Што рабіць з ілжэпсіхолагамі?

- 11:20Сацыяльны ракурс

6 студзеня 2023 года ў сілу ўступіць Закон № 184­З ад 30 ліпеня 2022 года “Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі”.

Палажэнні закона накіраваны на павышэнне якасці і даступнасці аказання псіхалагічнай дапамогі, а таксама стварэнне больш спрыяльных умоў для яе аказання і атрымання. Хочацца даслоўна працытаваць змяненне ў артыкуле 4, на мой погляд, вельмі важнае: “Псіхолагам можа быць асоба, якая: мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях, па якіх прысвойваецца кваліфікацыя “псіхолаг” або кваліфікацыя “псіхолаг” з’яўляецца складовай часткай кваліфікацыі, што прысвой­ваецца, і адказвае ўстаноўленым у адпаведнасці з заканадаўствам кваліфікацыйным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да псіхолагаў; мае вучоную ступень доктара ці кандыдата псіхалагічных навук; прайшла перападрыхтоўку на ўзроўні вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях, прадугледжаных устаноўленымі ў адпаведнас­ці з заканадаўствам кваліфікацыйнымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да псіхолагаў”.

Такая папраўка, у першую чаргу, абараняе грамадзян ад непрафесіяналаў і шарлатанаў у сферы аказання псіхалагічных паслуг. Сістэма адукацыі і іншыя дзяржаўныя арганізацыі прымаюць на работу спецыялістаў згодна з  патрабаваннямі заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. І трапіць на прыём да непрафесіянала вельмі невялікая верагоднасць. А вось што рабіць з прыватнымі практыкамі, прыватнымі цэнтрамі і лжэпсіхолагамі з інтэрнэт-прасторы?

Адкрываю інтэрнэт, уво­джу запыт “#псіхолаг, #анлайнпсіхолаг, #псіхалогія” і інш. Проста россып прапаноў курсаў, семінараў, практык, анлайн-кансультацый. І добра, калі з іншага боку экрана знахо­дзіцца на самай справе спецыяліст з вопытам і адпаведнай адукацыяй. А зараз уявіце, што чалавек 3 месяцы павучыўся нейкай адной практыцы і называе сябе псіхолагам. Існуе вельмі шмат выпадкаў махлярства і махінацый на рынку псіхалагічных паслуг. Напрыклад, каб павысіць кошт кансультацый, ілжэпсіхолагі здольны прыпісваць сабе неіснуючыя сертыфікаты аб прафесійнай кампетэнтнасці ў некаторых пытаннях, прысвойваць сабе высокія званні: дацэнт кафед­ры, аспірант і г.д. І часам жа нікому нават не прыйдзе ў галаву спытаць гэтага так званага спецыяліста аб адукацыі. І што мы атрымліваем у выніку? А тое, што выпускнікі такіх праграм масава прапануюць свае паслугі, губяць ментальнае здароўе сваіх пацыентаў і псуюць рынак кваліфікаваным спецыялістам. А людзі ж ідуць да такіх “спецыялістаў”, ідуць не бясплатна.

Год назад да мяне на кансультацыю прыйшла мама падлетка. Праблемы з сынам, праблемы на рабоце, праблемы з сябрамі… Падчас кансультацыі жанчына сказала: “Я хадзіла на тэрапію да аднаго прыватнага псіхолага. На картах Таро яна расказала мне пра маю карму і жыццёвую энергію. За некалькі заняткаў карму мне пачысцілі…”. Што гэты лжэспецыяліст там рабіў, якія магічныя рытуалы праводзіў па ачыстцы кармы, нават ведаць не хочацца. Але такія сітуацыі могуць прывесці да непапраўных наступстваў, недаверу да прафесіяналаў. Гэта можа прывесці да таго, што чалавек не толькі не атрымае прафесійную дапамогу, але і можа пагор­шыць свой стан. У такіх ахвяр непрафесіяналаў я часта пытаюся: “Калі вам спатрэбіцца кваліфікаваная медыцынская дапамога, вы каму даверыце сваё здароўе — урачу ў бальніцы з адукацыяй або скарыстаецеся паслугамі “спецыя­ліста” з інтэрнэту?”. Як правіла, адказ заўсёды адзін — адназначна ўрачу ў бальніцы. Дык чаму ж мы сваё псіхалагічнае здароўе давяраем неправераным спецыя­лістам?!

Каб стаць практыкуючым псіхолагам, трэба атрымаць вышэйшую псіхалагічную адукацыю. Пры гэтым пасля заканчэння ўніверсітэта спецыялістам трэба перыя­дычна павышаць кваліфікацыю, праходзіць дадатковыя курсы. Класічная вышэйшая адукацыя — гэта база, на якую можна абапірацца і накладваць далейшыя веды. Акрамя навучання, гэта бесперапынная работа над сабой. Без гэтага ж псіхолаг не зможа прафесійна дапамагаць людзям.

У многіх краінах не існуе закона, які рэгулюе і кантралюе аказанне псіхалагічнай дапамогі. З боку нашай дзяржавы робіцца ўсё магчымае на заканадаўчым і прававым узроўні, каб забяспечыць сваім грамадзянам аказанне кампетэнтнай і прафесійнай дапамогі ў любой сферы. Ну, а скарыстацца паслугамі прафесіяналаў або даверыцца людзям сумніўнай рэпутацыі — гэта асабісты выбар і адказнасць кожнага чалавека.

Наталля СТЭЛЬМАХ.