Сіла духу і жаданне служыць людзям

- 10:26Сацыяльны ракурс

У Мінск прыедзе Нік Вуйчыч

Нік Вуйчыч — чалавек, які нарадзіўся без рук і без ног. Ён стаў сусветна вядомым аратарам, пісьменнікам, мецэнатам. Гісторыя яго жыцця дапамагае мільёнам людзей пераадольваць цяжкасці, набываць упэўненасць у сваіх сілах і быць шчаслівымі. “Жыццё без межаў” — такая назва ў галоўнай кнігі Ніка Вуйчыча і такі ж яго галоўны пасыл, з якім ён звяртаецца да людзей. Ніку 33 гады, і ён лічыць сябе абсалютна шчаслівым. Але так было не заўсёды. Прыгадаем некалькі эпізодаў з дзяцінства Ніка, якія ён яскрава апісаў у сваёй кнізе.

“Я быў зусім маленькім, калі медыкі рэкамендавалі бацькам аддаць мяне ў гульнявую групу для дзяцей-інвалідаў, — піша Нік. — У кагосьці з іх не было канечнасцей, у кагосьці быў фіброз, а ў некага сур’ёзныя псіхічныя захворванні. Мае бацькі з вялікай любоўю і спагадай ставіліся да дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў, але яны не жадалі, каб я меў зносіны толькі з адной групай аднагодкаў. Яны былі перакананы ў тым, што маё жыццё павінна быць максімальна нармальным, і змагаліся за ўвасабленне гэтай мары”.
Калі надышоў час паступаць у пачатковую школу, бацькі прыклалі ўсе намаганні, каб Нік вучыўся, як усе звычайныя дзеці. Ён стаў адным з першых у Аўстраліі дзяцей-інвалідаў, хто пачаў вучыцца ў звычайнай школе. Паспяховасць у яго была добрая, у мясцовай газеце нават надрукавалі артыкул пад загалоўкам “Інтэграцыя дазволіла хлопчыку-інваліду дасягнуць поспеху”.У дзяцінстве Нік часта прасіў Бога, каб ён даў яму рукі і ногі, засынаў у слязах з думкай аб тым, што, прачнуўшыся раніцай, убачыць свае рукі і ногі. Не хацеў прымаць сябе такім, якім быў. Як большасць дзяцей, ён быў вельмі ўразлівым. Многіх з тых, хто ў дзяцінстве прычыняў яму боль, ён не лічыць жорсткімі. Гэта былі звычайныя дзеці, проста яны шмат чаго яшчэ не зразумелі ў жыцці. “Чаму ў цябе няма рук і ног?” — такім было іх банальнае пытанне. Яны не ведалі, што Нік вельмі хацеў быць такім жа, як усе.
Калі Нік быў падлеткам, яго часта ахопліваў адчай. Ён спрабаваў займацца звычайнымі хлапечымі справамі — плаваць або катацца на скейтбордзе, але заўсёды пераконваўся, што ў свеце існуе шмат таго, што яму проста не па сілах. Ён жа адчуваў сябе звычайным хлапчуком.
“Набліжаўся мой адзінаццаты дзень нараджэння, — згадвае Нік у сваёй кнізе. — У маім жыцці пачаўся складаны пераходны перыяд, калі мозг пачынае працаваць па-іншаму і адбываецца выкід гармонаў. Іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі пачалі ўжо сустракацца, і гэта ўзмацніла адчуванне адчужэння. Ці захоча якая-небудзь дзяўчына сустракацца з хлопцам, які не зможа ні патанцаваць з ёй, ні ўзя ць яе за руку?”
Неяк пасля школы Нік папрасіў маму напоўніць для яго ванну, затым выйсці і зачыніць за сабой дзверы. Затым акунуўся ў ваду… з галавой. У падводнай цішыні напружана замільгалі чорныя думкі: “Калі Бог не можа пазбавіць мяне ад болю і жыццё пазбаўлена сэнсу, калі я ў гэтым свеце толькі для таго, каб быць адрынутым і адзінокім, калі я — цяжар для тых, хто побач, і ў мяне няма іншай будучыні, то я павінен усё гэта скончыць”. Нік перавярнуўся ў вадзе тварам уніз, затрымаў дыханне. Калі паветра ў лёгкіх скончылася, вынырнуў. Нейкая сіла прымусіла яго гэта зрабіць. Але чорныя думкі не адступілі. Ён ведаў, што можа затрымаць дыханне не менш як на 10 секунд. І пачаў адлік. Пакуль лічыў, уявіў, як мама і тата плачуць каля яго магілы. Плача яго сямігадовы брат Аарон. Кожны з іх браў віну за смерць Ніка на сябе, што менавіта яны павінны былі зрабіць для яго нешта большае. Ён не мог вынесці такіх сваіх думак і… вынырнуў, зрабіў глыбокі ўдых. Зразумеў, што хацеў зрабіць непапраўнае як закончаны эгаіст.

***

…Ва ўзросце 21 года Нік Вуйчыч скончыў Універсітэт Грыфіта ў Брысбене, атрымаўшы двайную ступень бакалаўра камерцыі ў галіне бухгалтарскага ўліку і фінансавага планавання. З 1999 года ён выступае ў цэрквах, турмах, школах і дзіцячых прытулках, адкрывае некамерцыйную арганізацыю “Жыццё без канечнасцей”, пачаўшы дабрачынную дзейнасць з мэтай дапамогі інвалідам ва ўсім свеце. У 2005 годзе Нік быў намініраваны на прэмію “Малады аўстраліец года”. У 2009-м ён зняўся ў фільме “Цырк матылькоў”, які расказвае пра чалавека без канечнасцей Уіла і пра яго лёс. Затым выйшлі кнігі Ніка Вуйчыча. У 2010-м — першая, пад назвай “Жыццё без межаў: шлях да надзвычай шчаслівага жыцця”, у 2013-м — “Нястрымны. Неверагодная сіла веры ў дзеянні”, у 2014-м — “Будзь моцным. Ты можаш пераадолець гвалт (і ўсё, што перашкаджае табе жыць)”, у 2015-м — “Любоў без межаў. Шлях да надзвычай моцнай любові”. Юны артыст і пісьменнік аб’ездзіў шмат краін свету. Жыве Нік у ЗША, у Лос-Анджэлесе.
У лютым 2012 года Нік Вуйчыч ажаніўся з вельмі прыгожай дзяўчынай Канаэ Міяхара. У маладой пары нарадзіліся два сыны. Абодва абсалютна здаровыя.
Нягледзячы на фізічныя абмежаванні, Нік Вуйчыч жыве так, нібы іх у яго няма зусім. Ён катаецца на скейтбордзе, займаецца сёрфінгам, музыкай, б’е па мячыку для гольфа, падае, падымаецца. Кожны дзень ён кантактуе з мноствам людзей. Людзі падыходзяць да яго для таго, каб абняць і сказаць, што Нік змяніў іх жыццё.
Прапаноўваем некалькі правіл і ісцін ад Ніка Вуйчыча. Для шчасця чалавеку патрэбна: магутнае адчуванне сэнсу жыцця, пачуццё надзеі, моцнай да непахіснасці, вера ў Бога і ў яго бясконцую ласку, любоў і прыняцце самога сябе, правільнае стаўленне да жыцця, сіла духу, гатоўнасць да перамен, моцнае сэрца, гатоўнасць шукаць магчымасці, здольнасць ацэньваць рызыкі і смяяцца з жыцця, жаданне служыць людзям.

***

Візіт Ніка Вуйчыча ў Мінск (у рамках яго сусветнага турнэ) стане знакавай падзеяй для нашай краіны. Сустрэча з ім адбудзецца на пляцоўцы “Мінск-Арэны” 15 красавіка бягучага года.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.