Сіла мыслення

- 11:45Адукацыйная прастора

Знаёмая настаўніца неяк пахвалілася, што вучань з яе класа стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу па нейрапілатаванні.

— А што гэта? — тут жа вырвалася пытанне.

— Ды я сама толькі нядаўна даведалася: гэта калі чалавек надзявае шлем і мысленна кіруе рухам мадэлі…

“Ух ты!” — падумала я, і тэма для чарговых заняткаў “Дзіцячага ўніверсітэта” была знойдзена.

Хаця на самай справе пачаць трэба з іншага. У 2008 годзе абылася падзея, якую я лічу знакавай для сучаснай дзіцячай літаратуры: выйшла ў свет фантастычная аповесць “Астравіцянка”.

Незнаёмыя з кнігай могуць здзіўлена паціснуць плячамі, маўляў, ну і што, ці мала фантастыкі выдаюць, чаму менавіта на гэтую трэба звяртаць увагу? Але справа ў тым, што яе аўтарам з’яўляецца не пісьменнік, а астрафізік, доктар навук, вучоны, які мае сусветнае прызнанне. Нік Гаркавый аднойчы задумаўся, ці ёсць сёння літаратура для разумных падлеткаў? Тых, каго ў школе нярэдка пагардліва называюць зубрылкамі і батанікамі, але менавіта з іх вырастаюць Білы Гейтсы (калі, канечне, школа іх не зламае).

На жаль, разумнікаў недалюбліваюць не толькі аднакласнікі, але часам і настаўнікі. Аднойчы на семінары спытала, хто хацеў бы працаваць у школе для адораных. І адказ, які прагучаў, мяркуючы па станоўчым гуле, быў неадназначным: “Не, мы хочам вучыць нармальных дзяцей”. Чаму? У нас няма часу на дадатковую падрыхтоўку? Нас напружвае, што мы ведаем значна менш? Нам не падабаецца пастаянна знаходзіцца ў баявой гатоўнасці? Але толькі як у такой сітуацыі быць з праславутым іміджам: “Адораны, ты мяне не бойся, адораны, я цябе не зачаплю. Я ўвогуле цябе не буду заўважаць!”

І пры ўсім маім крытычным стаўленні да алімпіяд прызнаю, што для дзяцей “з асаблівасцямі разумовага развіцця” — гэта практычна адзіная магчымасць паказаць сябе. Інакш застаюцца толькі кнігі.

Нягледзячы на тое, што ў апошні час выпускаецца нямала добрай дзіцячай літаратуры, думка, якая стала дэвізам дзяўчынкі Нікі, выратаванай з астэроіда, — “Самая дасканалая прылада ў свеце — гэта мае мазгі” — у разнастайных прыгодніцкіх сюжэтах нават не праскаквае.

А далей вельмі хочацца працытаваць аўтара, які ўклаў сваю пазіцыю ў словы аднаго з педагогаў месячнага каледжа Эйнштэйна: “У школах ёсць прадмет “Фізічная культура”, але няма прадмета “Інтэлектуальная культура”. Мора інструкцый па доглядзе скуры і па накачванні мышцаў, а па накачванні мазгоў ці па доглядзе звілін? Вакол цела створаны цэлыя індустрыі: мода, спорт, адзенне, касметыка, дыеты, уся медыцына пастаўлена яму на службу. А што робіцца для інтэлекту? Можна сказаць, што мозг і яго дзейнасць — рэч непрыметная, але, калі вы выбіраеце камп’ютар, наўрад ці вас цікавіць малюнак на корпусе. І хаця інтэлектуалаў была заўсёды меншасць, менавіта гэтая меншасць паставіла малпу на ногі і вывела людзей з пячор…”

Каштоўнасць кнігі ў тым, што гэтыя ідэі не проста дэкларуюцца, а пастаянна дэманструюцца, а сама касмічная Маўглі да канца захапляючага апавядання становіцца адной з самых уплывовых людзей планеты, якой удалося істотна пераўтварыць свет… А што да фантастыкі, то Гаркавый у сваіх інтэрв’ю адзначае, што ўсе навуковыя факты з’яўляюцца цалкам праўдзівымі, будучыня ўжо тут, проста мы пра яе яшчэ мала ведаем.

Але ж тыя змены, якія мы бачым на кожным кроку і да якіх паспелі ўжо прывыкнуць, з’явіліся за нейкіх 15—20 апошніх гадоў. У нашым дзяцінстве іх не толькі не існавала, але нават і ўявіць было нельга ні мабільніка, ні інтэрнэту. Органы, вырашчаныя ў прабірцы, або дэталі, надрукаваныя на 3D-прынтары, алімпійскія гульні для андроідаў, праведзеныя ў Кітаі ў 2010 годзе па 24 дысцыплінах, або аўтаматызаваныя прадпрыемствы, дзе не ступала нага чалавека. Google штодзень апрацоўвае 3 мільярды (!) пошукавых запытаў, а сучасны масквіч, спускаючыся з эскалатара, бачыць людзей больш, чым гарадскі жыхар XIX стагоддзя за ўсё жыццё.

Але нашым дзецям няма з чым параўноўваць, яны адразу нараджаюцца ў новым свеце, у іх няма ні часу, ні жадання настальгіраваць, і ў сучаснай рэальнасці яны ў адрозненне ад нас як рыба ў вадзе.

А школа становіцца перад выбарам: або прызнаць ісціну, якая прынята ледзь не на дзяржаўным узроўні ў многіх індустрыяльных краінах (“неразумна вучыць ведам, якія лёгка ўмясціць на 5-доларавым чыпе”) і, адпаведна, змяніць падыходы да зместу і вынікаў адукацыі, або арганізаваць паўстанне лудытаў, але ўжо супраць камп’ютараў. (Аднойчы дзіця, вярнуўшыся са школы, сказала, што ім зададзена напісаць рэферат ад рукі, бо настаўнік растлумачыў: “Так хаця б прачытаюць”.)

Але нават калі заўтра будзе прынята рашэнне, што і наша школа павінна стаць па-сапраўднаму іншай, на гэтае абнаўленне спатрэбяцца гады. Але вучняў нельга закансерваваць і ўгаварыць не расці, пакуль мы не ўкарэнім сучасныя падыходы. Трэба шукаць іншыя варыянты, напрыклад, арганізоўваць дзіцячыя ўніверсітэты.

Ужо амаль тры гады ў пачатковай школе № 63 Гомеля адзін раз у чвэрць праводзяцца заняткі для цікаўных па астраноміі, заалогіі, хіміі, гісторыі, геаграфіі, фізіцы і інш. А ў якасці выкладчыкаў у дзяцей пабывалі розныя педагогі — ад студэнтаў да кандыдатаў навук, якіх аб’ядноўвала адна, дакладней, дзве, асноўныя якасці: высокі прафесійны ўзровень (захапіць можна, толькі калі займаешся любімай справай) і разуменне таго, што выхаванне разумных дзяцей — гэта не чарговая мода, а самая сапраўдная неабходнасць. Якія б бліскучыя здольнасці ні заклала прырода, якой бы дасканалай ні была прылада пад назвай “мазгі”, але без пастаянных трэніровак яна паступова ржавее і рассыпаецца ў пыл… І тую натуральную цікаўнасць, якая ляжыць у аснове любога, нават самага сур’ёзнага, адкрыцця, так лёгка пагасіць у першых класах і так цяжка (а часам немагчыма) адрадзіць пазней.

А лекцыя пад назвай “Гэтая цудоўная робататэхніка” пачалася незвычайна — з віншаванняў. Літаральна за дзень да нашага выступлення пяцікласніца Ксенія прывезла з Мінска залаты медаль. А яшчэ на гэты раз у нас быў не адзін “прафесар”, а цэлых пяць: Наталля Мікалаеўна і яе вучні. Менавіта яны расказвалі і паказвалі сваіх робатаў, прычым збіраючы іх тут жа на вачах у нашых студэнтаў. Больш за тое, нягледзячы на педагагічную адукацыю, атрыманую даволі даўно, у школе Наталля Мікалаеўна працавала зусім нямнога, а потым была проста мамай двух хлопчыкаў, якія, як і многія сучасныя дзеці, любілі гуляць з канструктарамі LEGO. Але сёння іншымі сталі не толькі нашы дзеці, але і іх цацкі. Цацкі новага пакалення дазваляюць асвоіць фізіку і праграмаванне, дзіця можа ў свой выраб удыхнуць жыццё ў літаральным сэнсе слова, калі створаная мадэль пачынае рухацца, падпарадкоўваючыся тваім камандам. Гэта значыць, гульня застаецца гульнёй, але пры гэтым яна валодае вельмі магутным развіццёвым патэнцыялам. Так сыны заразілі маму, а маме захацелася захапіць і іншых дзяцей — і з’явіўся клуб “Аксіёма”.

Спачатку дзеці вучацца збіраць простыя механізмы, асвойваючы паняцці “рычаг” і “зубчастая перадача”, потым даходзіць справа да робатаў, якія ходзяць і ездзяць, страляюць і прыбіраюць (дарэчы, менавіта робат “Гаспадынька” прынёс перамогу Ксюшы). А таксама нам расказалі пра робатаў-музыкантаў, якія могуць не проста рабіць гукі, а ствараюць розныя мелодыі. Хаця зразумела, што гэта робіць не сам робат, а праграма, якая ў яго закладзена. І ўжо на другім годзе навучання такія праграмы вучні пачынаюць ствараць самастойна. Пры гэтым навыкі праграмавання асвойваюца не шляхам напісання доўгіх і сумных сімвалаў, а праз стварэнне анімацый. Нам паказалі мультфільм “Свінка Пепа на экскурсіі ў Парку высокіх тэхналогій”, зроблены чацвёртакласнікам Ігарам за адзін месяц. А яшчэ, як аказалася, ствараць з дапамогай праграмы розныя гульні значна цікавей, чым у іх гуляць!

Усё гэта было вельмі наглядна і відовішчна, да таго ж нам расказвалі і пра дасягненні “дарослай” робататэхнікі: робатаў-памочнікаў, якія могуць нават выгуляць свойскіх жывёл або падтрымаць гутарку са старымі; робатаў-ратавальнікаў, якія не баяцца ні агню, ні радыяцыі. Існуюць робаты, якія ўмеюць выконваць хірургічныя аперацыі або вучыць дзяцей, пры гэтым яны не стамляюцца і ніколі не раздражняюцца. І гэта таксама ўжо рэальнасць, з якой трэба лічыцца. Памятаеце песню з кінафільма пра Электроніка: “До чего дошел прогресс, до невиданных чудес, опустился на глубины и поднялся до небес…” Такія цуды і мы змаглі ўбачыць.

Але больш за ўсё ўразілі на занятках, ва ўсякім выпадку мяне, прызапашаныя на канец нейрашлемы, з дапамогай якіх, то засяроджваючыся, то расслабляючыся, дзеці прадэманстравалі кіраванне лятальным апаратам. Пра самалёты-беспілотнікі, напэўна, усе чулі, а мы змаглі ўбачыць ужывую! Прычым кіравалі імі не якія-небудзь суперталенты, а такія ж равеснікі, якія спачатку захацелі, а потым і навучыліся. І, гледзячы на захопленыя твары дзяцей, я паверыла інфармацыі, якую нядаўна пачула па радыё, што, маўляў, наступнае пакаленне ўжо нават і не будзе ведаць такой прафесіі, як вадзіцель. Толькі на самай справе прафесій, якія адміраюць, будзе значна больш, чым мы можам сабе сёння ўявіць, зрэшты, як і спрагназаваць новыя спецыяльнасці. (Вось-вось! І як жа ў такіх умовах займацца прафарыентацыяй?) І зноў з “Электроніка”: “До чего дошел прогресс: труд физический исчез, да и умственный заменит механический процесс!” І далей — тая праблема, якая вельмі хутка паўстане перад намі, але ўжо зараз, бачачы толькі парасткі, настаўнікі і бацькі ў паніцы: чым заняць дзяцей? Колькасць вольнага часу, прычым не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых, імкліва павялічваецца (“Позабыты хлопоты, остановлен бег”). Пры гэтым яго якасць не дазваляе скончыць песню на аптымістычнай ноце: “Вкалывают роботы, счастлив человек!” Каб мысленне стала сілай, абавязкова трэба прыкладаць намаганні. Немагчыма — ды і няправільна ўвесь час толькі адпачываць і забаўляцца. Менавіта мы з вамі, настаўнікі, проста абавязаны, па-першае, дапамагчы адчуць нашым вучням тую радасць адкрыцця чагосьці новага, той ап’яняльны стан “Эўрыка!”, калі пасля шматлікіх няўдач нарэшце ўзнікае разуменне і азарэнне. А па-другое, растлумачыць, што толькі такі шлях — адзіна правільны, каб належна адбыцца як госцю з будучыні. Што можа быць больш цудоўным, чым чалавек, які думае?

Апошняя кніга трылогіі пра астравіцянку заканчваецца так: “На развітанне адна парада, адно пажаданне і адзін напамін.

Стаўце сабе вялікія задачы — нават калі рэалізуецца малая частка смела задуманага, гэта значна лепш, чым не марыць і таму не прайграваць.

Калі ласка, будзьце шчаслівымі.

І не забудзьце, што вам яшчэ трэба выратаваць гэты свет”.

Гэтыя словы аўтар адрасуе сваім чытачам-падлеткам. Такія парады і напаміны нашы вучні павінны чуць і ад нас. Свет мяняецца не сам па сабе, яго мяняюць (або не мяняюць) нашы дзеці. Прычым не раптам, а калі хочуць і ўмеюць гэта рабіць. Калі яны таксама навучыліся выкарыстоўваць сілу мыслення. Вы з гэтым згодны? Тады чаму вы яшчэ тут?!

Святлана ГІН.