Што сабой уяўляе адукацыйны брэнд Палесся

- 14:02Интервью

Палескі дзяржаўны ўніверсітэт — самы малады ў Беларусі, у красавіку яму споўнілася ўсяго толькі 18 гадоў. Аднак, нягледзячы на юны ўзрост, ён прапаноўвае абітурыентам шырокі спектр прафесій. Чаму і як тут вучаць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў рэктар універсітэта Валерый Дунай.

Адукацыйны цэнтр Піншчыны

— Валерый Іванавіч, што сабой уяўляе Палескі дзяржуніверсітэт?

— Наш універсітэт — гэта адукацыйны, навуковы, культурны і спартыўны цэнтр палескага рэгіёна. За 18 гадоў зроблена вельмі шмат, аднак наша ўстанова працягвае развівацца. Кіраўніцтва, прафесарска-выкладчыцкі склад, студэнты — усе ўсведамляюць задачы, якія трэба сумесна выра­шаць. Я перакананы: рэгіянальны ўніверсітэт не значыць правінцыяльны. Мы вырашаем задачы, актуальныя не толькі для нашага рэгіёна, але і для ўсёй краіны.

Дарэчы, у 2021 годзе ПалесДУ стаў лаўрэатам прэміі ўрада Беларусі за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, за ўкараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту. У наступныя два гады ПалесДУ заносіўся на Дошку гонару горада Пінска.

Нагадаю, наш універсітэт быў створаны ў 2006 годзе на базе Пінскага вышэйшага банкаўскага каледжа (філіяла БДЭУ) і пад эгідай Нацыянальнага банка Беларусі. Зразумела, што такія напрамкі, як банкаўская справа, эканоміка і фінансы былі ў прыярытэце, адпаведны факультэт паспяхова функцыянуе і сёння. Дарэчы, гэты факультэт, як і ўніверсітэт у цэлым, славіцца сваім прафесарска-выкладчыцкім складам, які рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў. Зараз толькі ў сістэме Нацыянальнага банка працуе каля 100 нашых выпускнікоў. Усе работадаўцы, а гэта вядучыя банкі і прадпрыемствы краіны, адзначаюць вельмі добрую падрыхтоўку нашых спецыялістаў. Усё гэта дзякуючы сістэмнаму двухбаковаму супрацоўніцтву з заказчыкамі кадраў, разам з якімі мы карэкціруем вучэбныя праграмы. Да таго ж вядзецца практыка-арыентаванае навучанне з першага курса.

Між іншым на факультэце эканомікі і фінансаў найбольшай папулярнасцю ў абітурыентаў карыстаюцца спецыяльнасці “Інжынерная эканоміка” і “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі”, на якія, як правіла, паступаюць абітурыенты з больш высокімі баламі.

Фінансы, біятэхналогіі і фізкультура

— Усяго ў ПалесДУ пяць факультэтаў. Ці ўсе карыстаюцца попытам?

Так, усе спецыяльнасці запатрабаваны ў абітурыентаў. У 2013 годзе наша УВА перайшла пад эгіду Міністэрства адукацыі і з’явіліся новыя напрамкі. Адзін з апошніх і самых прагрэсіўных — біятэхналогіі, якія адносяцца да шостага тэхналагічнага ўкладу. Універсітэцкія лабараторыі “Лонгітудынальныя даследаванні”, “ДНК і клетачныя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі” маюць сучаснае абсталяванне, дзякуючы якому студэнты атрымліваюць самую перадавую адукацыю. Пацвярджэннем гэтага служаць станоўчыя водзывы работадаўцаў аб нашых выпускніках, якія пад­рыхтаваны да работы на любым сучасным абсталяванні.

Самы ж малады факультэт ПалесДУ — інжынерны. Тут ёсць і адна з найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцей — “Водныя біярэсурсы і аквакультура”, дзе рыхтуюць інжынераў-тэхнолагаў прамысловага рыбаводства. Мы наладзілі кантакты з УВА нашай краіны па гэтым напрамку і прадпрыемствамі і актыўна працуем над распрацоўкай кармоў для рыбы і вырошчваннем многіх рэдкіх сартоў рыбы. Упэўнены, у гэтага напрамку ёсць вялікія перспектывы.

Хочацца адзначыць, што наш брэнд — факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця, дзе рыхтуюць у тым ліку і трэнерскія кадры, якія спецыялізуюцца па водных відах спорту. Наш універсітэт мае ўнікальную спартыўную базу. Па-першае, у нас ёсць спартыўны цэнтр з уласнай лядовай арэнай, пяціметровым басейнам, універсальнай спартзалай, а таксама дзве вяслярныя базы. У такіх камфортных умовах можна ўдасканальвацца ў выбраным ві­дзе спорту ўсім нашым студэнтам абсалютна бясплатна.

Палескі ўніверсітэт вядомы і сваімі інтэрнатамі. Прычым умовам, створаным у іх, могуць пазайздросціць нават сталічныя студэнты. Дарэчы, усіх нашых навучэнцаў мы на 100% забяспечваем пакоямі ў інтэрнатах. Бо калі наладжаны побыт, то ўсе намаганні накіраваны на вучобу.

ПалесДУ — не проста рэгіянальны ўніверсітэт, гэта перш за ўсё ўстанова з цікавымі, прывабнымі і значнымі для народнай гаспадаркі спецыяльнасцямі. Тут студэнты атрымліваюць якасныя веды па розных напрамках.

— ПалесДУ сапраўды вельмі сучасны ўніверсітэт, напэўна, яшчэ і таму, што тут у асноўным працуюць маладыя выкладчыкі.

— Сярэдні ўзрост прафесарска-вык­ладчыцкага складу — 43—44 гады. Гэта ўзрост, калі людзі гатовы паспяхова ўдзель­нічаць ва ўсіх дынамічных працэсах, якія адбываюцца ў краіне, і вырашаць пастаўленыя задачы ў галіне навукі і адукацыі. Прычым каля 50% нашых выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў — дактары і кандыдаты навук. Іх распрацоўкі ў сферы біятэхналогій, інфармацыйных тэхналогій, фінансавых рынкаў, кластарнага будаўніцтва, навукова-метадычнага і медыка-біялагічнага забеспячэння падрыхтоўкі спартсменаў у алімпійскіх відах спорту вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

На 18 спецыяльнасцях пяці факультэтаў ПалесДУ вучацца звыш 3140 студэнтаў.

Адной з пастаўленых мной задач на пасадзе рэктара было павелічэнне колькасці абарон. Цяпер стала больш абароненых дысертацый, і самае галоўнае — людзі актыўна пайшлі ў дактарантуру. Сёлета там вучацца тры чалавекі. Мы разумеем, што гэта нашы людзі — яны скончылі ПалесДУ, абаранілі кандыдацкую і працу­юць над доктарскай. Гэта па-сапраўднаму адданыя ўніверсітэту людзі, якія маюць з намі адны мэты і задачы.

Сучасна і якасна

— Як у мінулым годзе, так і ў гэтым нямала навацый чакаюць абітурыентаў падчас прыёмнай кампаніі. Раскажыце пра іх.

— Дзяржава клапоціцца пра адукацыю і падтрымку рэгіянальных УВА. Паэтапна ўдасканальваецца ўніверсітэцкая прыёмная кампанія. Прынятыя змяненні накіраваны на павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі, на ўлік інтарэсаў дзяржавы, работадаўцаў і абітурыентаў.

З мінулага года ў нас ёсць магчы­масць залічваць да нас пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд — сапраўды матываваных абітурыентаў. Сёлета на старце нашай алімпіяды было больш за 300 старшакласнікаў, але толькі 24 пераможцы рэкамендаваны да залічэння ў нашу ўстанову.

Па-ранейшаму да нас могуць пасту­паць выпускнікі Ліцэя ПалесДУ без уступных іспытаў пры наяўнасці адзнак не ніжэйшых за 9 балаў па профільных прадметах і не ніжэйшых за 8 па ўсіх астатніх. Прыемна, што многія выпускнікі ліцэя прыходзяць менавіта ў нашу УВА, мы бачым гэтую пераемнасць. Да таго ж наша сучасная Лядовая арэна як мага лепш падыходзіць для развіцця хакея. Падрыхтоўку мы пачалі з ліцэя, дзе ёсць свая хакейная каманда, а зусім нядаўна адкрылі і клас па гэтым відзе спорту. Дарэчы, па выніках двух апошніх сезонаў нашы ліцэісты сталі чэмпіёнамі краіны ў сваёй узроставай катэгорыі. Потым многія з гэтых дзяцей працягнуць навучанне ў нашым універсітэце.

Ільготная траекторыя прадастаўляецца і выпускнікам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, для якіх быў пашыраны пералік спецыяльнасцей для паступлення без экзаменаў. Гэта падтрымлівае развіццё інавацыйнага патэнцыялу моладзі і садзейнічае фарміраванню кадраў для навукі і высокатэхналагічных вытворчасцей. У мінулым годзе адзін з выпускнікоў НДТ скарыстаўся такой магчымасцю і стаў студэнтам ПалесДУ.

Адна з асаблівасцей уступнай кампаніі — 2024, на якую я хачу звярнуць увагу, — гэта магчымасць ільготнага паступлення ва ўніверсітэт абітурыентаў з залатым ці сярэбраным медалём або з дыпломам з адзнакай на ўсе спецыяльнасці ПалесДУ, за выключэннем “Фізічнай культуры” і “Фізічнай рэабілітацыі і эргатэрапіі”. Гэта стымулюе вучэбныя дасягненні навучэнцаў школ і каледжаў і дазваляе ім выбраць любую нашу спецыяльнасць. Увогуле сёлетнім паступаючым прадастаўлены ўнікальны шанс праявіць сябе, скарыстаўшыся новымі магчымасцямі і траек­торыямі.

Мы вядзём актыўную работу па прыцягненні заказчыкаў кадраў да адукацыйнага працэсу і ўсе нашы
кантрольныя лічбы падмацаваны работай з заказчыкамі кадраў, а зна­чыць, мы бачым і сярэднетэрміновую перспектыву, і далёкую. У нас суадносіны бюджэтнага і платнага навучання прыкладна 65 на 35 працэнтаў, і хачу сказаць, што сёлета павялічана колькасць бюджэтных месцаў.

У цэлым можна канстатаваць, што новаўвядзенні прыёмнай кампаніі 2024 года павысяць статус і прэстыж рэгіянальных УВА, будуць стымуляваць развіццё адукацыі і навукі ў рэгіёнах, садзейнічаць задавальненню кадравых патрэб арганізацый і прадпрыемстваў розных сфер дзейнасці, забяспечаць падтрымку таленавітых і матываваных абітурыентаў.

— Якім чынам вы ўзаемадзейнічаеце з заказчыкамі кадраў?

— У нас звыш 80 заказчыкаў кадраў. Гэта практычна ўсе банкі краіны, фармакалагічныя кампаніі і розныя вытворчасці. Нашы выпускнікі маюць добрыя тэарэтычныя і практычныя веды, а таму вельмі запатрабаваны. Мы не стаім на месцы і актыўна працуем з заказчыкамі кадраў, заклікаючы іх больш актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы неабходных спецыялістаў.

Зараз вялікую ўвагу ўдзяляем і замацаванню нашых выпускнікоў. У ПалесДУ стапрацэнтнае размеркаванне. Сацыяльныя гарантыі, ільготы маладых спецыялістаў, настаўніцтва на вытворчасці — усё гэта спрыяе замацаванню кадраў. Аднак мала размеркаваць высакакласнага спецыяліста, патрыёта і грамадзяніна, павінна быць разуменне і ў заказчыкаў кадраў, што яны атрымліваюць сучаснага спецыяліста і павінны падтрымліваць яго і забяспечваць умовамі працы і побыту. Па нашых назіраннях, сёння вялікую ролю ў замацавальнасці маладых спецыялістаў на вытворчасці адыгрывае менавіта настаўнік, які дапамагае ім не спыняцца ў прафесійным развіцці на вытворчасці.

