Сіла ў дабрыні

- 15:32Сацыяльны ракурс

Мы ўсе, як правіла, вельмі занятыя людзі. Нават школьнікі, нават тыя, у каго няма маленькіх дзяцей і вялікай сям’і. Спяшаемся, нервуемся, не паспяваем… А што зробіш? Сучаснае жыццё імклівае, мітуслівае. Куды ўжо тут, здаецца, да чужых спраў і праблем, са сваімі б паспець разабрацца. І ўсё ж знаходзяцца ў наш прагматычны і складаны час людзі, якія маюць і сілы, і жаданне для дапамогі іншым. Не па службовых абавязках — па поклічы сэрца.

Сярод такіх людзей, напрыклад, першая ў гісторыі краіны “Місіс Беларусь” Юлія Перагудава з Гомеля, пра якую не так даўно пісала “Настаўніцкая газета”. Як і два сябры Аляксандр Карпанаў і Станіслаў Белахвостаў — студэнты БДУ, якія вырашылі, што сучаснай моладзі для паспяховай рэалізацыі сябе ў жыцці не хапае фінансавых ведаў, і самастойна праводзяць заняткі са школьнікамі на гэтую тэму. Пра іх таксама пісала наша выданне.
А яшчэ больш сярод дабрачынцаў і валанцёраў людзей, пра якіх ніхто не піша і, магчыма, ніколі не напіша, бо мы, журналісты, проста не паспяваем расказаць пра кожнага. Сапраўдныя валанцёры і людзі, якія ахвяруць сродкі на дапамогу тым, каму яна патрэбна, славы і журналісцкай увагі не чакаюць. Але пра іх, з майго журналісцкага, ды і проста чалавечага пункту гледжання, расказваць неабходна як мага больш, бо дабрыня мае ўласцівасць распаўсюджвацца і пашыраць свой уплыў у грамадстве. Як гаварыў Леў Талстой: “Каб паверыць у дабро, трэба пачаць рабіць яго”. А для такога пачатку вельмі дарэчы будуць добрыя прыклады.

Для каго рабіць і дзеля чаго рабіць дабро — пытанне іншае, але, здаецца, не вельмі складанае. Дапамагаць неабходна тым, каму ў гэтым жыцці не вельмі пашанцавала. Напрыклад, дзецям-сіротам. Зусім хутка, 15 красавіка, у Мінску пройдзе штогадовы вясенні дабрачынны баль у падтрымку дзяцей-сірот, выхаванцаў SOS — дзіцячых вёсак. Усе сабраныя сродкі пойдуць на адукацыю і развіццё, пакрыццё медыцынскіх выдаткаў, рэабілітацыю малых з гэтых вёсак.

Падчас вечарыны ў атэле “Рэнесанс Мінск” госці ўбачаць выступленне салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, артыстаў цырка, іншых артыстаў, у тым ліку маленькіх — выхаванцаў тых самых беларускіх SOS-вёсак. Пройдзе і дабрачынны аўкцыён, лоты для якога прадаставяць вядомы мастак Раман Заслонаў і іншыя творцы. Як падкрэсліваюць арганізатары, сродкі, атрыманыя на балі, у поўным аб’ёме будуць перададзены вёскам на карысць 252 дзяцей-сірот і падлеткаў і больш чым 1500 дзяцей, якім неабходна падтрымка. Чым не цудоўны прыклад? Чаму б яго не падтрымаць?

Зразумела, што дабрачыннасць — гэта не толькі грашовая дапамога, тым больш што не кожны ў стане яе аказаць, як скажам, навучэнцы і студэнты, якія пакуль не маюць уласных сродкаў. Затое яны могуць зрабіць шмат іншага. Згаданая ўжо гамяльчанка Юлія Перагудава гаворыць: “Можна дапамагчы справамі, ідэямі, узяць на сябе арганізацыйныя моманты”. Юлія разам з мужам і іншымі добраахвотнікамі ўжо не першы год дапамагае дзецям-сіротам.

Падтрымка — як матэрыяльная, так і іншая — неабходна і хворым дзецям, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так, жадаючых запрашае да супрацоўніцтва Беларускі дзіцячы хоспіс. На заклік адгукнуліся, напрыклад, навучэнцы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. “У хоспісе мы працавалі не толькі як будучыя медыкі, — гаворыць Надзея Халюкова, адна з навучэнак каледжа. — Нядаўна мы дапамаглі адной дабрачыннай арганізацыі наладзіць для бацькоў хворых дзяцей канцэрт, каб яны маглі адпачыць, правесці час разам, бо такія мамы і таты не маюць магчымасці выйсці кудысьці разам, заўсёды хтосьці з бацькоў застаецца з дзіцем. Цяпер рыхтуемся да свята для малых з хоспіса, прымеркаванага да Дня абароны дзяцей”.

А яшчэ, паразважаўшы, Надзея спрабуе адказаць на маё пытанне, навошта гэта ёй, дзеля чаго яна ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях, прычым у такім невясёлым месцы, як хоспіс. І адказ, на мой погляд, у яе атрымліваецца вельмі абгрунтаваным, гэта адказ самастойнага дарослага чалавека: “Мне падабаюцца вочы дзяцей, калі мы да іх прыхо-дзім. Бачна, што яны зноў пачынаюць жыць. Ім ад нас не патрэбны ні цукеркі, ні цацкі, для іх важныя зносіны з валанцёрамі, з людзьмі, якія не баяцца іх хваробы. Многія баяцца такіх дзяцей, не ведаюць, як з імі размаўляць, баяцца расплакацца. А я лічу, што гэта эгаізм. Гэта такія ж дзеці, як і іншыя, і колькі б ім ні засталося, мы павінны дапамагчы ім жыць па магчымасці нармальна, каб іх жыццё было такім, як і наша”.

Надзя Халюкова — адна з больш чым 200 членаў валанцёрскага атрада БДМК “Прамень шчасця”. Яго члены, такія як Юлія Віннік, Насця Жыдок, Анжаліка Новікава, Аліна Цімашкова, Каця Панкевіч, дапамагаюць дзецям-сіротам, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, проста малым, якія праходзяць лячэнне ў бальніцах, ветэранам, адзінокім пажылым людзям Кастрычніцкага раёна Мінска. Кожны выбірае справу па душы на самым пачатку навучання, калі запаўняе карту інтарэсаў. Аліна, напрыклад, летам вырашыла папрацаваць у лагеры дзіцячага хоспіса, а зараз дапамагае сем’ям хворых дзяцей.

Самае цікавае, лічу, гэта тое, што вельмі многія навучэнцы каледжа, якія выбіраюць валанцёрскі атрад, сталі валанцёрамі яшчэ ў школе, перш за ўсё з падачы сваіх настаўнікаў. Так, Анжаліка Новікава, якая скончыла сталічную гімназію № 10, гаворыць, што ў яе навучальнай установе дзейнічала нямала валанцёрскіх атрадаў, у тым ліку па дапамозе дзецям-сіротам і дзецям-інвалідам. Дзяўчына дагэтуль дапамагае сям’і, у якой дзяўчынка хварэе на ДЦП. Дапамагаць гэтым людзям, размаўляючы, гуляючы з дзяўчынкай-падлеткам, Анжаліка пачала, калі яшчэ вучылася ў гімназіі. Для яе такая дапамога стала часткай жыцця.

Зараз у валанцёрскім атрадзе каледжа пачалі міні-праект “Дарыць радасць і цяпло людзям”, накіраваны на сацыяльную адаптацыю дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і іх інтэграцыю ў супольнасць здаровых дзяцей, дапамогу іх бацькам, псіхолага-педагагічную і санітарна-гігіенічную асвету сем’яў, а таксама на папулярызацыю валанцёрскай дзейнасці на тэрыторыі раёна. Пад апекай 20 членаў атрада “Прамень шчасця” знаходзяцца 20 сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з АПФР. Валанцёры пры гэтым абавязкова праходзяць псіхалагічную падрыхтоўку, перш чым ісці ў сем’і. Працуе з навучэнцамі педагог-псіхолаг Святлана Анатольеўна Навіцкая. “Як бы пафасна гэта ні гучала, — кажа яна, — прафесія медыка — адна з самых гуманных у свеце, таму патрэба ў альтруізме ўласціва многім нашым навучэнцам, і мы іх усяляк падтрымліваем”.

З ёй згодзен і культуролаг БДМК Сяргей Часлававіч Апановіч, які летам, як і ў мінулым годзе, збіраецца арганізаваць для лідараў валанцёрскага атрада навучанне ў “Школе маладзёжнага лідара”, дзе, дарэчы, вучацца і многія валанцёры — будучыя педагогі. Усё для таго, каб арганізоўваць дабрачынныя справы больш прафесійна, маштабна і эфектыўна.

“Нашы навучэнцы сапраўды вельмі чулыя, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Марына Святаславаўна Ямаліева. — У любой групе, а іх 54, абавязкова знаходзіцца некалькі чалавек, гатовых удзельнічаць у дабрачынным руху. А ёсць група, якая ў поўным складзе выбрала шлях валанцёрства. Зараз ёсць шмат спагадлівых дзяўчат і хлопцаў. Мне нядаўна тэлефанавалі валанцёры, якія працавалі ў школе № 62, вучылі дзяцей аказваць першую медыцынскую дапамогу. Бяру трубку, а там: “Дзякуй вам вялікі. Нам усё так падабаецца, мы хочам яшчэ папрацаваць!”

Вось так педагог, якая, дарэчы, раней выкладала беларускую мову і літаратуру ў школе, ацэньвае гатоўнасць сучаснай моладзі рабіць дабро, прычым бяcплатна. Упэўнена, што яе могуць падтрымаць многія педагогі ў школах, ліцэях, кледжах, УВА. Галоўнае — паказаць хлопцам і дзяўчатам гэты шлях дабрыні, заахвоціць, навучыць не толькі браць, але і аддаваць, — карацей, сеяць разумнае, добрае, вечнае. Гэта работа такая, гэта такое жыццё.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва БДМК.