: ці ўсё атрымліваецца або ўзнікаюць нейкія цяжкасці, як праходзіць падрыхтоўка, высвятляю, якая неабходна дапамога. Як вынік, работа заняла 2-е месца на вобласці.

— Штодзённік заўсёды пад рукой?

— Без планавання ніяк. Заўсёды на рабочым стале ёсць планер. Запісваю ўсе мерапрыемствы на год наперад, каб нічога не забыць.

— Якая самая гарачая пара года для дырэктара?

— Лета — час падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года. Мы вельмі адказна да гэтага ставімся. І прыемна, што ўстанова адукацыі неаднойчы была адзначана на ўзроўні раёна як лепшая ў гэтым кірунку. Шчыра кажучы, я вельмі радуюся, калі станоўча ацэньваюць работу нашага працоўнага калектыву. Заўсёды потым збіраю калег і выказваю ім шчырую ўдзячнасць.

— Сярод калег ёсць ваша дачка Кацярына Быкава. Яна настаўніца матэматыкі і інфарматыкі. Педагагічная дынастыя атрымліваецца!

Скажу больш: мой сын працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Буда-Кашалёўскім раёне. А дачка вельмі прасілася ў нашу школу, абяцала не падвесці. Яна стрымала слова: прымае актыўны ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, двойчы яе фотаздымак быў на Дошцы гонару як лепшай па прафесіі ў раёне, яна атрымала дыплом ІІІ ступені за лепшы адкрыты ўрок. Я задаволена, бачу, што дзеці яе любяць, а яна іх.

— Новае дзесяцігоддзе працоўнага шляху пачалося. Чакаеце перамен?

З наступнага навучальнага года наша ўстанова адукацыі бярэ пад сваё крыло дзіцячы сад. Такое рашэнне прынята на ўзроўні аддзела адукацыі. Такім чынам, школу чакае аптымізацыя — першы паверх аддадзім дашкольнікам, неабходна забяспечыць умовы для дзетак. А мяне чакае новы вопыт — буду вучыцца кіраваць малышамі. Такога ў маёй практыцы яшчэ не было.

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА