Шукае ключык да кожнага

- 9:51Людзі адукацыі, Рознае

Восеньскае сонейка азарае невялікі вучэбны кабінет на трэцім паверсе гімназіі № 3 Магілёва. 25 вучняў цалкам захоплены ўрокам роднай мовы — засяроджана выконваюць практыкаванне. Парушальнікаў дысцыпліны тут няма. А ўсё таму, што настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Іна Віктараўна Максімава ўмее зацікавіць прадметам кожнага навучэнца.

Настаўнічаць Іне Віктараўне хацелася з дзяцінства. Але склалася так, што, перш чым стаць педагогам, ёй давялося прайсці доўгі шлях прафесійных пошукаў. Адразу пасля школы яна прыслухалася да парады аб набыцці больш практычнай спецыяльнасці праграміста.

— У Беларуска-Расійскім універсітэце правучылася год. Аднак потым зразумела, што ўсё гэта не для мяне, — успамінае настаўніца.

Нейкі час Іна Максімава разважала аб прафесійным прызванні. У выніку — стала студэнткай-завочніцай цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова, вырашыўшы займацца тым, да чаго ляжыць душа. Дарэчы, да педагагічнай дзейнасці Іна Віктараўна прыступіла, не чакаючы атрымання дыплома. Ужо на 3 курсе ўніверсітэта стала працаваць настаўніцай у сярэдняй школе № 13 горада, быццам наганяючы страчаны на іншае час.

Парадаксальна, але свой першы навучальны год сённяшняя настаўніца беларускай мовы выкладала мову рускую.

— Па дыпломе я настаўнік беларускай і рускай мовы і літаратуры. Спачатку думала менавіта рускую мову выкладаць, ды і іншых вакансій тады ў школе не было. Але потым сваё меркаванне змяніла і, як толькі з’явілася магчымасць, стала далучаць навучэнцаў да роднай мовы, — расказвае Іна Максімава.

13-ю гарадскую школу настаўніца і зараз успамінае з цеплынёй. Ды і як жа інакш, калі з гэтай навучальнай установай звязана яе станаўленне як прафесійнага настаўніка. Там былі выпрацаваны ўласныя прыёмы, падыходы да навучання.

За гады педагагічнай дзейнасці адукацыйныя методыкі Іна Віктараўна не раз мяняла і ўдасканальвала. Але яе галоўны педагагічны прынцып застаецца нязменным. Да ўсіх вучняў Іна Максімава стараецца адносіцца як да родных дзяцей. Акрамя ведаў, яна штодня дорыць навучэнцам любоў, дабрыню, шчырасць, усмешку. А яшчэ шукае свой ключык да кожнага вучня, фарміруе ў дзяцей упэўненасць ва ўласных сілах і магчымасцях. На яе думку, менавіта цёплыя, шчырыя адносіны, стварэнне ў навучанні сітуацыі поспеху забяспечваюць максімальнае развіццё дзіцячай асобы.

— На занятках у Іны Віктараўны заўсёды цікава. А яшчэ яна вельмі ўважлівая настаўніца, дапамагае нам ва ўсім, таму і вучыцца ў яе атрымліваецца добра, — гавораць шасцікласнікі Насця Ірванцова, Аліна Шаршнёва і Павел Догель.

Урокі гэтай настаўніцы — сукупнасць індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходаў, сучасных адукацыйных методык і пошукавай актыўнасці. Заняткі ў Іны Максімавай праходзяць у форме дыялогу. Нярэдка яна праводзіць для вучняў і ўрокі-даследаванні, падчас якіх арганізоўвае навучанне так, каб дзеці маглі самастойна здабываць веды.

— Пры арганізацыі даследчай работы на ўроку ўлічваю ўзрост навучэнцаў. У 5—7 класах вучу дзяцей арыентавацца ў матэрыяле самастойна, выдзяляць галоўнае, ацэньваць і ставіць пытанні, крытычна мысліць. Пры рабоце з вучнямі 8—9 класаў удзяляю ўвагу выкананню самастойных даследаванняў і заданняў творчага характару, паглыбляю веды школьнікаў па методыцы работы і апрацоўцы вынікаў. Працуючы са старшакласнікамі, развіваю атрыманыя раней уменні. На гэтым этапе навучэнцы ўжо могуць самі выбіраць тэму даследавання, прапаноўваць гіпотэзы, рабіць вывады, рыхтаваць даклады, рэфераты. Увогуле, урокі-даследаванні дазваляюць не толькі павысіць цікавасць да прадмета, але і значна палепшыць эфектыўнасць і якасць навучання, — лічыць Іна Віктараўна.

Па магчымасці на сваіх занятках педагог выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі.

— Камп’ютарная падтрымка робіць урок не толькі больш засваяльным, але і больш займальным. Аднак важна не перастарацца, бо галоўнае ўсё ж слова, жывыя зносіны настаўніка і вучняў, — мяркуе Іна Максімава.

Іна Віктараўна імкнецца да таго, каб вучэбны працэс па мове і літаратуры быў узаемазвязаны. Падчас урокаў мовы дзеці вучацца валодаць словам, вучацца правільнай пастаноўцы гаворкі. А вось заняткі літаратурай для іх — гэта час, калі можна пагаварыць шчыра, выказаць свой пункт гледжання па розных пытаннях, адкрыта пагутарыць пра хвалюючае і важнае.

Са сваімі вучнямі настаўніца даволі часта сустракаецца і ў пазаўрочны час. У большасці — на пасяджэннях навуковага таварыства навучэнцаў, кіраўніком якога яна з’яўляецца.

— Асноўная мэта, якую мы ставім перад сабой у таварыстве, — стварэнне ўмоў для рэалізацыі творчых магчымасцей, самаадукацыі і самаразвіцця гімназістаў праз іх удзел у навукова-даследчай дзейнасці. Дэталёвае суправаджэнне педагогамі рознабаковых пачынанняў навучэнцаў прыводзіць іх да поспеху. Нашы дзеці рэгулярна становяцца пераможцамі рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных даследчых канферэнцый і конкурсаў, — адзначае Іна Максімава.

Значнае месца ў яе педагагічнай дзейнасці займае работа з адоранымі дзецьмі. Выяўляючы такіх гімназістаў, Іна Віктараўна ўсімі сіламі імкнецца развіць іх таленты.

— Разумеючы важнасць алімпіяднага руху, на працягу некалькіх гадоў вяду збор інфармацыі і аналіз алімпіядных заданняў, маю падрыхтоўчыя і трэніровачныя практыкаванні, літаратуру, даступную навучэнцам. На факультатыўных занятках сумесна з дзецьмі мы распрацавалі памяткі “Нормы беларускай літаратурнай мовы”, апорныя схемы па асноўных вучэбных раздзелах. На працягу многіх гадоў папулярызую сярод вучняў гульню-конкурс “Буслік”, якую можна лічыць першай прыступкай да ўдзелу ў алімпіядзе, — расказвае пра сістэму работы з таленавітымі навучэнцамі настаўніца.

Факультатывы, індывідуальныя заняткі, парады па самаадукацыі… Такая карпатлівая праца дае адпаведны вынік. За апошнія пяць гадоў Іна Максімава падрыхтавала 24 пераможцы розных, у тым ліку і заключнага, этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Выдатна праяўляюць сябе навучэнцы Іны Віктараўны і на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Усведамленне таго, што ў поспехах сённяшніх і былых вучняў ёсць і яе маленькая заслуга, прыносіць ёй галоўнае задавальненне ад педагагічнай працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.