Што трэба ведаць прэтэндэнтам на еўрапейскія гранты

Напрыканцы мінулага года быў афіцыйна абвешчаны VI конкурс праектных прапаноў па праграме “Tэмпус IV”. Яго задачай з’яўляецца садзейнічанне шматбаковаму супрацоўніцтву паміж універсітэтамі, органамі ўлады і арганізацыямі з краін – членаў ЕС і краін-партнёраў, заснаванае на рэфармаванні і мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі.
Тэрмін падачы праектных прапаноў — да 26 сакавіка 2013 года. Вынікі конкурсу будуць абвешчаны ў кастрычніку.
Пра тое, чаму ўніверсітэтам варта ўдзельнічаць у праектах праграмы “Tэмпус” і на што важна звярнуць увагу пры падрыхтоўцы праектных прапаноў, мы папрасілі расказаць начальніка аддзела міжнародных сувязей Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргея Васільевіча ПЕШКУНА.

Дарэчы, ПДУ ўдзельнічае ў сумесных еўрапейскіх праектах “Тэмпус” з 1996 года. Гэта дазволіла ўніверсітэту значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу, атрымаць сучаснае камп’ютарнае абсталяванне, навукова-тэхнічную літаратуру, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі. Выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта атрымалі магчымасць вучыцца і працаваць на якасна новым узроўні.

С.В. Пяшкун — Раскажыце, Сяргей Васільевіч, якія яшчэ перавагі дае ўдзел у праектах праграмы “Tэмпус”?
— Удзел у праектах “Тэмпус” дазваляе ўніверсітэтам краіны далучыцца да еўрапейскага вопыту, разам распрацоўваць канкурэнтаздольныя праграмы навучання, ствараць прывабныя ўмовы для навучання, што дае высокія і ўстойлівыя вынікі. Сённяшні выпускнік такіх праграм гатоў тэарэтычна і практычна вырашаць праблемы, якія ставіць постіндустрыяльнае грамадства з яго дынамічнымі працэсамі глабалізацыі і працоўнай міграцыі.
Беларускія ўніверсітэты актыўна ўдзельнічаюць у праектах праграмы “Тэмпус” з самага пачатку яе існавання. І калі раней матэрыяльная база і ўмовы развіцця беларускай сістэмы адукацыі значна адставалі ад еўрапейскіх, то на сённяшнім этапе нашы ўніверсітэты паспяхова спраўляюцца з абнаўленнем матэрыяльных рэсурсаў. Сёння першачарговымі з’яўляюцца пытанні росту прафесіяналізму кадраў, якія забяспечваюць рэфармаванне вышэйшай школы, удасканалення і аптымізацыі працэсаў адукацыі, працэсаў, якія падтрымліваюць паспяховую дзейнасць устаноў, а таксама пытанні здаровай канкурэнцыі сярод універсітэтаў адной краіны і рэгіёна, а таксама іх супрацоўніцтва. Па гэтай прычыне праграма “Тэмпус” зведала якасныя змены: змяніліся тыпы праектаў, колькасць удзельнікаў праектаў, а таксама падыходы да праектнай дзейнасці.
Цяпер палітычна важным з’яўляецца ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс. Гэта павінна быць старанна падрыхтавана як на ўзроўні дзяржавы, так і на ўзроўні ўніверсітэтаў і аб’яднанняў. Шмат што ўжо дасягнута, але многае яшчэ трэба будзе вырашыць.
На жаль, некаторыя каштоўнасці, стратэгіі і палажэнні Балонскага працэсу не належным чынам інтэрпрэтуюцца ў нас па прычыне неразумення распрацоўшчыкамі стратэгій у нашай краіне перадумоў і ўмоў працякання розных працэсаў у краінах Еўропы. Шмат што капіруецца і выбарачна пераносіцца ў нашу адукацыйную сістэму, аднак без істотнага ўдасканалення самой сістэмы. Гэта ў многім тлумачыць праблемы ўкаранення перадавога вопыту Балонні.
Яскравы прыклад такога капіравання – стварэнне так званых вучэбна-метадычных аб’яднанняў, якія ў Еўропе з’яўляюцца сеткамі супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, што рыхтуюць спецыялістаў для пэўнай галіны. Там універсітэты ўдзельнічаюць раўнапраўна, у іх няма УВА-каардынатараў (“галаўных”), а кіраўнік аб’яднання выбіраецца раз у год. Такія аб’яднанні абмяркоўваюць праблемы і калегіяльна прымаюць рашэнні па стратэгіях і вучэбных планах, якія кожны ўніверсітэт у далейшым выпрацоўвае сам, зыходзячы са спецыфікі развіцця свайго рэгіёна.
У нашай краіне гэта робіцца на іншым узроўні і па іншай методыцы. Кожнае вучэбна-метадычнае аб’яднанне ўзначальваецца галаўной установай па спецыяльнасці, якая і дыктуе ўсім, хто рыхтуе спецыялістаў па аналагічнай спецыяльнасці ў розных рэгіёнах, без уліку спецыфікі, магчымасцей і патрэб іншых універсітэтаў і работадаўцаў. Як правіла, гэта сталічныя ўстановы вышэйшай адукацыі. У такіх умовах рэгіянальныя універсітэты знаходзяцца ў прыгоннай залежнасці ад рашэнняў мінчан, што ў выніку прыводзіць да запаволення працэсаў рэгіянальнага развіцця, у тым ліку кадравага голаду на прадпрыемствах рэгіёнаў, прыбытак якіх, дарэчы, з’яўляецца значнай часткай бюджэту краіны.
У такіх умовах праекты “Тэмпус” дапамагаюць рэгіянальным універсітэтам развівацца ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі, быць на ўзроўні сваіх партнёраў на кантыненце. Праекты ствараюць дух партнёрства, здаровай канкурэнцыі і нацэльваюць на развіццё складанай, але ў той жа час ўстойлівай сістэмы адукацыі ў краіне. Дзякуючы такім праектам, многія ўніверсітэты ў краіне не толькі пазнаёміліся з перадавымі методыкамі і інструментамі арганізацыі вучэбнага працэсу, але і актыўна ўкараняюць гэтыя методыкі і карыстаюцца такімі прыладамі ў сваёй штодзённай практыцы.
Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі праграмы “Тэмпус” у Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Многія ўстановы вышэйшай адукацыі, якія раней не праяўлялі актыўнасць у міжнародным супрацоўніцтве, сёння ўжо з’яўляюцца ўдзельнікамі праектаў праграмы і набываюць вопыт работы на міжнародным узроўні. Гэта, безумоўна, станоўча паўплывае і на ўнутранае развіццё такіх універсітэтаў, і на развіццё ўсёй сістэмы ўніверсітэцкай адукацыі ў Беларусі і на кантыненце.

— Як стаць удзельнікам праекта ў праграме “Тэмпус”? Хто ва ўніверсітэце павінен узяць на сябе галоўную ініцыятыву ў падрыхтоўцы праектных прапаноў і пошуку партнёраў?
— Удзел у праекце ініцыіруецца непасрэдна выканаўцамі праекта ва ўстанове вышэйшай адукацыі. На кафедрах супрацоўнікі займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, вынікі якой цікавыя калегам з іншых універсітэтаў. Для таго каб удзельнічаць у праектах, трэба мець прафесійныя кантакты ў сваёй краіне і за мяжой. Немалаважным фактарам, які спрыяе ўдзелу ў праектах міжнароднага супрацоўніцтва, з’яўляецца імкненне да развіцця і прафесійны рост.
Як правіла, устойлівыя сувязі і паспяховыя праекты ёсць у тых універсітэтах, дзе распрацаваны стратэгіі развіцця і выконваецца тактыка рэалізацыі стратэгій. І гэта зразумела — любы праект прадугледжвае распрацоўку стратэгіі ўздзеяння, плана развіцця стратэгіі, мерапрыемстваў па дасягненні запланаваных вынікаў, а таксама схемы выкарыстання наяўных рэсурсаў або набыцця новых.
Такім чынам, з чаго пачаць? Абвешчаны конкурс заявак, ёсць жаданне ўдзельнічаць. Для пачатку гэта самае галоўнае: калі ёсць жаданне, заўсёды знойдуцца магчымасці.
Цяпер да справы. Перш за ўсё трэба звярнуцца ў аддзел міжнародных сувязей для таго, каб абмеркаваць магчымасці, рэальнасць удзелу ў праектах, прааналізаваць існуючыя ва ўніверсітэце стратэгічныя планы развіцця, супаставіць іх з прыярытэтамі праграмы “Тэмпус”, у тым ліку нацыянальнымі і рэгіянальнымі прыярытэтамі, пазначанымі ў тэксце конкурсу заявак на праекты. Калі знаходзіцца прыярытэт і ўзнікае папярэдняя ідэя, апошнюю варта запісаць на роднай і на англійскай мове, прадумаўшы пры гэтым праблемы і патрэбы мэтавых груп, мэты і задачы праекта, прыкладныя вынікі, а таксама сферу прымянення вынікаў.
Усё гэта — папярэдняя работа. Цяпер важна знайсці надзейных партнёраў, тых, з кім цікава і каму можна давяраць. Наводзяцца кантакты. Як правіла, з 15 кантактаў і запытаў на ўдзел у праекце 2/3 становяцца рабочымі для праектнай заяўкі. Пазней, у выніку абмеркаванняў з партнёрамі, высвятляецца самае важнае пытанне партнёрства ў кансорцыуме — хто будзе ўзначальваць кансорцыум і стане атрымальнікам гранта? Звычайна гэта самы дасведчаны партнёр, той, каму давяраюць усе астатнія партнёры ў кансорцыуме.

— Як падрыхтаваць канкурэнтаздольную конкурсную прапанову (ад ідэі — да падачы заяўкі)?
— Самае важнае ў справе падрыхтоўкі заяўкі — добра ведаць праграмныя дакументы праграмы “Тэмпус” і патрабаванні абвешчанага конкурсу заявак. У тэксце заяўкі, у суправаджальных дакументах і дадатках заяўнік знойдзе вычарпальную інфармацыю пра тое, што канкрэтна патрабуецца пісаць у розных частках заяўкі.
Абавязковай умовай падачы заяўкі з’яўляецца валоданне заяўнікам методыкай праектнай дзейнасці. Як правіла, людзі, занятыя ў такой дзейнасці, маюць выдатныя навыкі аналізу праблем і патрэб мэтавых груп, адрозніваюць мэтавыя групы ад стэйкхолдараў, умеюць пісьменна скласці абгрунтаванне праекта і апісаць метадалогію яго рэалізацыі.
І апошняе. Паспяховая заяўка — гэта заўсёды заяўка ад кансорцыума, а не ад аднаго ўніверсітэта, у падначаленні якога знаходзяцца ўсе астатнія партнёры. У такой заяўцы відаць (з апісання мерапрыемстваў і вынікаў, з бюджэту), што ўся работа размеркавана паміж партнёрамі прапарцыянальна іх вопыту і магчымасцям.

— Якія асноўныя памылкі дапускаюць заяўнікі ў працэсе падрыхтоўкі конкурсных прапаноў?
— З крытэрыямі выдзялення грантаў можна азнаёміцца ў аб’яве конкурсу заявак на праекты “Тэмпус”. У тэксце падрабязна выкладзены пытанні, на якія варта звярнуць увагу пры напісанні конкурсных прапаноў.
Трэба сказаць, што ў апошні час назіраецца тэндэнцыя паляпшэння якасці заявак, што падаюцца на праекты “Тэмпус”. Але, нягледзячы на гэта, яшчэ сустракаюцца вельмі слабыя заяўкі. Як правіла, гэта конкурсныя прапановы, распрацаваныя ў спешцы. Таму параю заяўнікам пачаць работу задоўга да заканчэння тэрміну падачы прапаноў і працаваць інтэнсіўна на працягу ўсяго тэрміну, не робячы перадышак і не адкладваючы на потым важныя пытанні.
Ёсць і яшчэ адна парада. У пакет заяўкі ўваходзяць тры асноўныя дакументы — заяўка, бюджэт з рабочым планам праекта і логіка-структурная схема. Варта некалькі разоў прачытаць усе тры і супаставіць напісанае, для таго, каб пераканацца, што інфармацыя ва ўсіх трох дакументах супадае.

— Раскажыце пра шосты конкурс заявак па праграме “Tэмпус”. Ці ёсць адрозненні ад папярэдніх конкурсаў, на што варта звярнуць увагу патэнцыяльным заяўнікам?
— Шосты конкурс мала чым адрозніваецца ад пятага. Тым не менш ёсць адметныя рысы. Першае — спіс нацыянальных і рэгіянальных прыярытэтаў. Другое — пры ацэнцы заявак асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца аналізу сітуацыі праектнай дзейнасці (праекты праграмы “Тэмпус”) у краіне-партнёры, у нашым выпадку — Рэспубліцы Беларусь. Таму варта ацаніць пераемнасць або ступень навізны праектных прапаноў, што падаюцца.
У шостым конкурсе яшчэ раз акцэнтуецца важнасць прыцягнення да праектнай дзейнасці ўніверсітэтаў краіны-партнёра, якія ніколі не прымалі ўдзел у праектах праграмы “Тэмпус”. Гэта зусім не азначае, што, нягледзячы на якасць пададзенай заяўкі, праектная прапанова будзе ўхвалена арганізацыяй-донарам выключна з-за таго, што ўсе ці большасць партнёраў у кансорцыуме — універсітэты-пачаткоўцы.
Трэба адзначыць, што за 20 гадоў гісторыі праграмы “Тэмпус” ніколі праекты праграмы не каардынаваліся ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі. Зразумела, што ва ўніверсітэтаў няма вопыту і дастаткова развітой інфраструктуры для кіраўніцтва такімі праектамі ўнутры ўстановы, а таксама надзейнай схемы падтрымкі дзяржаўных структур.
Тут неабходна адзначыць фактар, які перашкаджае развіццю міжнароднай праектнай дзейнасці ў краіне. Гэта працяглая працэдура абавязковай рэгістрацыі праектаў у міністэрствах і ведамствах краіны і адабрэнне на самым высокім узроўні. Ёсць выпадкі, калі праекты не рэгістраваліся на працягу 2 гадоў, гэта значыць, на працягу ўсяго тэрміну іх выканання. Пры гэтым не бярэцца пад увагу, што ўсё гэта негатыўна адбіваецца на іміджы нашай краіны за мяжой. У той жа час абсалютна відавочна, што наш поспех залежыць ад вельмі цеснага ўзаемадзеяння як паміж установамі краіны, так і з замежнымі ўніверсітэтамі і арганізацыямі.

 

— Дзякуй, Сяргей Васільевіч, за інтэрв’ю.

Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by