Мы рыхтуем спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі нашай краіны і, канечне, хацелі б, каб нашы выпускнікі былі запатрабаваны і замацоўваліся на першых працоўных месцах. Разам з тым мы нацэльваем нашу моладзь на бесперапынную адукацыю праз усё жыццё. Прычым павысіць кваліфікацыю і атрымаць дадатковую адукацыю яны могуць і ў нас — на факультэце дадатковай адукацыі.

Дарэчы, мы арганізоўваем экскурсіі для нашых студэнтаў на прадпрыемствы горада. Гэта прыносіць свой плён, бо адна справа, калі навучэнцы сфарміруюць уяўленне пра будучае месца  работы па нейкіх чутках, і іншая — калі самі там пабываюць і ўсё ўбачаць на свае вочы. У Пінску сучасныя прадпрыемствы з добрай заработнай платай, і многія маладыя людзі з задавальненнем прыходзяць на гэтыя экскурсіі і просяць, каб пасля іх накіравалі туды на практыку, а затым і размеркавалі. Лічу, што аналагічныя экскурсіі трэба праводзіць і для школьнікаў, каб і яны ра­зумелі, дзе можна ўзяць мэтавае накіраванне і пасля працаваць.

Курс на якасць

— Валерый Іванавіч, вы на паса­дзе рэктара Палескага дзяржуніверсітэта каля трох гадоў. Ці атрымалася рэалізаваць задуманае і якія ў вас планы па развіцці ўстановы?

Маёй асноўнай задачай была якасная падрыхтоўка спецыялістаў, каб дыплом Палескага ўніверсітэта стаў брэндам. Хачу сказаць, што гэты кірунак нам сапраўды ўдалося ўмацаваць.

Да таго ж некаторыя напрамкі мы пачалі паглыбляць, асабліва ў галіне біятэхналогій. Зараз запрашаем спецыя­лістаў, якія прыязджаюць да нас і чытаюць папулярныя лекцыі. Ёсць дамоўленасць з Нацыянальнай акадэміяй навук, мы пачалі больш шчыльна супрацоўнічаць з біяхімікамі, заключыўшы дагавор з Гродзенскім інстытутам біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі. Там і кафедра, і база практык, на якіх нашы студэнты мо­гуць вучыцца, а выкладчыкі — павышаць кваліфікацыю.

Сёння вельмі важны яшчэ і выхаваўчы аспект. Выкладчык, увайшоўшы ў аўдыторыю, ужо не толькі Настаўнік з вялікай літары, але і чалавек, на якога раўняюцца студэнты. Мы рэгулярна запрашаем да нас высокіх гасцей. Двое з іх сталі нашымі ганаровымі прафесарамі — гэта Ігар Марзалюк і айцец Фёдар Поўны. Яны сустракаюцца не толькі са студэнтамі, але і з калектывам. У сувязі з актыўным партыйным будаўніцтвам у лютым у нас пачала функцыянаваць партыйная школа. Яе першыя 14 слухачоў, а гэта сябры партыі “Белая Русь”, атрымалі пасведчанні аб праходжанні адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі “Партыйная школа. Сімбіёз сацыяльнага кіравання і паліталогіі”. Увогуле я нацэльваю калектыў універсітэта на яшчэ большае ўзмацненне якасці адукацыі ў ПалесДУ.

Я запрашаю ўсіх жадаючых паступаць да нас у Палескі дзяржуніверсітэт, які прапаноўвае 18 спецыяльнасцей у сферы інфармацыйных тэхналогій, эканомікі і фінансаў, фізічнай культуры і спорту, трэнерскай дзейнасці, біялогіі, біятэхналогіі, біяхіміі, водных бія­рэсурсаў і аквакультуры. Нашы студэнты атрымліваюць сучасную і якасную адукацыю, а таксама магчы­масць рэалізаваць свой творчы і навуковы патэн­цыял.

— Валерый Іванавіч, дзякуй за размову!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара