Сіла слова

- 19:56Авторские колонки, Мнение

Наталля КАСТЭНКА

 

 

 

 

 

 

Сёння журналісты “Настаўніцкай газеты”, як і ўсе іх беларускія калегі, святкуюць прафесійнае свята — Дзень друку. Гэта добрая нагода для нас не толькі прымаць віншаванні, але і адзначыць свае галоўныя прафесійныя дасягненні.

А іх, дасягненняў, шмат. Самае галоўнае з іх у тым,  што калектыў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, куды ўваходзіць наша “Настаўніцкая”, у цяперашні няпросты фінансава-эканамічны час змог не толькі захаваць, але і прымножыць падпіску на галоўнае педагагічнае выданне краіны. Для нас гэта сведчанне вашай шчырай падтрымкі, шаноўныя калегі-настаўнікі. Мы робім газету для вас і разам з вамі. “Настаўніцкая газета” ганарыцца сваім шматлікім штатам пазаштатных аўтараў — выдатных педагогаў з усіх куткоў Беларусі. Таму сённяшні дзень — і ваша прафесійнае свята таксама, паважаныя аўтары.

У чым сіла друкаванага слова? Не буду пісаць пра журналістыку як “чацвёртую ўладу”, бо прывыкла ставіцца да слова ашчадна. Сіла слова ў тым, што ў любых сацыяльна-палітычных умовах, у любыя часы і абставіны яно здольна дапамагаць людзям. Я працую ў “Настаўніцкай газеце” 25-ы год. І ў сваёй прафесійнай дзейнасці неаднаразова сутыкалася з тым, як балюча можна ўдарыць словам і як ад шчырага, сардэчнага слова ў чалавека быццам разгортваюцца крылы за спінай. Слова можа даць старт свежым ідэям і пака­заць, колькі гарызонтаў у чалавека яшчэ наперадзе.

Наша з вамі “Настаўніцкая” — равесніца Вялікай Перамогі. У снежні 1945 года яна пачала друкавацца для настаўнікаў-франтавікоў, каб даць сваім словам падтрымку і метадычную дапамогу. Людзі, якія вызвалялі краіну ад ворага, прыйшлі ў школьныя класы вучыць дзяцей. І “Настаўніцкая газета” была разам з імі. У тым далёкім снежні разам з навінамі для педагогаў, метадычнымі матэрыяламі газета друкавала звесткі з пасляваеннага жыцця савецкіх людзей, цяжкія для ўспрымання матэрыялы Нюрнбергскага працэсу… Дасягненне “Настаўніцкай” — быць разам з настаўнікамі, ва ўсе часы. Так было, ёсць і будзе.

Адзначу яшчэ адно дасягненне. Я цвёрда ўпэўнена, што галоўны капітал нашай рэдакцыі — гэта лю­дзі. Гэта мае выдатныя, любімыя і самыя лепшыя калегі. Мы адна каманда, згуртаваная і мэтанакіраваная, маладая і крэатыўная. Я вучылася ў лепшых журналістаў “Настаўніцкай газеты”, і для мяне гонар называць імёны Святланы Кірсанавай, Ірыны Кулікоўскіх, Таццяны Захарынай і многіх іншых. 

Так атрымалася, што ў “Настаўніцкай газеце” я шмат працую з пачынаючымі журналістамі, студэнтамі-практыкантамі факультэта журналістыкі БДУ. Бачу, як год ад году якасна мяняецца падрыхтоўка спецыялістаў, якія працуюць са словам. Як многа ініцыятыў у юных журналістаў, якія яны смелыя і ў той жа час адказныя. Прызнаюся, што сама вучуся ў студэнтаў многім прафесійным фішкам, якія яны, маладыя, дэманструюць падчас практыкі ў рэдакцыі. Я, дарэчы, пачала працаваць у “Настаўніцкай” яшчэ студэнткай 5 курса факультэта журналістыкі БДУ, сюды ж была размеркавана на першае рабочае месца. І я да гэтай пары бясконца люблю сваю прафесію.

У Дзень друку хочацца асабліва падкрэсліць сілу друкаванага слова. У тым ліку сілу галіновага выдання. 

На маю думку, гэтая сіла ў тым, каб даваць голас кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу і хто хоча гаварыць. Хоча дзяліцца сваімі напрацоўкамі. Выказвае сумненні. Мае нестандартны падыход да дзяцей. Хто хоча і можа сказаць штосьці важнае людзям, краіне і ўсяму свету.

Са святам, сябры!